Віцебск. Прэзентацыя альбома “Ваячак” адбылася на паддашку

28 красавіка ў Віцебску ў межах грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбыўся выступ Зміцера Вайцюшкевіча, падчас якога выступоўца прэзентаваў свой альбом “Ваячак”, а таксама праграму беларускага шансона на вершы Генаддзя Бураўкіна.

IMG_1316

У Віцебску дажджыла, але пад дахам бітлз-клуба “Чердачок” (ён жа “Паддашак”) сабралася купка неабыякавых да беларушчыны гараджан. У той вечар рэдкі ў культурна-паўночнай сталіцы госць  Зміцер Вайцюшкевіч даваў сваё прадстаўленне, амаль шоў – ён і танчыў, і спяваў, і распавядаў байкі, і дарыў падарункі, і прэзентаваў прэм’ерныя песні з новых праграм.

Адметнай рысай выступа стала прэзентацыя новай кампаніі “Рок-Салідарнасць”, якая заклікае да салідарнасці з “забароненымі музыкамі”, у  нідзе-не-бачаны спіс якіх у свой час патрапіў і спадар Зміцер.

IMG_1312

Вынікам больш як дзвюхгадзіннага музычнага пагружэння ў свет музычнай паэзіі ў выкананні Зміцера Вайцюшкевіча пад акампанемент баяна і гітары стала стварэнне атмасферы адной вялікай сяброўскай кампаніі, якая сабралася нібыта паразмаўляць за жыццё па-свойску. Так па-роднаму, прызнаўся спадар Вайцюшкевіч на развітанне, даўно яго не прымалі ў Беларусі.

Да новых сустрэч, спадар Зміцер!

Тэгі: