Гэты малады беларус робіць бліскучую дырыжорскую кар’еру. Летась Віталь Алексяёнак сенсацыйна перамог на конкурсе імя Артура Тасканіні. З італьянскай Пармы ён прывёз не толькі першае месца, але і прыз глядацкіх сімпатый. Апошнія два месяцы дырыжор працаваў у Міланскім Ла-Скала. На легендарнай сцэне ён паставіў (!) оперу П’еранжэла Вальтыноні «Маленькі прынц». А днямі Віталь падзяліўся яшчэ адной прыемнай навіной: яго запрасілі на працу ў Нямецкую оперу на Рэйне. У тэатрах Дзюсельдорфа і Дуйсбурга беларус затрымаецца на два гады.
Паразмаўлялі з Віталём пра тое, як праходзіў адбор на пасаду дырыжора нямецкай оперы, ці дапамагае маладосць у працы, а таксама пра крыніцы натхнення і яго першую сустрэчу з операй.
«Ужо пераехаў з Берліна», — дзеліцца навінамі дырыжор, а згодна з нямецкай традыцыяй — капельмайстар Віталь Алексяёнак.
— Пасяліўся каля Дзюсельдорфа, бо мушу жыць і працаваць фактычна на два гарады. У кватэры адзін маленькі пакойчык адвёў пад свой кабінет. Даўно марыў пра месца, дзе буду толькі працаваць. Нічога пампезнага, сапраўдная келля, дзе будуць мае партытуры, мой дом і дзе я буду праводзіць вельмі шмат часу.
— Які від з вашага акна?
— Дрэвы і неба. Кожны дзень абсалютна рознае. Неба змяняецца па тысячу разоў на дзень, і гэта самая цікавая карцінка.
Віталь жартуе, што ў Германіі яго нарэшце напаткала беларуская стабільнасць:
— Я заўсёды працаваў як фрылансер, ездзіў па свеце. Зараз больш буду знаходзіцца на адным месцы.
Кантракт з Операй на Рэйне беларус падпісаў на два гады. У сезоне — плюс-мінус 25 спектакляў. «Звычайная дырыжорская нагрузка», — тлумачыць маэстра. У яго графіку ўжо ёсць «Тоска» Пучыні, «Чароўная флейта» Моцарта і «Гензель і Грэтэль» Хумпердзінка.
— Афіша мяне зачаравала. На сезон яны робяць каля дзесяці прэм’ер, акрамя таго ідуць рэпертуарныя спектаклі. З кожнага вядомага кампазітара па два-тры творы. Гэта і сучасная музыка, і барока, і класіка, шмат Вагнера. Я патроху пачынаю адчуваць сябе вагнерыянцам, таму для мяне гэта ідэальнае месца, каб вывучыць новы рэпертуар. Тут шыкоўныя салісты з вялікімі прыгожымі галасамі. Усё працуе на вельмі круты мастацкі вынік.
— Горад зачараваў таксама?
— Дзюсельдорф мне вельмі нагадвае Мюнхен. Такі ж шыкоўны. Тут шмат элегантных людзей, шмат бізнесу, моды, міжнародных праектаў. Ёсць нават японскі квартал, таму што найвялікшая колькасць японцаў пражывае ў Дзюсельдорфе. Стары горад, вельмі гістарычны, вельмі прыгожы, вельмі розны. І самае неверагоднае — гэта Рэйн, вялізная рака!
«Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін»
— Як у сучасным свеце адбываюцца падобныя запрашэнні: стаць дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне?
— Часта тэатры ладзяць конкурсы, але канкурэнцыя такая высокая, што можа прыйсці пад тры тысячы заявак. Таму на ўнутраным тэатральным рынку людзі проста цікавяцца сітуацыяй і думаюць, каго можна запрасіць. Мне падказалі, што Нямецкая опера на Рэйне будзе шукаць дырыжора. Мы скантактаваліся, і мяне запрасілі правесці маленькую рэпетыцыю на 20-30 хвілін. Гэта быў першы тур. А потым проста кінулі ў халодную ваду: без рэпетыцый я прадырыжаваў «Чароўнай флейтай» Моцарта.
— У вашых оперных калег творчае жыццё пачынаецца надзвычай рана. Калі ў 25 ты не зорка, то зрабіць бліскучую кар’еру шанцаў амаль не застаецца. Ёсць адчуванне, што дырыжорскі свет таксама сёння маладзее?
— Зараз ёсць шмат маладых людзей, якія і ў 25 гадоў становяцца галоўнымі дырыжорамі вялікіх і вельмі паважаных аркестраў. І гэта вельмі прыемна, што ёсць такі давер. Шмат людзей зразумела, што і маладым ёсць што сказаць. Думаю, увесь музычны свет сёння сканцэнтраваны на адкрыцці новых імён. Так, у маладых няма такога досведу, кампетэнцый, але ёсць энергія, эмоцыі, ідэі.
— Для працы з аркестрантамі маладосць — гэта плюс ці мінус?
— Усё вырашаецца ў першыя 15 хвілін: ці ты будзеш дырыжаваць аркестрам, ці аркестр табой. Ёсць пэўны момант пераканання. Вельмі стрэсавы, але вельмі важны.
Людзей трэба пераканаць, разумееце? Хаця ў Італіі, напрыклад, ад пачатку вельмі высокая павага да маэстра. Але яна ёсць дзень, два, але калі ты не працуеш на высокім узроўні... Трэба даказваць, што ты заслугоўваеш гэтай павагі.
— Сусветная прэм’ера оперы «Маленькі прынц», якую Вы паставілі ў Ла-Скала, прайшла з вялікім поспехам. На працу натхняліся толькі музыкай?
— Графік быў вельмі насычаны, але я ўсё ж паглядзеў горад, падняўся на Міланскі сабор, а таксама ўбачыў «Апошнюю вячэру» Леанарда да Вінчы ў Санта-Марыя-дэле-Грацые. Спачатку нашу групу — гэта чалавек 30-40 — на дваццаць хвілін пакінулі ў прасторы побач. Гэта робіцца для таго, каб цела астыла і не парушыла сваёй тэмпературай мікраклімат, не сапсавала фрэску. А потым адбылося штосьці неверагоднае. У мяне было адчуванне, што я адзін на цэлым свеце і гэта ўсё — для мяне. Кожная дэталь, адчуванне гэтай прасторы, гэтай царквы. Такое цяжка забыць, гэта было вельмі інтымна.
«Пасля першага акта падумаў: ну ўсё, можна ісці дадому»
— Віталь, оперная музыка — гэта вышэйшая ліга ў дырыжаванні?
— Гэта неверагодны механізм — хор пад 100 чалавек, аркестр, кожны саліст як асобны сусвет, вялікія дыстанцыі, сцэна, дэкарацыі, рэжысура. Аб’яднаць усё гэта можа толькі дырыжор. Каб салісты маглі арыентавацца і бачыць яго з любой кропкі, вакол сцэны нават ставяць адмысловыя маніторы.
— А як чуе салістаў дырыжор? Скажам, калі яны знаходзяцца далёка ад вас і спяваюць на piano?
— У Ла-Скала, напрыклад, ёсць такі акустычны нюанс: гук са сцэны ідзе паверх ямы і не змешваецца з аркестрам. Розніца ў дэцыбелах даволі значная, і дырыжор часам дрэнна чуе спевакоў, бо іх перакрывае гук аркестра. У такіх выпадках трэба дасканала ведаць тэкст салістаў, кожную іх фразу. Увогуле, кожны зал — гэта свой музычны сусвет, свая акустыка. У Дзюсельдорфе, напрыклад, даволі добрая акустыка і што цікава, вельмі вялікая аркестравая яма.
— Вашая дырыжорская тэхніка моцна змянілася? Як паўплывала на яе праца ў тэатры?
— Спектакль — як марафон. Скажам, «Трыстан і Ізольда» Вагнера з антрактамі доўжыцца больш за пяць гадзін. Памятаю, пасля першага акта я падумаў: «Ну ўсё, можна ісці дадому». А напрадзе быў другі і самы цяжкі трэці акт.
Так што опера — гэта стратэгічнае мысленне. Трэба разлічваць свае сілы. Мы не можам сабе дазволіць страціць энергію, бо тады яе губляе ўвесь аркестр і слухач нічога не адчувае.
Таму трэба заўсёды быць у добрай фізічнай форме. Я, напрыклад, бегаю. Гэта мне вельмі дапамагае.
У перапынках паміж рэпетыцыямі, спектаклямі і пералётамі знаходзіцца ў маладога чалавека час і на самаадукацыю: «Я шмат чытаю, слухаю, вучу мовы». Віталь свабодна валодае нямецкай і англійскай, вельмі любіць італьянскую, чытае па-французску. На гэтых мовах — і пераважная колькасць оперных шэдэўраў.
— Праз кожную мову я прыходжу да новай культуры, новых ведаў. Ну і таксама мне вельмі важна разумець, пра што спяваюць салісты. Адчуваць кожны нюанс.
«Мне патрэбныя чэленджы»
— Якой была вашая першая сустрэча з операй?
— Вельмі позняй. У Вілейцы, дзе я вырас, опернага тэатру не было. Паступіў у Мінск і ўпершыню пайшоў у Вялікі. Гэта была «Тоска». З таго часу мая любімая опера. І я вельмі рады, што праз месяц буду ёй дырыжаваць у Дзюсельдорфе. Пучыні... Неверагодна моцны кампазітар.
— Скажыце, а ў Беларусь Вас запрашалі?
— Я ніколі не стаяў за пультам нашага тэатра оперы і балета. Больш за тое, у мяне ніколі не было канцэртаў у Беларусі. Хіба што толькі мой студэнцкі дырыжорскі дэбют. Ну і флэшмобы ў 2020 годзе з хорамі і аркестрамі. Цяпер ужо і не запросяць.
— Мінскі каледж імя Глінкі вы скончылі як трамбаніст. Дзе зараз ваш інструмент?
— Мне здаецца, у Берліне. Я шмат гадоў не займаўся на ім, граю пераважна на фартэпіяна і клавесіне. Браў калісьці ўрокі віяланчэлі, ударных. Усё гэта вельмі важна для дырыжорскай адукацыі. Увогуле я ўсё гэта вельмі люблю. Гэта не праца, а тое, чым мне проста падабаецца займацца. Бываюць тыдні, калі ў мяне па пяць пералётаў, розныя краіны, гарады. Але мне патрэбныя чэленджы. Інакш маё жыццё становіцца для мяне вельмі нудным.
Дарэчы, на момант нашай размовы Віталь Алексяёнак быў на Сіцыліі. У Тэатр Беліні яго запрасілі адкрыць новы сімфанічны сезон. «Тут прыемна проста жыць», — адказвае дырыжор на пытанне пра італьянска-нямецкія кантрасты.
— Усё так прыгожа, так смачна, нават сонца ярчэйшае! Мора побач, усё іншае. Мы тут яшчэ ў майках і шортах. У Нямеччыне ж іншы клімат, людзі іншыя, вельмі працавітыя. Мне здаецца, гэта вынікае яшчэ і з таго, што немцы ў большай сваёй частцы лютэране, у іх свая мараль. Яны ведаюць, што немагчыма на кагосьці спадзявацца, акрамя саміх сябе. Так што ў Італіі жыць, а ў Германіі — працаваць.
Паліна Часноўская, Budzma.org