Алесь Кіркевіч малюе на budzma.by нярадасныя абрысы будучыні, у якой нам усім давядзецца жыць ужо зусім хутка
У 1990-я, на досвітку эпохі Лукашэнкі, постсавецкія ідэолагі рэгулярна біліся ў сутаргах: маўляў, пасля распаду СССР свет перастаў быць шматпалярным, а стаў аднапалярным — усім «руляць» ЗША.
Іхныя заходнія калегі бачылі тую ж праблему ў іншым ключы. Як пісаў Фрэнсіс Фукуяма, надышоў «канец гісторыі». Маўляў, з перамогай рынку і дэмакратыі гісторыя скончаная, і хутка ўсё стане больш-менш аднолькавым па ўсім свеце.
Што бачым сёння? Ні тыя, ні іншыя не мелі рацыі. Свет часоў «халоднай вайны» быў якім заўгодна, але не шматпалярным. Бо быў біпалярным — у святле супрацьстаяння СССР і ЗША. Рэшта гульцоў мелі выбіраць свой бок ды існаваць у гэтай парадыгме.
Толькі цяпер свет можна назваць шматпалярным. Бо ёсць ЗША, Еўрасаюз, Кітай, Расія, ісламскі свет і мноства лакальных саюзаў. Узяць хаця б кейс Карабаху. Вялікабрытанія падтрымала Азербайджан, Францыя — Арменію. Хоць абедзве краіны ёсць сябрамі НАТА і тэарэтычна мелі б займаць адну пазіцыю.
Мараль пра мір не працуе: ніхто не хоча быць падманутым
Стаўшы сапраўды шматпалярным, свет не стаў бяспечнейшым. Хутчэй наадварот. Узяць хаця б тэму кантролю над ядзернай зброяй.
Кожны замарожаны канфлікт на Блізкім Усходзе ці ў Азіі можа перарасці не проста ў гарачую фазу, а ў ядзерную вайну. Ёсць Пакістан і Індыя, Іран і Ізраіль, Паўночная Карэя і г.д. Тыя, у каго ёсць ядзерная зброя (або амаль ёсць), зазвычай гатовыя яе выкарыстаць — хай сабе і ў скрайнім выпадку.
Тыя, хто ядзернай зброі не мае, але меў у мінулым, усё часцей кусаюць локці. Як Украіна пасля гісторыі з Крымам і Данбасам. Маўляў, была б зброя — нічога такога не сталася б. А Будапешцкія дамоўленасці, паводле якіх за дзяржаву мусілі ўступіцца і абараніць іншыя гульцы, не працуюць.
То бок скарачэнне ўзбраенняў ужо ўспрымаецца не як прыкмета добрага тону, а як падман. Хто ж хоча быць падманутым? Зброя і сіла руляць. Мараль пра мір і добрасуседства ўспрымаецца як чарговы «траянскі конь».
Каранавірус, пангаліны, «кітаізацыя»
Шмат пісалі, што Кітай пасля гісторыі з каранавірусам страціў свае пазіцыі. Нейкая зараза, народжаная сярод клетак з пангалінамі ды кажанамі, маўляў, паставіла на калені Паднябесную... А ёсць іншае меркаванне: вірус дапамагае Кітаю. Як? Кітайскія прадпрыемствы ўпалі ў кошце. Шмат якія з іх належалі заходнім інвестарам, якія паспяшаліся іх прадаць, а купілі... самі кітайцы. Кітайскае стала кітайскім. Прычым вельмі танна.
Лішне казаць, што каранавірус — важная цаглінка для ўмацавання кітайскага таталітарызму, які і без таго нагадвае рэаліі Оруэла. З усюдыіснай сеткай відэаназірання, з КПП паміж раёнамі, з уціскам нацыянальных традыцыяў, кейсам Тыбета і Сінцзяна. Урэшце, з сістэмай сацыяльнага рэйтынгу: калі ўсе твае «пазітыўныя» і «негатыўныя» гісторыі складаюцца ў рэйтынг, што адбіваецца ў ІД.
Цікава, што комплекс часам даволі жорсткіх абмежаванняў падчас гісторыі з COVID-19 быў прыняты і ў Еўропе. Скаланулася галоўная каштоўнасць заходняй цывілізацыі — свабода. Права на перасоўванне і, урэшце, права на смерць. Так ці інакш, пасля 2020-га перспектыва «дэмакратызацыі» свету робіцца ўсё больш хімернай, а вось «кітаізацыі»... чаму б і не?
Старажытны Кітай — як Еўропа, адно што без перагародак
Можна запярэчыць, маўляў, Кітай — этнічны праект, як іўдаізм — нацыянальная рэлігія. Кітайцаў цікавіць сам Кітай і гандаль з усім светам. А свет «кітаізаваць» немагчыма, калі, вядома, не засяліць усё кітайцамі. І тут варта прабегчыся па гісторыі Паднябеснай.
Мы ўспрымаем Кітай як маналіт, але тысячы паўтары гадоў таму гэта было нешта накшталт Еўропы. Розныя этнасы, культуры, тыпы гаспадаркі. Кітай, у адрозненне ад Еўропы, не падзелены горамі, марамі і бухтамі, таму лягчэй было усё ператварыць у адно. Станаўленне Кітая як адзінай нацыі ішло стагоддзямі. Яно працягваецца і цяпер: партыя дарабляе недаробленае ў часы імперыі.
Прыкладна палова тэрыторыі Кітая спрадвеку не была кітайскай. Узяць хаця б Маньчжурыю ці Унутраную Манголію. За той жа Сіньцзян (Уйгурская аўтаномная акруга) кітайцы ваявалі стагоддзямі. Але і сёння працэс асіміляцыі працягваецца — жалезам і крывёю. Некалі уйгуры мелі сваю дзяржаву, але вяртаць ім яе ніхто не збіраецца. Бо для Кітая Сіньцзян — вароты ў Азію, стратэгічны кірунак.
Тыбет, Шамбала і 150-мільённы Бангладэш
А яшчэ ёсць суперстаражытны Тыбет, які ніколі не быў кітайскім. У звязку з Тыбетам найчасцей кажуць пра сімвалічнае і турыстычнае значэнне. Нашто ён Кітаю? Праз Шамбалу? Кітайцы — прагматыкі. Ведаюць, што ў ХХІ стагоддзі стратэгічным рэсурсам будзе не столькі нафта, колькі пітная вада. А Тыбет — гэта пачатак самых важных рэк Азіі: Інд, Ганг, Брахмапутра, Мікон, Янцзы, Хуанхэ і яшчэ з дзясятак.
Тыбет забяспечвае пітной вадой ці не палову (!) насельніцтва Зямлі. Хто трымае Тыбет — кантралюе Азію. А цяпер сачыце за рукамі. Ёсць невялічкая па тэрыторыі Бангладэш з насельніцтвам як у Расіі — 150 мільёнаў. Усе яго жыхары цалкам залежаць ад Гангу. Кітай аб’явіў нядаўна аб праграме будаўніцтва ў Тыбеце водных электрастанцый. Значыць, недзе будзе шмат вады, а недзе — столькі, колькі прапусцяць праз засаўку.
Як Нёман у Гродне, які пасля будаўніцтва ГЭС улетку пераўтвараецца ў плыткі ручай. Адно што дэльта Гангу — не дэльта Нёмана. Калі яна апусцее, туды зойдзе салёная марская вада, залье ўсе сістэмы ірыгацыі. Эканоміка Бангладэш і так не дужа крутая, а такі паварот стане катастрофай з мільёнамі ахвяраў і бежанцаў... Гэта ўсяго адзін прыклад рычажка, які знаходзіцца пад рукой у кітайцаў.
Што агульнага ў КНДР з «цэнтрам вывучэння дэльфінаў»
Дзесяцігоддзямі Кітай займаўся гандлем і дыпламатыяй, але апошнія 10 гадоў Паднябесная актыўна вядзе ваенную палітыку. Узбройваецца і пашырае свае зоны ўплыву. Гэта і вайсковыя базы на Парасельскіх выспах, і паступовы захоп Паўднёва-Кітайскайга мора. Ствараецца, скажам, на выспах Спратлі чарговы кітайскі «цэнтр вывучэння дэльфінаў», а насамрэч — база, напханая ракетамі і сістэмамі СПА.
Пару гадоў таму кітайцы купілі кавалак зямлі ў Джыбуці — гэта Афрыканскі рог, які кантралюе ўваход у Чырвонае мора. Джыбуці — цікавая краіна, бо фактычна гандлюе сваімі тэрыторыямі пад вайсковыя базы — амерыканскія, французскія і г.д. Кітайцы таксама купілі і разбудаваліся. Фармальна там цэнтр падтрымкі гандлёвых судоў, рэальна... самі разумееце.
Усё гэта не спантанныя рухі і набыткі ад няма куды падзець грошы. Гэта пазлы далеёкасяжнай палітыкі. У той жа Афрыцы Кітай проста «купляе» цэлыя краіны. Праз пазыкі ды інвестыцыі можна ўзяць пад кантроль дзяржавы са складанай крэдытнай гісторыяй: Кенія, Эрытрэя, Эфіопія... Нават такія, якія і дзяржавамі назваць складана, кшталту Самалілэнда.
Паўночная Карэя і яе падтрымка Кітаем — асобная гісторыя. Мудры крок: трымаць на ланцугу дзяржаву-«страшылку» з ядзернай зброяй, а самім знаходзіцца нібыта ўбаку. Калі прагматычна, то КНДР — гэта такі самы «цэнтр па вывучэнні дэльфінаў», што і на архіпелагу Спратлі. Такая ж кітайская вайсковая база, толькі іншага маштабу і значэння.
З Індыяй таксама цікава. Гадоў 20 таму яе бачылі сярод «азіяцкіх тыграў», а цяпер... дзе тая Індыя? Нават Індыйскі акіян індусы кантраляваць не ў стане. Бо ўвесь час разрываюцца паміж сухапутнай і марской гісторыямі. А пра сухапутны кірунак індусам не даюць забыцца пакістанцы, якія — цалкам выпадкова — маюць добрыя стасункі з Кітаем.
ЗША: вайна з усімі і нікім, а пасля — з сабою
Пяройдзем да ЗША. Для Штатаў ХХІ стагоддзе пачалося ў 2001-м з падзення вежаў-блізнятаў — трагічнай, незразумелай і бязлітаснай гісторыі. Калі памятаеце, той тэракт нарадзіў адразу безліч канспіралагічных тэорыяў. Чаму? Бо з гэтага пачалася глабальная змена знешняй палітыкі ЗША. Пыл узарваных хмарачосаў, імаверна, будзе асядаць яшчэ дзесяцігоддзі.
Успомніце 1990-я. ЗША перамаглі, але нават не дабілі Хусэйна падчас «Буры ў пустыні», а далей займаліся эканомікай, грашыма, уплывам на свет праз фонды «дзядзечкі Сораса». А вось пасля 2001-га, замест таго каб займацца Расіяй ці тым жа Кітаем, ЗША аб’явіла крыжовы паход супраць ісламскага фундаменталізму, шырэй — усяго ісламскага свету. Найбольш магутная дзяржава свету аб’явіла вайну ўсім і нікому.
Тая вайна ператварылася ў нешта ірацыянальнае, асабліва калі ўлічыць, што танк «Абрамс» каштуе пару мільёнаў даляраў, а ўстаноўка, з якой афганцы маглі яго знішчыць, — пару сотняў... Нават у плане ўзбраенняў амерыканская армія моцна змянілася: было створана шмат крутых БМП, на якіх можна паляваць на вахабітаў у пустыні, а вось той жа «Абрамс» з 80-х асабліва не змяніўся. Ці зможа такая армія вытрымаць вайну з сапраўды моцным сапернікам? Загадка.
Бурлівы 2020-ы з BLM-бунтамі пачаў для амерыканцаў ХХІ стагоддзе яшчэ раз. Аказалася, што «канец гісторыі» не збіраецца надыходзіць не толькі ва ўсім свеце — ён не надышоў нават у ЗША. У выніку Штаты, якія 20 гадоў таму ваявалі з усімі і нікім у пустыні, цяпер ваююць з самімі сабой.
Барацьба старой і новай сістэмы: Беларусь у трэндзе!
Што ў выніку? Перад сабой мы маем свет, які імкліва бяднее і ў якім павялічваецца насельніцтва, але рэсурсаў робіцца ўсё меней (у 2020-м з голадам сутыкнулася 100 млн чалавек, у 2021-м гэта будзе ўжо 270 млн).
Свет, у якім ёсць «залаты мільярд», які ўсё яшчэ трымае свае пазіцыі, але незразумела, ці надоўга.
Свет, у якім няма адной універсальнай ідэалогіі, якая б «скончыла гісторыю», а ёсць вілка паміж кітайскім «аруэліянствам» і амерыканскай дэмакратыяй, якая, падобна, стала загадкай і для саміх амерыканцаў.
Пра экалогію памаўчым — гэта асобная тэма.
Кітай і ЗША неяк з усяго гэтага выруляць. А што з намі?
Беларусь і Расія, чарговы раз у сваёй гісторыі аказаліся ў адной лодцы. З выміраннем насельніцтва, бесперспектыўнымі сістэмамі кіравання, неадэкватным кіраўніцтвам: там майткі Навальнаму змазваюць, тут — самі бачыце...
А яшчэ ў 2020-м па ўсім свеце абвастрылася барацьба ўмоўна старой і новай сістэм, дзяржавы і грамадства. Людзі проста перасталі асацыяваць сябе з дзяржавай, і няважна, дзе тое адбывацца, у дварах на Каменнай Горцы ці ў Вашынгтоне. Гэта акурат і дазваляе казаць, што ХХІ стагоддзе пачалося акурат сёлета.
Некаторыя аналітыкі звязваюць увесь блок падзеяў апошніх дзесяці гадоў у адзін працэс: ад Арабскай вясны 2010–2011 да BLM-бунтаў у 2020-м. Прыемна, што і наша грамадства не засталося ў баку: Беларусь у трэндзе!
Дзяржава як інстытут у звыклым для нас значэнні і выглядзе паступова здае пазіцыі па ўсім свеце. І рэч тут зусім не ў «сініх пальцах» мясцовага разліву.
«У чым сіла, брат?..»
Ці ёсць ва ўсёй гэтай гісторыі нейкая мараль? Мабыць, няма. Ніякай. Замест «агульначалавечай» маралі засталося адно маралізатарства. Або калейдаскоп розных трактовак маралі, ніяк не звязаных паміж сабою.
Пасля Другой сусветнай здавалася, што свет усё ж мае нейкі агульны вектар развіцця і агульныя правілы. Нягледзячы на ўсе папраўкі «халоднай вайны», мара пра нешта «агульначалавечае», пра мір, дабрабыт, моц навукі і хуткае скарэнне космасу заставалася. Цяпер усё выглядае іначай.
Дарэчы, пра будучыню і космас. Памятаеце «Дзюну» Фрэнка Герберта? Велізарныя чарвякі сярод пяскоў, бедуіны на зоркалётах і «касмічны феадалізм». У параўнанні з сусветамі Стругацкіх такі варыянт будучыні падаваўся дзіўным. Ну як так? Навука, прагрэс, космас... які феадалізм? Сёння ж рэаліі «Дзюны» з барацьбой за рэсурсы і вайной усіх супраць усіх выглядаюць цалкам рэалістычна.
Чалавек нібыта ўвайшоў у космас, але гэта зусім не значыць, што космас увойдзе ў чалавека. Хутчэй, усе свае хібы чалавек проста перанёс у новую рэальнасць — больш тэхналагічную, але ад гэтага яшчэ больш бязлітасную.
«У чым сіла, брат?..» А сіла — у сіле. Праўда падпаўзе і падстроіцца. І стане ўрэшце часовай праўдай, зручнай тут і цяпер таму, хто мае сілу. Вось, мабыць, самы лаканічны прагноз на ХХІ стагоддзе, якое «ва ўсю мошч» пачалося для нас акурат у 2020-м.
Алесь Кіркевіч, budzma.by