Сёння імя гэтага чалавека мала хто памятае. Яно патанула ў моры іншых выбітных дзеячаў Беларускага адраджэння. Аднак у свой час ён адыграў велізарную ролю ў прапагандзе беларускай культуры і нацыянальнай свядомасці. 16 лістапада 1888 года нарадзіўся ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, піша Іван Палескі ў «Новым Часе».
Вінцэнт Гадлеўскі
Пачатак дзейнасці
Вінцэнт (Вікенцій Іванавіч) Гадлеўскі нарадзіўся ў вёсцы Шурычы (па іншай версіі ў вёсцы Поразава), што каля Ваўкавыска. У 1908 — 1912 гадах вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні, а затым у Імператаскай рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вывучаў тэалогію. Атрымаў у 1916 годзе ступень магістра. Варта адзначыць, што гэты ўніверсітэт у свой час скончылі многія іншыя прыхільнікі беларускага нацыянальнага адраджэння.
Вінцэнт Гадлеўскі. Крыніца: wikipedia.org
Пасля заканчэння вучобы быў накіраваны вікарыем у Мінскую каталіцкую дыяцэзію, дзе і пачаў сваё служэнне. Быў адным з першых каталіцкіх святароў, хто, нягледзячы на афіцыйную забарону, пачаў ужываць беларускую мову падчас літургіі.
24 і 25 траўня 1917 года Гадлеўскі ўдзельнічаў у Першым беларускім з’ездзе каталіцкага духавенства, падчас якога выступіў з прамовамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэньне каталіцкай партыі». Разам з Адамам Станкевічам у 1917 годзе быў сузаснавальнікам партыі Беларуская хрысціянская злучнасць, на базе якой на пачатку 1920-х гадоў утварыўся больш шырокі рух — Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У той жа час пад псеўданімам У. Скаліманоўскі пісаў артыкулы ў часопіс «Крыніца», стваральнікам і рэдактарам якога сам і быў.
Кіраўнікі БХД. У першым шэрагу — ксяндзы Леваш, С. Глякоўскі; у другім — ксяндзы А. Станкевіч, Я. Германовіч, В. Гадлеўскі. Крыніца: archive.org
У снежні 1917 года ксёндз Гадлеўскі ўдзельнічаў у пасяджэннях Першага ўсебеларускага з’езду, які абвясціў права беларускага народа на незалежнасць і самавызначэнне. У наступным годзе падтрымаў абвяшчэнне незалежнасці БНР і стаў актыўным дзеячам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Неўзабаве пасля гэтага па загаду мінскага біскупа выехаў у Нясвіж, дзе заняў пасаду школьнага прэфекта і пробашча бенедыктынскага касцёла, адначасова працаваў выкладчыкам гісторыі каталіцызму. Падчас знаходжання ў Нясвіжы вывучаў запісаныя па-беларуску тэксты пропаведзяў ХІХ стагоддзя, якія апублікаваў у 1921 годзе.
У выніку Рыжскай дамовы 1921 года тэрыторыя Беларусі была падзелена паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Большая частка Міншчыны аказалася на савецкім баку. Таму Гадлеўскі быў вымушаны тэрмінова пераехаць у Вільню, дзе стаў сябрам Беларускага нацыянальнага камітэта. Неўзабаве ўзначаліў парафію ў мястэчку Жодзішкі на Смаргоншчыне. Як і раней, у новым месцы прапаведаваў Божае Слова выключна па-беларуску.
Ксёндз Гадлеўскі прамаўляе гамілію ў касцёле. Крыніца: catholic.by
Пераслед польскімі ўладамі
З самага пачатку сваёй палітычнай дзейнасці Гадлеўскі займаў выразна антыпольскую пазіцыю, агітуючы мясцовае насельніцтва ў духу нацыянальнага адраджэння і пашыраючы беларускую нацыянальную свядомасць сярод сваіх прыхаджан. Яго дзеянні не засталіся незаўважанымі польскімі ўладамі, якія на кожным кроку пачалі перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню парафіі. Першы раз ён быў арыштаваны ў 1925 годзе, але хутка вызвалены, затым зноў арыштаваны ў 1926 годзе. Аднак польскі суд не знайшоў у ягоных справах нічога такога, што магло б прадстаўляць сур’ёзную небяспеку для дзяржавы.
Але пабыць на свабодзе доўга яму не ўдалося. Зноў арыштавалі Гадлеўскага ў сакавіку 1927 годзе па цалкам сфабрыкаваным абвінавачанні. Гэтым разам лёс святара мясцовым суддзям давяраць не сталі, справу разглядаў суд у Варшаве. Гадлеўскі быў асуджаны на два гады турмы. Пакаранне адбываў у Мокатаўскай турме ў Варшаве, дзе напісаў падручнік «Гісторыя Новага Запавету» для беларускіх школ. Гэтая кніга выйшла ў Вільні ў 1930-м. Адбыўшы тэрмін, быў вызвалены ў 1929 годзе. Жадаючы працягваць працу на карысць Беларусі, Гадлеўскі выехаў у Вільню, дзе прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці розных беларускіх арганізацый. У гэты перыяд пераклаў на беларускую мову Новы Запавет, які выдаў у 1939 годзе.
Пераклад Новага Запавету Гадлеўскага. Крыніца: catholic.by
У 1936 годзе ён стварыў партыю Беларускі Нацыянальны Фронт, які лічыў своеасаблівым працягам БХД. Гэта была хрысціянска-нацыянальная арганізацыя права-кансерватыўнага кірунку. Друкаваным органам Фронту была газета «Беларускі Фронт», у якую Гадлеўскі сам напісаў шэраг артыкулаў. У іх ён прапагандаваў ідэі незалежнай Беларусі, але вельмі крытычна ставіўся да пануючай у беларускім нацыянальным руху сацыялістычнай плыні.
У гады перад пачаткам Другой сусветнай вайны, акрамя працы ў шэрагу беларускіх арганізацый, Гадлеўскі быў дапаможным святаром у адной з віленскіх парафій і прэфектам школы пры кляштары бернардзінцаў. Можна было часта пачуць яго пропаведзі на беларускай мове, напрыклад, у касцёле святога Мікалая ў Вільні. У гэтым жа касцёле чытаў свае пропаведзі, і таксама па-беларуску, сябра ГадлеўскагаАдам Станкевіч.
У часы нямецкай акупацыі
Пасля акупацыі Польшчы немцамі дзейнасці не спыніў. Напрыканцы 1939 года стварыў у Вільні Беларускую Незалежніцкую Партыю. Праграма партыі прадугледжвала стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы, дзе ў якасці дзяржаўнай ідэалогіі павінен быў выступаць такі блізкі Гадлеўскаму нацыянал-рэлігійны кансерватызм.
Пасля нападу Германіі на СССР у чэрвені 1941 года стаў адным з заснавальнікаў Беларускага нацыянальнага цэнтру ў Берліне, які мусіў стаць ядром будучага беларускага ўрада. Хутка Гадлеўскі выехаў у акупаваны вермахтам Мінск, дзе заняў пасаду галоўнага інспектара асветы, намагаючыся наладзіць у акупаванай Беларусі культурна-асветную працу. У тым жа 1941 годзе ўвайшоў у склад управы Беларускай Народнай Самапомачы, — арганізацыі, што ставіла сваёй мэтай арганізаваць дапамогу беларусам у галіне аховы здароўя, паляпшэння побыту, а таксама арганізацыі культурна-прапагандысцкай дзейнасці.
Гадлеўскі на адным з паседжанняў. Крыніца: catholic.by
Але ўсе яго намаганні па паляпшэнні стану беларускага народа былі скасаваны немцамі, якія не давяралі Гадлеўскаму і бачылі ў ім небяспечную для сябе асобу.
Барацьба з немцамі
Недавер не быў беспадстаўным. Добра бачачы, што ніякага дбання аб праблемах беларусаў, як гэта часам гучала з высокіх трыбун, з боку немцаў чакаць не прыходзіцца, а на самай справе замест адных акупантаў у Беларусь прыйшлі іншыя, Гадлеўскі вырашае арганізаваць антынямецкі супраціў.
Так, у нелегальным партыйным органе друку «Бюлетэні БНП» змяшчаўся такі непрыемны для акупацыйнай адміністрацыі аналіз: «Прыйшлі першыя разчараваньні. Немцы 41 году не былі немцамі 17 году — не адзначаліся ня толькі гуманнасьцю, але нават мінімальнаю дозаю здаровага палітычнага розуму. П’яныя перамогамі папярэдніх гадоў і хворыя маніяй свае надчалавечнасьці, упоенай недарэчнасьцямі расавай тэорыі — разглядалі прасторы ўсходня-славянскіх народаў як новаздабыты каляньяльны абшар. Аўтарам гэтае думкі быў партыйны ідэоляг — Розэнбэрг, тэорыі каторага можа нават часам і геніяльныя на першы пагляд у практыцы аказваліся бязглуздымі і нерэальнымі». Магчыма, гэтыя радкі належалі самаму Вінцэнту Гадлеўскаму і сталі вынікам аналізу яго спробы супрацы з немцамі.
Але Гадлеўскі не збіраўся абмяжоўвацца барацьбой толькі ў друку. Ёсць звесткі, што вясной 1942 года ён спрабаваў наладзіць кантакты з украінскім нацыянальна-вызвольным рухам, у прыватнасці, з прадстаўнікамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэры. Ён хацеў дамовіцца з украінцамі аб сумеснай барацьбе на два франты: і супраць немцаў, і супраць «чырвоных».
Арышт і смерць
Як бы там ні было, а не да чаго канкрэтнага гэтыя кантакты не прывялі. Цяпер невядома, ці то стасункі з украінскімі партызанамі Бандэры, ці то проста тое, што Гадлеўскі адкрыта выступаў супраць вывазу беларускай моладзі на прымусовую працу ў Германію, паслужылі прычынаю арышту. У выніку аперацыі Мінскага СД напярэдадні Раства 1942 года былі арыштаваныя шэраг дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, у тым ліку ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі. Немцы прапанавалі яму пакінуць Беларусь, але нязломны святар адмовіўся пакідаць сваю паству. Айцец Вінцэнт Гадлеўскі быў расстраляны без суда ў ноч з 23 на 24 снежня 1942 года ў канцэнтрацыйным лагеры ў Малым Трасцянцы.
Аднак працягвала сваю дзейнасць створаная ім Беларуская незалежніцкая партыя. Сябры партыі лабіравалі стварэнне нацыянальных вайсковых фармаванняў, якія ў будучыні павінны былі стаць асновай беларускага войска, што будзе змагацца за сапраўдную незалежнасць Бацькаўшчыны. Многія з іх самі актыўна ў іх уступалі.
У 1944 годзе падчас правядзення Другога ўсебеларускага кангрэсу, многія дэлегаты якога былі прыхільнікамі БНП, ЦК партыі планаваў абвесціць незалежнасць Беларусі. Але з розных прычын гэтая ідэя так і не была рэалізаваная.
Вінцэнт Гадлеўскі. Карціна. Крыніца: kimpress.by