Другі дыск рэпера, запісаны празь перапынак амаль у 6 гадоў, стаў безумоўнай падзеяй у беларускай музыцы.
Той, хто палюбіў Вінсэнта ўзору 2011/2012 году, калі сьпявак парваў “Рэактар” ды запісаў супэрскую рэч “Ні кроку назад” для фільма “Вышэй за неба”, можа трохі расчаравацца: тут няма таго сакавітага лютага гучаньня з прывітаньнем Rage Against the Machine. І наогул жывога складу тут няма, ухіл зроблены ў электроніку, і сьпявак у музычным пляне, па сутнасьці, гне тую ж лінію, што і ў дэбютніку “Пачатак” (2009), які і цяпер ня сорамна слухаць. Толькі тут, вядома ж, і біты тлусьцейшыя, і чытка больш упэўненая, і вакалы прыгажэйшыя (жаночых бэкаў, праўда, хацелася б болей). На ім шмат выдатных і прыгожых песень. Дакладней так – тут няма ніводнага прахаднога трэка.
Хоць ад рэпераў зазвычай чакаюць адлупу, зьедлівасьці, сацыяльшчыны ды пахабшчыны, альбом у Вінсэнта выйшаў надзіва мяккі, разважлівы і… рамантычны – бязь дзёрзкасьці ЛСП, пашлаватасьці Каржа (хоць і Макс мог бы напісаць такую песьню, як “Музыка”, каб не забыў мовы сваёй), рэзкасьці Зэмана, але не настолькі дзэнбудысцкі, канечне, як у SP Kava. Ды яшчэ цалкам пазбаўлены таго, з чым Вінсэнт і яго творчасьць асацыяваліся ўвесь гэты час: у “Віры” сьпявак ні разу не згадаў Каліноўскага і наогул ніводнага лёзунгу ня выгукнуў. Гэты свой лірычны бок ён ужо прадэманстраваў калісьці ў песеньцы “Восеньскі вальс”, а тут з посьпехам і напоўніцу яго разгарнуў. Нават песьня з напружнай назвай “Вайна” аказваецца тут не пра тое. Дзякуючы такой тэматычнай вытрыманасьці і адсутнасьці рэзкіх целарухаў дасягаецца поўная гармонія і супакой. Ажно да той ступені, што ў апошнім трэку “Дай нам знак” Вінсэнт заходзіць на тэрыторыю, падуладную “Адыс Абэбе” Дзімы Іванова.
“Вір” – безумоўна адзін з самых выдатных рэлізаў гэтага году. І, што яшчэ важна, адзін з самых пазытыўных беларускіх альбомаў апошніх гадоў.
Ідэя: 10
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 10
Сяргей Будкін