Пабачыў свет 23 нумар часопіса «Верасень»

Выйшаў з друку чарговы, 23 па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».

Вера23.jpg

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Наты Солтан, Яны Нікіфаравай, Вольгі Шпакоўскай, Цімура Буйко, Насты Кудасавай, Анатоля Дэбіша і Івана Карэнды. Друкуецца паэма Сяргея Законнікава «Хараство».

Раздзел «Проза» складаюць апавяданні Ульяны Зяткінай і Сяргея Календы, а таксама «драбніцы» Яўгена Мартыновіча.

У раздзеле «Пераклады» змешчаны вершы сёлетняй лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Луізы Глюк у перакладзе Наталлі Русецкай.

Раздзел «Крытыка» пачынаецца палемічным артыкулам Ірыны Хадарэнкі «Пунсовая чума замест ветразя...».

Пра высокае і нізкае, пра часовае і вечнае, пра форму і змест і пра шмат чаго іншага — гутарка Эдуарда Акуліна з таленавітай паэткай і мастачкай Кацярынай Масэ.

Жыццёвы і творчы шлях Анатоля Сыса аналізуе ў сваім артыкуле «Я такі — які ёсць...» Валянціна Якімовіч.

Згадкамі пра Пятра Васючэнку дзеляцца Наталля Лысова, Ірына Бурдзялёва, Марыя Дуброўская і Аксана Спрынчан. Эдуарда Дубянецкага ўспамінаюць Яна Будовіч і Галіна Дубянецкая. Заходнебеларускага паэта Алеся Сучка адкрывае ў сваім артыкуле Сяргей Чыгрын.

Уражаннямі ад паэтычнай кнігі Кацярыны Масэ «Беланоч» дзеліцца з чытачамі Васіль Жуковіч. Кароткі агляд творчасці Міхася Рудкоўскага, Міколы Купрэева, Алеся Касько і Леаніда Галубовіча робіць Алесь Аркуш. Творчыя Нюансы новай кнігі Міколы Гілевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык.

Мастацкае афармленне і вокладку нумара падрыхтавала Валерыя Праслава. Ілюстрацыі Кацярыны Масэ.

Пытайце «Верасень» № 23 на сядзібе ТБМ

(Румянцава,13). Чытайце «Верасень» на сайце: Kamunikat.org. Дасылайце свае творы ў «Верасень» на адрас: verasenchas@gmail.com