Гарадзенец Віктар Сазонаў выпусціў свае “Суседскія былі” па-польску. Кніжка выйшла ў Бібліятэцы Беларускага Радыё Рацыя ў серыі “Трансгранічныя сцежкі”. Яна называецца “Суседскія былі” (Bajdy sąsiedzkie) і перакладзеная на польскую мову Марцінам Рэмбачам. У беларускай версіі кніга друкавалася пад рэдакцыяй Яўгена Вапы на старонках тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.
Пра выданне расказвае аўтар: “Кніжка складаецца з 30 жартаўлівых аповедаў пра розныя жыццёвыя сітуацыі. Там проста гумар. У мяне была задача ў хмуры час выпусціць настраёвы твор.
У кнізе шмат цікавых жыццёвых аповедаў. Прыкладам, маленькія хлопчыкі ездзілі па ваду для хворай бабкі да шаптухі. Бабка давала ім грошы на замовы. Яны куплялі цукеркі, а бабцы прыносілі звычайную ваду. Бабка паправілася і пайшла дзякаваць шаптусе. Якім было здзіўленне: тая нічога не ведала. Ні пра ваду, ні пра грошы.
Ці, напрыклад, яшчэ такая гісторыя: паехалі людзі на поўдзень і папрасілі суседа-алкаголіка паглядзець ката. Кот быў пародзісты і еў толькі паляндвіцу. Далі грошы. Сусед грошы прапіў. А кот паеў у хаце ўсіх мух і нават лупіны ад бульбы і сваё гаўно. Цяпер гэты кот рады нават скарынцы хлеба. а раней не ўсякае мяса прызнаваў за яду.
Героі кнігі – гарадзенцы і жыхары вёсак. Яны нешта расказвалі мне, а штосьці сам падгледзеў. Дадаў гумару і напісаў з жартаўлівага ракурсу, каб пасмяяцца.
Кніга друкавалася кавалкамі ў штотыднёвіку беларусаў Польшчы “Ніва”, а саму прэзентацыю зраблю, як выйдзе беларускі варыянт. Прынамсі, яшчэ не думаў пра гэта.
Пра працяг кнігі буду думаць толькі тады, як атрымаю водгукі чытачоў. Спадабаецца чытачам кніга – то буду пісаць працяг”.
Фінансавую дапамогу ў выданні кнігі аказала Маршалкоўская ўправа Падляшскага ваяводства.
Андрэй Мялешка

