Віктар Шалкевіч пускае права арэнды з малатка па-беларуску

08.04.2014 Асоба

«Ну, дзе наш артыст?» — нервуецца мужчына ў перапоўненай зале Мінскага гарадскога цэнтра нерухомасці. У чаканні аўкцыёну тут тоўпяцца людзі самых розных узростаў, даходаў і нацыянальнасцяў. Віктара Шалкевіча бізнесоўцы ўжо добра ведаюць як адзінага ў Беларусі аўкцыяніста з амаль 20-гадовым стажам.

Актор, бард і пісьменнік Шалкевіч выходзіць за стол у касцюме і матыльку, а прыўзнятая інтанацыя, з якой ён тлумачыць правілы аўкцыёну, абяцае, што працэс размеркавання офісных і гаспадарчых памяшканняў займее элемент шоу і правакацыі, спаборніцтва і азарту.

«Цокальны паверх, трэба ўсталяваць лічыльнікі вады, ёсць аўтамат для вытворчасці цукровай ваты!» — Шалкевіч вядзе аўкцыён па-беларуску, апісанне лоту зачытвае так, быццам і сам прадае нешта салодкае. У зале імгненна ўзлятаюць таблічкі з нумарамі, сапернікі азіраюцца і мераюць адно аднаго позіркамі. Нехта не адляпляе вуха ад тэлефона, мабыць, падпарадкоўваючыся аўтарытэтным указанням. «Сталіца беларуская, а цэны нью-ёркскія, — жартуе Шалкевіч і дае бізнэс-парады: Не шкадуйце грошай, за паўгода адаб’яце». 50 тысяч рублёў за права арандаваць памяшканне падчас гандлю могуць скочыць да сотні мільёнаў.

«Пра-дадзена! Калі ласка, падпішыце пратакол! Цалуйцеся і піце шампанскае!» — крычыць аўкцыяніст, раптам уключыўшы тамаду. Гэтак жа жартоўна цягам дзвюх гадзін «разлятаюцца» склады, аўтамыйкі, гандлёвыя павільёны — малаток Шалкевіча ставіць рашучую кропку ў пытаннях арэнды сталічнай нерухомасці. Карэспандэнт budzma.org пагаварыў з аўкцыяністам пасля напружанай працы.

— Віктар, за 20 гадоў вы, мабыць, правялі ўжо сотні аўкцыёнаў?

— Калі не тысячы. Цэнтр нерухомасці існуе 10 гадоў, а раней я працаваў на маёмасных аўкцыёнах. Так што я нават не ведаю, колькі разоў стукаў мой малаток.

— Як вы займелі такую рэдкую прафесію?

— Можна сказаць, што аўкцыйная справа і незалежнасць Беларусі — браты-блізняты, таму што ў 90-я гады пачалася так званая малая прыватызацыя. Яна праводзілася ў Берасці, сюды прыехала Міжнародная фінансавая карпарацыя, якая дапамагала ўладзе арганізоўваць гэты працэс. Потым нейкім чынам перакінулася ў Гародню. А паколькі я ў гарадзенскім тэатры працаваў і быў ужо дастаткова паважаным чалавекам, спецыяліст аддзела прыватызацыі гарвыканкама мне прапанаваў правесці першы аўкцыён. Я паспрабаваў, справа пайшла. Пасля ездзіў на навучанне, атрымаў нават адмысловы дыплом аўкцыяніста. А потым прыехалі такія маўклівыя таварышы з мінскага выканкама і прапанавалі весці аўкцыёны ў сталіцы, з таго часу і працую.

— Тут збіраецца бізнес-асяродак, шмат замежнікаў. Як вы пачалі весці аўкцыёны па-беларуску?

— Я адпачатку вяду па-беларуску. Аднойчы я спытаў: на якой мове лепей? З залы закрычалі: «По-белорусски давай!» Там жа беларусы сядзяць. А на якой мове павінен праходзіць аўкцыён у сталіцы Беларусі?

Цяпер усе ўжо прызвычаіліся, хаця для некаторых гэта сапраўды першае сутыкненне з беларускай мовай. Аўкцыён — вельмі дэмакратычная працэдура. Часам бывае, што ўстае чалавек нееўрапейскага выгляду і тлумачыць, што ён нядаўна прыехаў у Беларусь і трохі вывучыў толькі рускую мову. Ніколі не бывае сутыкненняў, у выпадку чаго я проста паўтараю па-руску.

— Вы сапраўды адзіны аўкцыяніст у Беларусі?

— Раней іх было некалькі, але яны ўсе кудысьці паз’язджалі: хто ў Штаты, хто ў Ізраіль. Застаўся я адзін.

— Якія навыкі для гэтага патрэбныя?

— Аўкцыяністам трэба ўсё-такі нарадзіцца — мець халерычны тэмперамент, увесь час заставацца ў тонусе, быць нацягнутай струной. Я прысутнічаў на некаторых аўкцыёнах, якія вялі мае малодшыя таварышы па малатку, але гэта змрочна і панура выглядае. Таксама трэба, каб усе разумелі, што аўкцыён — гэта адкрытая форма продажу, тут ніхто нікога не падманвае. Усё проста: хто дае самую вялікую суму за аб’ект, той і выйграе. Так што аніякіх падтасовак быць не можа.

— Вы вялі толькі маёмасныя аўкцыёны ці мастацкія таксама?

— І па мастацтве таксама. Але там такія дробныя лічбы, што мне нават сорамна было. Што такое пяць ці шэсць мільёнаў рублёў за карціну ў параўнанні з мільярдамі на аўкцыёнах маёмасці? Таму там абсалютна нецікава.

Мне падаецца, што на аўкцыёнах, якія я вяду цяпер, нараджаецца новы клас — беларускай маладой буржуазіі. Усё ж людзі, якія хочуць займацца сваёй справай, — у нейкім сэнсе маленькія капіталісты. Бывае, што аўкцыёны не надта бойка ідуць, а бывае, што ў зале не хапае месцаў. Людзі хочуць нешта рабіць. Няхай у пяці чалавек, якія выкупяць права на арэнду, нічога не атрымаецца з бізнесам, затое наступныя дзесяць прыйдуць і нешта зробяць. У нас жа гэтая сфера паслуг не развітая абсалютна, маленькіх крамак мала, усё толькі пачынае развівацца.

— А што цікавае даводзілася прадаваць?

— Быў выпадак, калі я прадаваў нулявы цыкл свінарніка. Аднойчы прадаваў хлеў, які належаў Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

— Вы назіраеце за людзьмі падчас аўкцыёну?

— Вядома! Напрыклад, калі людзі прыходзілі купляць кватэры, аўкцыёны збіралі поўную залу Дома афіцэраў. Аднойчы жанчына, якая не змагла купіць, крычала мне ў гневе і запальчывасці: «Я праз вас сваю маці на вуліцу выкінула!» Цікава было назіраць, як муж і жонка гандлююцца за кватэру. Жонкі заўсёды такія скупаваценькія, а мужыкі разлічваюць: вось у мяне заначка, яшчэ пэўная колькасць ёсць у банку, трохі я папрашу ў сябра, а астатняе мне яшчэ хтосьці дасць. І муж трымае мужна гэты нумар, а жонка вісне на руцэ, каб ён не гандляваўся. А ён яе локцем спрабуе скінуць. З майго боку выглядае ўсё вельмі забаўна, я бачу шмат чалавечых эмоцый: людзі перажываюць, а бываюць вельмі радыя, ідуць падпісваць пратакол са шчасцем на твары. Для нас гэта руцінная праца, а ўявіце, што такое аддаваць цяжка напрацаваныя 200-300 мільёнаў рублёў. Нашыя людзі робяцца ўсё больш актыўнымі, яны спрабуюць наладжваць сваю справу. З гэтага пункту гледжання я вялікі аптыміст.

 

Аляксандра Дорская,

фота: gazetaby.com