Відэазапіс лекцыі Бруса Бакнэла “Нацыянальная самасвядомасць”

Публічная лекцыя “Нацыянальная самасвядомасць” Амбасадара Вялікабрытаніі Бруса Бакнэла з серыі “Urbi et Orbi” прайшла ў Мінску 20 лістапада 2015 года. Сёння на сайце Лятучага ўніверсітэта з’явіўся відэазапіс гэтага мерапрыемства.

Глядзім! Абмяркоўваем!

Што аб’ядноўвае Беларусь і Вялікабрытанію сёння? Ніколі не здагадаецеся, што гэта праблемы нацыянальнай самасвядомасці. Для беларусаў пытанне ідэнтычнасці – адно з тых, асабліва балючых і вострых, на якія няма адназначных адказаў. Нам нават можа падавацца, што ў гэтым спецыфіка толькі беларускага кантэксту і прыкмета недафармаванасці нашай нацыі, што ёсць краіны, дзе гэтае пытанне не мае ў сабе такога праблемнага складніка. Напрыклад, Вялікабрытанія – з яе багатым гістарычным досведам краіны, што спалучыла ў адным каралеўстве мноства этнічных, рэлігійных, канфесійных, сацыякультурных і іншых ідэнтычнасцяў. Як у палітычнай прасторы, так і на семантычным ўзроўні там дасягнуты выразны кансэнсус і сфармавана даволі акрэсленая ідэнтычнасць. З гэтага пункту гледжання Вялікабрытанія выглядае даволі шчасна. А што скажуць на гэта самі брытанцы? Ці для іх пытанне нацыянальнай самасвядомасці ўжо вырашанае і састарэлае?

У пошуках адказаў звернемся да асобы, аўтарытэт якой не выклікае сумневу – Амбасадара Яе Вялікасці спадара Бруса Бакнэла, чалавека, які не толькі дасканала ведае сваю гісторыю і культуру, але і не завочна знаёмы з беларускай.