Беларуская паэтка, лінгвістка і мыслярка Вольга Гапеева ў інтэрв’ю budzma.org распавяла, як выглядае жыццё творцаў у Германіі, чаму яна адмовілася ад старонкі ў Фэйсбук і якім быў яе досвед працы ў АБСЕ.
Вольга Гапеева
— Вольга, над чым вы зараз працуеце?
— Я пачала працу над новым раманам, збіраю матэрыял, думаю пра структуру і сюжэт. Пакуль нічога асаблівага сказаць не магу, і нават калі цяпер мне здаецца, што там будуць пэўныя тэмы, не выключана, што калі кніжка будзе гатовая, там будуць зусім іншыя гісторыі. Але, пэўна, можна прадказаць нелінейную структуру і не самых звычайных персанажаў.
Летам у мяне выходзіць паэтычная кніжка «Пад асобнымі коўдрамі» ў выдавецтве «Скарына прэс», таму і тут ёсць праца, апошняя рэдактура, праца з дызайнеркай над вокладкай і г. д. Паралельна я пішу эсэ (па-нямецку) і складаю паэтычную кніжку нямецкамоўных вершаў.
— Вы шмат разоў станавіліся лаўрэатам прэмій — як беларускіх, так і замежных. Што яны значаць для вас і ці ўплывалі на вашую творчасць?
— Прэмія — заўсёды прыемная падзея ў жыцці творчага чалавека, але істотна памятаць пра тое, што любая прэмія і журы — суб’ектыўныя, і што яны не вызначаюць цябе як творцу. Так, гэта дапамагае прамоцыі, чытацтва часта арыентуецца на прэміі і таму пачынае актыўней чытаць аўтарку або аўтара, але зноў жа вельмі небяспечна падпадаць пад маральны ўплыў прэмій.
У гэтым, дарэчы, адна з цяжкасцей творчых прафесій. Вялікі кавалак працы застаецца незаўважаным публікай. Ты можаш пісаць раман ці кніжку год, два, тры, а то і болей, а потым яе чытаюць за адзін-два дні. Гэтая непрапарцыйнасць затрачаных сілаў на стварэнне і «спажыванне» твора часта не ўлічваецца ні крытыкамі, ні чытацтвам.
Хацелася б, каб яны пра гэта памяталі і з павагай ставіліся да працы творцы, нават калі ім твор і не падабаецца.
— Чаму вас няма ў Фэйсбуку?
— У мяне ёсць старонка ў Інстаграме і сайт. Старонка ў Фэйсбуку была раней, але я ад яе адмовілся, бо мне там няўтульна. Назіраю там не вельмі паважлівае стаўленне да асобы, таксічнасць, шалёны тэмп.
— У чым бачыце задачы літаратуры ў гэты цяжкі перыяд гісторыі, калі ў Беларусі ідуць рэпрэсіі, а ва Украіне — вайна?
— Я не вельмі люблю выраз «задачы літаратуры», бо гэта неяк занадта бюракратычна гучыць, адразу ўзгадваецца «эканамічная значнасць» як асобны пункт у напісанні дысертацый (усміхаецца — budzma.org). Літаратура можа быць абсалютна рознай, таму і «задачы» ў яе розныя: і забаўляць, і адукоўваць, і ратаваць.
У гэтым і моц літаратуры — кожная і кожны можа адшукаць для сябе ўсё, што трэба ў дадзены момант гісторыі або жыцця.
— Ведаю, што нейкі час вы працавалі ў АБСЕ. Якім быў гэты досвед?
— Я рабіла пісьмовыя пераклады для АБСЕ ў межах Трохбаковай Кантактнай групы (Кантактная група па мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны — budzma.org). Гэта быў вельмі карысны досвед, я пабачыла, як працуюць такія структуры знутры. Няхай зусім троху, бо мая камунікацыя была дыстанцыйнай і пісьмовай, але ўсё адно нейкае ўражанне склалася.
Таксама шмат чаго ўражвала мяне як паэтку: некаторыя дакументы — прыватныя лісты, напрыклад, прашэнні — было вельмі цяжка перакладаць з эмацыйнага пункту гледжання, або часта мяне непрыемна ўражвала «бюрактарычная» мова, дзе няма месца чалавечнасці, а ёсць толькі «сухія факты». Падзеі і лісты такога кшталту былі штуршком для напісання вершаў, так я перапрацоўвала няпросты досвед.
— Вы зараз жывяце ў Германіі?
— Так, да лістапада я на літаратурнай стыпендыі ў Нямеччыне, што будзе пасля — я не ведаю. З Беларусі я з’ехала ў 2019 годзе, яшчэ да ўсіх сумных падзеяў.
— Якімі бачыце плюсы і мінусы жыцця ў Германіі для тых, хто вырас у Беларусі і прывык да беларускіх парадкаў і правілаў паводзін?
— Я не думаю, што можна казаць пра нейкія плюсы і мінусы ў дачыненні да жыцця тут ў залежнасці ад таго, дзе ты жыла раней. Усё вельмі індывідуальна, мне здаецца. Але калі спрабаваць стэрэатыпізаваць, то беларусы шмат у чым падобныя да немцаў, шануюць правілы і любяць працаваць, і нацыяльныя кухні таксама маюць шмат паралеляў.
— А што можаце сказаць пра жыццё творцы ў Германіі?
— Гэта вельмі складанае жыццё, бо жыццё любой/любога творцы — няпростае, трэба ўмець мірыцца з нестабільнасцю, намадызмам, няпэўнасцю і яшчэ крытыкамі (усміхаецца — budzma.org). Напэўна, сёння я нікому не пажадала б быць творцай ці творцам, але зноў жа ўсё залежыць ад асаблівасцей характару і складу натуры.
Ёсць людзі, якія любяць вандраваць, ім не вельмі істотная «стабільнасць», ёсць тыя, хто прасцей пераносіць крытыку, але ёсць і тыя, каму ўсё гэта даецца няпроста, тады творчая прафесія можа стацца сапраўдным выпрабаваннем.
У любым выпадку, на жаль, сёння амаль нідзе не магчыма жыць толькі з творчасці (вядома ж, ёсць і выключэнні). Нават тут, у Нямеччыне, большасць аўтарак і аўтараў (ці мастачак, мастакоў) працуць недзе яшчэ, ці робяць нешта яшчэ, як кажуць, маюць «Brot job». У той жа час я абсалютна не хачу нікога дэматываваць рабіцца творчай асобай, або казаць, што немагчыма жыць толькі так ці гэтак:
мы самі ствараем сваю рэальнасць, гэта мегаскладана, але магчыма. Таму, калі ласка, слухайце сябе, свае мары і жаданні, а не мяне (усміхаецца — budzma.org).
У любым выпадку, творчае жыццё ў Беларусі нашмат складанейшае, бо ў Нямеччыне і Аўстрыі ёсць процьма праграмаў падтрымкі, стыпендый, прэмій і г. д. Літаратура там бізнес, і, як шмат які бізнес, не заўсёды мае «чалавечае аблічча». Таксама тут вялікая канкурэнцыя, але і больш мажлівасцей. Зноў жа шмат залежыць ад таго, у якім выдавецтве ты друкушся, ці выходзяць рэцэнзіі на твае кніжкі. Але кніжны рынак тут велізарны, і штогод друкуюць столькі літаратуры, што яе ўсю і не прачытаць. Таму шмат чаго застаецца незаўважаным.
Антон Навумчык, budzma.org
Чытайце яшчэ:Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: «Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кнігі»