Віталь Сіліцкі: «Быць у сваім часе»

Мая гісторыя – гэта гісторыя трансфармацыі з савецкага беларуса ў тое, што нашыя ворагі пагардліва вызначаюць як «сведаміт». Ну і хай сабе пагарджаюць, ці ўпершыню?

А рос я за савецкімі часамі, калі ў пятай графе бацькоў – абодвух – было выразна запісана «беларус» і «беларуска», і нікім іншым, акрамя як беларусам, па канонах савецкай нацыянальнай палітыкі я быць не мог. Ды і ідэалагічная машына тады працавала напоўніцу.

Партызанка і Машэраў (дарэчы, яго пахаванне стала, можа, самым вялікім уражаннем дзяцінства – потым пра тое, што рабілася на вуліцах, хіба можна было параўнаць з мемуарамі пра пахаванне Сталіна), Хатынь і Курган Славы, МАЗ і БЕЛАЗ, «Песняры» і «Верасы», тэлевізар «Гарызонт» і найлепшая савецкая лядоўня, Нарачанскі хлеб, Дынама-Мінск і СКА-Мінск, Вольга Корбут і Аляксандр Мядзведзь, пяць гатункаў каўбасы ў краме пры галечы на паліцах у Расіі (бацькі і дзядзькі вярталіся з камандзіровак і расказвалі страшылкі пра іх Смаленскі і Іванавы) – гэта была разгалінаваная сістэма сімвалаў і брэндаў, якая мацавала гонар за тое, што мы жывем у самай крутой савецкай рэспубліцы – БССР.

Канечне, у Маскве тавараў было нават больш, але тое Масква, а ў Прыбалтыцы мянты з доўгімі валасамі і рок-музыка легальная, але тое ж антысаветчыкі, а ў нас усё як мусіла быць ва ўзорнай савецкай дзяржаве – лепш і правільней, чым там, у самым цэнтры. Таму тое, што потым казаў Лукашэнка, – пра беларусаў – тых жа расійцаў, толькі са знакам якасці, – проста стоадсоткава адпавядала таму дзіцячаму светапогляду, з якім я жыў, можа, гадоў да 13-14, пераходнага, так сказаць, узросту.

Дарэчы, гонар за дасягненні БССР для мяне асабіста нікуды не знік, ён проста гарманічна пераплёўся з тымі новымі сімваламі і святынямі, якія актуалізаваліся падчас трансфармацыі ў «сведаміта», і такую пазіцыю як атаясамленне ўсяго БССРаўскага з акупанцкім ці каланіяльным лічу дагэтуль проста глупствам. Усё ж такі БССРаўскі патрыятызм ствараў нейкую прастору брэндаў, альтэрнатыву якой, на мой погляд, дагэтуль не стварылі ні лукашысты, ні нацдэмы. А з паспяховымі брэндамі трэба рабіць тое ж, што зрабілі хрысціяне з паганскімі сімваламі – проста іх інкарпаравалі.

Дык вось, гонар за поспехі БССР пры гэтым натуральна ўжываўся з пагардай да беларускай мовы. Не паважаць яе, як і ўсё, што было звязана з Беларуссю да 1917 году, школа і сям’я вучылі элегантна і старанна. Не, ніхто не казаў тады, што беларуская мова – гэта гаўно, і нават вадзілі да завуча за тое, што сцябаліся з настаўніка фізікі, які размаўляў з моцным вясковым акцэнтам (і капалі на мазгі, ціпа па беларускай зямлі ходзіш, беларускі хлеб ясі, а з беларускай мовы смяешся!), але падручнікі і выкладчыкі былі такімі ніякімі, нецікавымі – асабліва падручнік гісторыі Абэцэдарскага – кожны раз калі па ім нешта задавалі, бляваць хацелася – любую цікавасць да роднага краю і яго спадчыны гэта адбівала на карані.

Ды і літаратура – хто памятае, той пацвердзіць, што ўвесь курс (з гэтымі «Я мужык-беларус» і іншай цягамоцінай) толькі ўмацоўваў комплекс уласнай непаўнавартаснасці і пачуццё падзякі Расіі і роднай партыі за тое, што выцягнулі яны нас з гэтага балота на БССРаўскія вышыні.

Як зламаўся гэты ўзорны савецкі беларускі светапогляд? Тут трэба адразу адзначыць, што так званы пераходны ўзрост у мяне прыпаў акурат на часы перабудовы. То бок нармальны юнацкі пратэст супраць шэрай рэчаіснасці атрымаў мегападпітку ад таго патоку контры, які паліўся на галовы ідэалагічна цнатлівых савецкіх грамадзянаў. Бузіў і пратэставаў я разам са сваім пакаленнем і так, як гэта было тады крута – быў і хэві-металістам – не таму, што любіў “метал”, а таму што гэта злавала бацькоў і настаўнікаў. Быў футбольным фанатам і з задавальненнем кідаў камяні ў аўтобусы з заўзятарамі “Жальгірыса” і кіеўскага “Дынама”.

Дарэчы, менавіта гэтыя фанацкія групоўкі першымі культывавалі нацыяналістычныя слоганы, што выклікала адпаведную контррэакцыю і самакапанне. Але ўвогуле канец 1980-х быў часам, калі на вачах рушыліся міфалогія савецкага часу і свет нашых бацькоў, калі пераасэнсоўваліся каштоўнасці, а моладзь шукала новыя і новыя формы ўцёкаў ад паўсядзённасці, праяваў індывідуальнасці.

Вось гэтая прага да індывідуальнасці ў мяне асабіста вылілася ў беларускасць. Вылілася дзякуючы таму, што я цяпер называю “анталагічным шокам” – вонкаваму імпульсу, які імгненна, без шуму і пылу, змяніў маё светаадчуванне. Проста аднойчы да нас у клас прыйшла новая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая вельмі адрознілася ад папярэдніх ідэалагічна правільных цётачак. Звалі яе Ніна Міхайлаўна Трушанава, было ёй гадоў 27 (спадзяюся, у яе жыцці дагэтуль усё добра), была яна блізкая да тых нефармальных колаў, з якіх паўставалі “Талака” і “Тутэйшыя”.

І вось неяк пачала яна апавядаць нам на ўроку пра тое, што беларуская мова знікае, а гэта ніякая не сялянская мова, а нармальная еўрапейская мова, і што мы – такі ж народ, як немцы і французы, і маем уласную гісторыю і гонар, і нам ёсць чым ганарыцца, а мы не дбаем пра гэта. Імпульс быў дадзены.

Хтосьці слухаў AC/DC, хтосьці насіў доўгія валасы, хтосьці танчыў брэйк, мая індывідуальнасць выявілася ў тым, што я пачаў размаўляць па-беларуску – і не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. Гэта ўводзіла асяроддзе ў стан сапраўднага шоку, што толькі пераконвала мяне, што я “іду правільным шляхам”, ну а калі класная вар’яцела ад таго, што школьны дзённік я пачаў весці па-беларуску – гэта быў супердрайв! Дарэчы, “падняць” белмову да размоўнага ўзроўню я здолеў сам за тры месяцы – проста тупа чытаў у гэты час пераважна беларускую літаратуру – прычым добрую літаратуру, дзякуючы той жа Ніне Міхайлаўне (так, дарэчы, адкрыў для сябе Караткевіча), прымушаў сябе думаць па-беларуску і размаўляць сам з сабой, калі не ведаў словаў – лез у слоўнік.

Праз некалькі гадоў тым жа макарам выцягнуў і ангельскую мову на ўзровень ад “чытаю са слоўнікам” да свабоднага валодання!

А потым пайшло-паехала. 1988–1989 гады, Курапаты, БНФ, ЛіМ, бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня, захапленне ад падзеяў у Прыбалтыцы (і дадатковы драйв ад таго, у які жах яны ўводзілі бацькоў), першае знаёмства з несавецкімі версіямі гісторыі Беларусі, першыя звесткі пра Вітаўта і Сапегу, бітву пад Оршай і літоўскія статуты…

Усё гэта ішло на ўра і мела падрыхтаваную глебу. Так што на гістфак (потым нас адразу пераслалі на філасофска-эканамічны факультэт) у 1989 годзе я ішоў ужо даволі сфармаваным “сведамітам” і нефармалам, які паспеў і на мітынгі пабегаць, і ўлёткі паразносіць, і прайшоў праз прафілактычныя размовы з участковым.

Сям’я і школа на ўсё гэта глядзела як на юнацкі максімалізм, кшталту падрасце-перабесіцца. І не ведалі яны, што светапогляд і каштоўнасці, што закладаюцца ў чалавека паміж 15 і 20 гадамі, закладаюць падмурак яго індывідуальнасці на ўсё жыццё. Таму мне проста пасчасціла быць дзіцем свайго часу – быць кімсьці, акрамя як беларусам, я ўжо проста не мог.

Фота (с)