Мікрараён Тарны малавядомы сярод гараджан. Дабірацца да яго складана – ходзяць толькі аўтобусы №№ 3, 11 і 20, дый тое рэдка. Вядомасць не параўнаць, скажам, з Маркаўшчынай, якая знаходзіцца зусім побач, толькі праз Дзвіну.
Ведаюць пра Тарны ў асноўным таму, што там ёсць футравы камбінат, гарадскія ачышчальныя збудаванні і дзесьці побач мясакамбінат. Назву растлумачыць як след ніхто не можа. Пасёлак з малазразумелым найменнем зусім малады – у 2014 г. споўніцца толькі 80, але гісторыя яго значна больш даўняя.
Цялятнікі
Назва пасёлка Тарны з’явілася толькі ў сярэдзіне 1930‑х гг. Да гэтага было сяло Цялятнікі. Пакуль удалося даведацца, што ўпершыню сяльцо Цялятнікі згадваецца ў «Эканамічнай заўвазе Віцебскага павета» 1784 г. Сяльцо разам з вёскамі (у адрозненне ад вёскі сяльцо мела царкву) Вераб’ёва, Шавелкі, Паўлавічы, Луцікава, Рудакова, Башкова, Ступішчы, Якушова, Камарова належала ўдаве генерала Чорба – Настассі Сцяпанаўне Чорбе (Чорбавай).
Удава жыла ў драўляным гаспадарскім доме. Сяльцо складалася з 68 двароў, у якіх пражывала 366 мужчын і 379 жанчын. Генералісе дасталася добрая спадчына – 1995 дзесяцін зямлі, гэта пры ўмове таго, што селяніну для вядзення добрай гаспадаркі трэба было мець як мінімум 8 дзесяцін.
Барацьба за ўраджай
У першай палове ХІХ ст. Цялятнікі перайшлі Фёдару (Фрыдрыху) Гернгросу, нашчадку нямецкага шляхецкага роду, удзельніку Сямігадовай вайны (1756–1763), ротмістру рускага войска. Пра ягоную дзейнасць у Цялятніках мала што вядома. Але пра ягонага сына Радыёна — нашмат больш. Ён аказаўся дбайным гаспадаром, адным з першых увёў у сваім маёнтку шасціпольны севазварот, пачаў вырошчваць новую на той час культуру — бульбу. Мала таго — загадаў, каб ягоныя прыгонныя сяляне таксама вырошчвалі яе.
Земляробы спачатку адмовіліся расціць бульбу. Памешчык прымушаў рабіць пасадкі гэтай звычнай цяпер тэхнічнай культуры, але на полі не было бачна нават парасткаў. Б.А. Цалінскі ў сваім «Аглядзе некаторых маёнткаў Магілёўскай і Віцебскай губерняў» так апісаў сітуацыю.
«– Чаму ў вас бульба не расце? – здзіўлена пытаў генерал у прыгонных.
– Як хочаш, паночак, а бульбе не расці на нашай зямлі, – адказвалі сяляне. Яны лічылі бульбу “чортавым яблыкам” і не хацелі яе вырошчваць. Пасля пасадкі клубняў сяляне адкопвалі іх і ў бліжэйшай карчме аддавалі “праклятыя яблыкі” за кварту гарэлкі. Даведаўшыся пра гэта, Гернгрос загадаў надрэзаць кожную бульбіну на чатыры часткі, для таго каб, як тлумачыў ён сялянам, пазбавіцца “д’ябальскага ўздзеяння”, якое як быццам і было прычынай неўраджаю. Тады сяляне перасталі “выбіраць парэзаныя клубні з зямлі, і неўзабаве ўбачылі на сваіх палях буйна квітнеючую бульбу, а потым і самі пачалі яе разводзіць”, пазнаўшы ўсю выгаднасць вырошчвання культуры, ураджайнасць якой у некалькі разоў перавышала ўраджайнасць збожжа. Так бульба стала ў маёнтку “другім хлебам”».
Ад маёнтка да саўгаса
На пачатку XX ст. Цялятнікі сталі належаць Міхаілу Львовічу Карташову. Аднак справы ён вёў няўдала і хутка частка зямель маёнтка была закладзена ў Віленскі зямельны банк, а потым распрададзена за нявыплату пазыкі. Большую частку зямлі выкупілі мясцовыя сяляне, мяшчане ці самастойна, ці ўтварыўшы «таварыствы гаспадароў».
На 1906 г. Цялятнікаўскаму сельскаму таварыству належала 14 вёсак: Валчкова, Ганькава, Мядвёдкі, Калінкі, Паўловічы, Луцікі, Фаершчына, Башкі, Камары, Якушы, Ступішча, Рудакі, Лучоса (перавоз), Драніцы. Дваранін М.Л. Карташоў заставаўся яшчэ немалым маёмаснікам. Яму належалі маёнтак Цялятнікі, былая карчма Дабрэйка, вадзяны млын пры той жа карчме і засценак Разоўка. Само сяло Цялятнікі знаходзілася ва ўласнасці Епархіяльнага ведамства.
Той мікрараён Тарны, што мы цяпер ведаем, быў вымежаваны ў 1911 г. з маёнтка Цялятнікі і атрымаў назву Новыя Цялятнікі. Пасля Кастрычніцкага перавароту новая ўлада пачынае пераўтварэнні. Цялятнікі пераходзілі з рук у рукі розных савецкіх устаноў, а з сакавіка 1920 г. на аснове маёнтка Верхнія і Ніжнія Цялятнікі быў утвораны саўгас (савецкая гаспадарка) і арганізавана малочная ферма (з мэтай атрымання малака для лячэбных і дзіцячых устаноў).
Заклёпка на шчыце Радзімы
Аднак гаспадарка аказалася нерэнтабельнай. У сярэдзіне 1930‑х гг. частка зямель маёнтка была перададзена пад будаўніцтва тарнага камбіната. Тара – рэчы, матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння захавання і перавозкі тавараў і сыравіны. Тарай могуць быць бутэлькі, банкі, скрыні, кашы́, пакункі, пакеты і іншыя прыстасаванні.
На тарным камбінаце, створаным на месцы былога маёнтка Новыя Цялятнікі, выраблялі спецыяльную тару для снарадаў: адмысловыя драўляныя скрыні для іх перавозкі і захавання. Рабілі тут і дзежкі. Хутка вакол завода ўтварыўся пасёлак, была пабудавана нафтабаза. Так Тарны стаў невялікай, але важнай часткай абароннага шчыта СССР, які актыўна будаваўся ў 1930‑я гг. як частка палітыкі індустрыялізацыі.
У першыя дні вайны будынак камбіната і частка дамоў аказаліся знішчанымі. Дасюль спрачаюцца – ці то ад нямецкай бамбардзіроўкі, ці то іх спецыяльна ўзарвалі і падпалілі адступаючыя савецкія войскі. У час акупацыі на тэрыторыі пасёлка дзейнічалі дзве антыфашысцкія падпольныя групы В. Шалуха і П. Вішнеўскага.
Тарны без тары, людзі без працы
Пасля вайны тарны камбінат не аднаўлялі. Яго лёс паўтарылі многія прадпрыемствы горада. Няма ўжо акулярнай, шчаціннай, ільнопрадзільнай фабрык. Апошняя, між іншым, была першай і буйнейшай у Беларусі да кастрычніка 1917 г. Прадпрыемства не стала, але пасёлак застаўся. Дамы адбудавалі рабочыя, што вярнуліся з эвакуацыі, а працаваць пайшлі на іншыя прадпрыемствы горада: “КІМ”, маслаэкстракцыйны завод, дывановы камбінат, шаўкаткацкую фабрыку, ЦЭЦ. На жаль, да іх было цяжка дабірацца – практычна ўсе прадпрыемствы знаходзяцца быццам і недалёка, але на іншым беразе Дзвіны.
Для перавозкі жыхароў была адноўлена паромная пераправа. Аднак паром хадзіў толькі два разы на дзень, а ў час ледаходу ўвогуле не працаваў. Натуральна, што даводзілася карыстацца паслугамі лодачнікаў. Яны стараліся зарабіць чым больш і так нагружалі лодкі, што нярэдкімі былі няшчасныя здарэнні. Аднойчы на сярэдзіне ракі перавярнулася лодка з жаніхом, нявестай і іх гасцямі. Пасля гэтага было дазволена пераходзіць цераз Дзвіну па чыгуначным Жлобінскім мосце. Аўтамабільна-пешаходны мост быў пабудаваны толькі ў 1978 г.
Ад пасёлка да мікрараёна
У 1953 г. Тарны пасёлак, у якім ужо не было тарнага камбіната, уключылі ў межы горада. Але людзі практычна працягвалі жыць па-старому. Істотныя змены адбываюцца з ростам горада ў 1970‑я гг. У Тарны перанеслі шэраг прадпрыемстваў: у 1967 г. – ачышчальныя збудаванні, у 1973 г. – мясакамбінат, у 1975 г. – футравы камбінат імя М.А. Еўсцігнеева. Тут пабудавалі некалькі новых жылых дамоў, інтэрнат для працаўнікоў футравага камбіната. Палепшылася транспартнае становішча – у пасёлак стаў хадзіць аўтобус № 11.
Яшчэ ў сярэдзіне 1920‑х гг. разам з будаўніцтвам Тарнага камбіната побач, у Зялёным гарадку, была размешчана вайковая частка. Да вайны тут месціліся кавалерысты. Пасля дэсантнікі, потым сувязісты, потым расейскія вайскоўцы, потым батальён унутраных войскаў. Са скарачэннем войска на пачатку 1990‑х гг. войскі былі выведзены. Затое жыхарам і гораду дасталася некалькі дамоў і казарм. Дамы заселены, а казармы дасюль пустуюць.
З 1995 г. у пасёлку пачалі вылучаць надзелы пад індывідуальную забудову. Паўстаў катэджны пасёлак, пабудавалі некалькі пяціпавярховікаў. З’явіліся новыя вуліцы і завулкі. Яшчэ ў 1989 г. замест 1‑й, 2‑й, 7‑й, 8‑й Жданава з’явіліся вуліцы Беліцкага, Тувалава, Гурынава, Даніленка і іншых салдат-ураджэнцаў Віцебска, якія загінулі ў Афганістане. Назвы іншых вуліц адлюстроўваюць усе этапы жыцця нашай краіны ў складзе СССР: ад завулка Парыжскай Камуны да вуліц Дружбы, Прафсаюзнай, Навасёлаў, Світальнай, Зарэчнай, Яснай, Ягаднай, Яблыневай, некалькі Прыбярэжных. У 2010–2012 гг. у Тарным пабудаваны яшчэ 7 пяціпавярховых дамоў.
Наталля Шнэр, магістрантка ВДУ, vitebsk4.me
Тэгі: Віцебск, Віцебшчына