Віялета Пачкоўская / Арэхападзенне

Паэтка, перакладчыца з польскай (вершы Мажаны Келяр, Юліі Хартвіг, Марціна Святліцкага). Фіналістка конкурсаў, прысвечаных 500-годдзю Пятраркі і 100-годдзю “Нашай Нівы”, 100-годдзю Чэслава Мілаша. Жыве ў Мінску.

 

 

 

 

 

 

у дзяцінстве
я без боязі караскалася на высокія дрэвы
рвала праз плот суседскія яблыкі
штовясну вымярала ўсе лужыны
прыносіла дадому вожыкаў
і паіла іх малаком
а цяпер
усе называюць мяне поўным іменем
а некаторыя нават выкаюць
цяпер я стала зусім вялікая
і ўсяго баюся
замачыць ногі
наламаць дроў
параніць і параніцца
асабліва асцерагаюся яблыняў
табе гарбату з малаком?

 

* * *

твае вусны — як комін над хатай маёй бабулі
толькі паліш часцей, чым яна ў печы
твае вусны — як слімак на старой слівіне
пяшчотныя і выкшталцоныя
валасы — як халодныя макароніны
звіваюцца долу, падаюць у міску
ты некалі будзеш з залысінай
як мой дзед, ты й зараз да яго падобны:
стары грыб — худыя ногі, цыгарэта ў зубах
і выключны ўнутраны свет
толькі што не храпеш, але гэта
прыйдзе з часам
прасую твае майкі
гладжу тваю скуру
латаю кішэні, прышываю гузікі
я кожны дзень шчаслівая
бо ты штораніцы просіш есці
а ноччу абдымаеш у сне
я думаю, нам не будзе сумна на пенсіі
пры ўмове, што я не памру
раней ад смеху
а ты кінеш паліць і пачнеш есці суп
бо шчасце — гэта ж як два пальцы

 
ew1

Чорна-белыя вершы // Пра праект // Удзельнікі папярэдніх выпускаў

Беларускае Лiтаратурнае Радыё ЕЎРАРАДЫЁ relax.by Культурный журнал Саюз беларускіх пісьменнікаў