Віктар Марціновіч: «А вайна працягвае пэцкаць усё смерцю»

«Погань сітуацыі ў тым, што абсалютна няма дзе падглядзець, што будзе далей», — піша на сваёй старонцы ў Facebook пісьменнік Віктар Марціновіч.


96.jpg

«Мінулае не падказнік, бо таго, што адбываецца зараз яшчэ ніколі не было ў мінулым. А калі і было, дык ўсё зараз навыварат, і не азірайся па адказы, глядзі наперад, у туман. 

Кожны зараз у стасунках са сваім лёсам, за кожным крокам і словам — асабістая інтуіцыя, пачуццё будучыні. 

А вайна працягвае пэцкаць усё смерцю, і зараз расклад 2020га выглядае простым і зразумелым — у параўнанні з тым, пасярод чаго мы апынуліся ў 2022. 

Адно, што ведаю дакладна: бойкі сканчаюцца, калі нянавісці робіцца меней. Зараз жа любы мір будзе кароткім перадыхам між Першай і Другой Чачэнскай, і Украіна — толькі пачатак, не скончыцца ўсё Украінай, гэтыя цёркі — тэктанічныя.

Чытаю «Севастопальскія апавяданні» Талстога, у школе нам казалі, што кніга пра гераізм абаронцаў Крыму, я ж у тэксце бачу толькі роспач і тугу — як у той сцэне, дзе герой наведвае ампутацыйнае аддзяленне вайсковага шпіталя, ці ў той, дзе ён выходзіць на бастыён, і камандзір, каб пакрасавацца перад афіцэрам, загадвае страляць па ворагу з гарматаў, той адказвае, і ў выніку з рэдутаў валакуць параненых і забітых.

І было б дзіўна, каб у Талстога было не так: Талстой — буйны пісьменнік, а буйныя пісьменнікі, ад Быкава з Хэмінгуэем, да Рэмарка з Грасам, ніколі не дазваляюць сабе апынуцца на баку апявальнікаў смерці.

З іншага боку — каму цікава, што ты думаеш зараз? 

Каму патрэбны твой гуманізм ці твае перасцярогі?

Кожны зараз сам сабе піфія.

Нехта бяжыць у JYSK, нехта па цукар, а нехта — прэч з роднага дому.
Як быццам ад гэтага можна збегчы. 

Ці адкупіцца цукрам. 

Ці схавацца ў шопінгу».