два скрыпачы праз поле ваенных дзеянняў
з руінаў філармоніі
ў ціхае «будзем»
бягуць
нарэшце адзін з іх падае,
паранены,
другі вяртаецца,
узвальвае на плечы першага
і пачынае яго цягнуць
першы доўга трывае боль,
а пасля пачынае трэнас:
сымон, бог з табой,
якога
хрэна?!
сымон,
твая каханая здраджвала табе са мной,
цяпер,
каб здрадзіць ізноў, вярнулася да цябе,
скажы шчыра,
думаеш, ты — сапраўдны мужчына?
бо мужык даўно з цябе выпарыўся, знік
у кірунку нябёсаў. у рэшце рэшт,
ты няправільна трымаеш смык,
ты няправільна мяне нясеш!
мы маглі б быць з табой кім заўгодна, мы маглі б быць
зусім не музыкі, калі б не гэты пракляты бліц-
крыг, распачаты імперыяй; мы не бярэм удзелу ў вайне —
і кааліцыі напляваць, як мне цяпер баліць.
галоўнакамандуючы не мае музычнага слыху, таму
як дырыжэр ён ніякі, ён ніколі не ўчуе вайну
усё супраць нас, сымоне, і нашы з табою шанцы —
нуль.
сымон, кінь мяне проста тут дзеля нашых сыноў
я такі, ты ведаеш, здолею выкараскацца ізноў
ты слабак, сымон, таму ты мусіш бегчы адзін
і сына свайго абдымі і скажы, што ён мой сын
ты мамчын сынок,
сымон! —
чулася наўздагон
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Віталь Рыжкоў — нарадзіўся 28 красавіка 1986 г. ў Магілёве. Скончыў аўтамеханічны факультэт БРУ (Магілёў). Фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН-цэнтру, прысвечаных стагоддзю газеты “Наша Ніва” (2007) і памяці К. Шэрмана (2009). Пераможца трох паэтычных слэмаў у Беларусі і Ўкраіне, лаўрэат прэміі часопіса «Дзеяслоў» «Залаты апостраф» (2008), прэміі імя М. Багдановіча “Дэбют”. Аўтар кнігі “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Жыве ў Мінску.
P.S.