Філосафка і аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі» Вольга Шпарага нядаўна атрымала ў Патсдамскім універсітэце «Прэмію Вальтэра за талерантнасць, міжнароднае разуменне і павагу адрозненняў». У інтэрв’ю budzma.org філосафка рапавяла, у якой кропцы гісторыі, на яе думку, сёння знаходзяцца беларусы, якім яна бачыць «далікатны супраціў» унутры краіны і што варта было б пераняць Беларусі з досведу Германіі.
Вольга Шпарага. Фота: Артурас Морозовас, LRT.lt
Вольга Шпарага нарадзілася ў 1974 годзе, вывучала філасофію ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Рурскім універсітэце г. Бохума. Кандыдатка філасофскіх навук. Аўтарка трох манаграфій. Яе трэцяя кніга «У рэвалюцыі жаночае аблічча: выпадак Беларусі» выйшла ў чэрвені 2021 года ў нямецкім выдавецтве Suhrkamp і стала бэстсэлерам. У 2014 годзе Вольга Шпарага ўвайшла ў групу заснавальнікаў Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), а ў жніўні 2020 года стала сузаснавальніцай Фемгрупы Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі і Офіса па адукацыі для новай Беларусі. Цяпер жыве ў Берліне.
— Вольга, што для вас значыць прэмія Вальтэра?
— Гэта знак прызнання, які дае магчымасць больш шырока і ўпэўнена казаць пра Беларусь у еўрапейскіх краінах. Што, безумоўна, вельмі важна, бо галасоў і магчымасцяў распавядаць пра нашу краіну недастаткова.
Вольга Шпарага (пасярэдзіне) падчас уручэння прэміі. Фота: uni-potsdam.de
Яшчэ варта адзначыць, што ў нямецкамоўнай прасторы вельмі шмат падобных форм прызнання. І гэта досвед, варты пераймання: у Беларусі вельмі не хапае рознага роду прэмій. Трэба, каб былі, да прыкладу, не дзве-тры літаратурныя прэміі, а каб іх быў дзясятак.
Шмат беларускіх творцаў, праваабаронцаў, актывістаў заслугоўваюць розных формаў прызнання. Важна, каб гэтыя людзі не апускалі рукі, а адчувалі, што іх дзейнасць важная для іншых людзей.
— Вы напісалі ў Фэйсбуку, што за мінулы год пабывалі з расповедамі пра Беларусь у 21 горадзе і 6 краінах (Германіі, Аўстрыі, Балгарыі, Сербіі, ЗША, Літве). З падзеяў 2020 года ў Беларусі ўжо прайшло тры з паловай гады, што вы сёння назіраеце ў заходніх краінах — які там узровень цікавасці да сітуацыі ў Беларусі?
— У такіх краінах як Балгарыя, Сербія, ЗША, Нямеччына ці Аўстрыя інфармацыі пра Беларусь, відавочна, вельмі бракуе. Можна таксама сказаць, што, на жаль, на яе няма запыту. Разам з тым дзякуючы падзеям 2020 года з’явіўся інтарэс да Беларусі ў асобных інтэлектуальных колах і асобных прафесійных галінах. З’явіліся даследаванні пра нашую краіну, беларускі і беларусы часцей удзельнічаюць у міжнародных канферэнцыях і розных культурніцкіх, палітычных і іншых мерапрыемствах.
Разам з тым важна выходзіць да больш шырокай аўдыторыі ў заходніх краінах. Гэта, безумоўна, няпроста, але варта спрабаваць.
Калі ж казаць пра такія краіны як Польшча і Літва, то, безумоўна, Беларусь адтуль бачная нашмат лепш, і там перад беларусамі стаяць іншыя задачы.
— У нядаўнім інтэрв’ю budzma.org пісьменнік Саша Філіпенка адзначыў, што ў еўрапейскіх краінах падзеі 2020 года ў Беларусі забываюцца, «калі не сказаць, што ўжо забылі». Ён узгадаў, як нямецкі журналіст сказаў яму: «Як добра, што сітуацыя ў вас у Беларусі нармалізавалася». А якое ў вас уражанне?
— Безумоўна, канфліктаў у сучасным свеце так шмат, што нешта з часам забываецца, становіцца менш актуальным. Таму нам, беларускам і беларусам, трэба памяшчаць сябе ў шырокі кантэкст і вучыцца размаўляць у ім пра сябе. Зразумела, што як даследчыца я пішу пра Беларусь, але акрамя таго стаўлю перад сабою індывідуальную задачу выходзіць на журналістаў.
Фота з асабістай старонкі Вольгі Шпарагі ў Facebook
— У якой кропцы гісторыі, на ваш погляд, мы сёння знаходзімся?
— Думаю, што сёння мала хто сумняецца, што 2020 год стаў важным пунктам у беларускай гісторыі. Я лічу, што тады ўвасобіўся шырокі запыт грамадства на прадэмакратычную трансфармацыю, чаго раней не было.
Міжнародныя даследаванні адносяць падзеі 2020 года ў Беларусі да 15 самых буйных пратэстаў за апошнія 50 гадоў па ўсім свеце. Хаця пратэсты не змянілі рэжым, але змянілі беларускае грамадства. Можна правесці паралелі з пратэстамі ў Іране ў 2023 годзе.
Даследчык Асэф Баят (Asef Bayat) канстатаваў, што дзякуючы ім у іранскім грамадстве распаўсюдзілася ўяўленне, што калісьці дзейсны рэжым падзе і краіну чакае іншая будучыня. Таксама ён адзначыў: рэвалюцыйнай сітуацыі на сёння няма, але іранскае грамадства на шляху да новай рэвалюцыі. І гэта, мне здаецца, характэрна і для Беларусі.
Як бы цяжка людзі ўнутры краіны не адчувалі сябе, іх надзею не зломіш.
Разам з тым дадаўся кантэкст вайны Расіі супраць Украіны. Для беларусаў і беларусак гэта таксама новы выклік, якія мае супярэчлівыя наступствы. Даследаванні паказваюць: у часткі грамадства ўзнікае пачуццё ўдзячнасці Лукашэнку за тое, што Беларусь не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях наўпрост, што на беларускія гарады на падаюць бомбы. Гэта, натуральна, супярэчыць запыту іншай часткі грамадства на змены ў Беларусі, на праяўленне салідарнасці з Украінай.
Іншы аспект — небывалы ўзровень міграцыі беларусаў. Узнікла моцная дыяспара, і яна застаецца актыўнай. З падзеяў 2020 года прайшло больш за тры гады, але ўзнікаюць новыя ініцыятывы, выдаюцца кнігі, праводзяцца імпрэзы. Таму нават у сітуацыі шырокіх рэпрэсій унутры краіны надзея працягвае жыць.
У сваіх даследаваннях я выкарыстоўваю тэрмін «далікатны супраціў». Я запазычыла яго ў польскай даследчыцы Евы Маеўска (Ewa Majewska), якая з яго дапамогай апісвала сітуацыю ў Польшчы 1980-х, калі ў адказ на стварэнне прафсаюзнага руху «Салідарнасць» было ўведзенае ваеннае становішча.
Яскравы прыклад «далікатнага супраціву» — памада, якую выкарыстоўваюць у турме Марыя Калеснікава і іншыя беларускі. Вольга Класкоўская апісала ў сваіх дзённіках, як прасіла маці, каб тая прывозіла памаду, каб раздаваць яе іншым зняволеным. «Далікатны супраціў» мае шмат розных формаў, калі людзі дзейнічаюць непублічна, падтрымліваюць адно аднаго.
— У Беларусі жанчын, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, караюць крымінальнымі прысудамі — часта з жахлівымі тэрмінамі. Пры гэты Лукашэнка за апошнія гады не раз публічна сцвярджаў, што «з жанчынамі не ваюе»…
— Відавочна, што гэта не так. Пры тым Лукашэнка вёў негалосную вайну з жанчынамі і да 2020 года. Напрыклад, у 2018-м ён не дазволіў прыняць законапраект пра супрацьдзеянне хатняму гвалту — хаця існаваў кансэнсунс на гэты конт паміж грамадскім сектарам і міністэрствамі.
Але хатні гвалт быў нябачным. Калі ж у 2020 годзе жанчыны, як і грамадства ў цэлым, вышлі з-пад кантролю, сталі заўважнымі, то і гвалт супраць іх стаў заўважным.
— Пытанне да вас як да аўтаркі кнігі «У рэвалюцыі жаночае аблічча». Як вы лічыце, як беларускія жанчыны ўспрымаюць свой удзел у рэвалюцыі-2020, якая не ўдалася, праз тры з паловай гады? Ці няма рызыкі, што на фоне рэпрэсій усё больш будзе папулярнай думка: ай, лепей мы сядзелі б дома і варылі боршч, як рэкамендавала некалі Лідзія Ярмошына?
— Мне здаецца, што хутчэй назіраецца адваротная тэндэнцыя. Тыя жанчыны, якія рэфлексуюць на гэты конт, жадаюць дзейнічаць і актыўнічаць далей у самых розных сферах — як за межамі краіны, так і ўнутры.
Фота з асабістай старонкі Вольгі Шпарагі ў Facebook
У 2020 годзе беларускія жанчыны паверылі ва ўласныя сілы і сілу салідарнасці. У тое, што беларускае грамадства можа прызнаць лідарства жанчын.
Паглядзіце, колькі новых імён стала вядома шырокай аўдыторыі: Вольга Падгайская, Галіна Казіміроўская, Юлія Міцкевіч, Вольга Гарбунова, Алена Жываглод... Прозвішчы можна пералічваць і пералічваць.
— У мінулым годзе пасля абвінавачанняў у харасменце звольнілі выкладчыка ЕГУ Сяргея Сялецкага. Пры тым, што вы звярталі ўвагу адміністрацыі на яго паводзіны яшчэ каля 10 гадоў таму. У многіх беларусаў, якія нядаўна апынуліся за мяжою, гэта сітуацыя выклікала здзіўленне: як такое можа быць у Еўропе? На ваш погляд, доўгая адсутнасць рэакцыі на паводзіны выкладчыка — гэта гісторыя канкрэтна пра ЕГУ, ці гэта гісторыя і пра частку іншых еўрапейскіх ВНУ?
— Сёння барацьба з харасментам і непаважлівым стаўленнем стала важным складнікам еўрапейскай адукацыйнай прасторы. Восенню я выкладала курс у Зальцбургу (універсітэт Mozarteum), і першае, што мне даслалі пры працаўладкаванні, — дакумент пра супрацьдзеянне харасменту. Прычым пад гэтае вызначэнне трапляюць розныя формы непаважлівага стаўлення да студэнтак і студэнтаў. Недапушчальна адносіцца да іх як да няроўных і няпаўнавартасных істот. Атмасфера ў ВНУ павінна быць паважлівая і адкрытая, каб студэнты маглі раскрыць свой патэнцыял.
Аднак залішняй іерархіі ў еўрапейскіх ВНУ усё яшчэ хапае, таму і скандальныя гісторыі працягваюць час ад часу з’яўляцца.
Разам з тым, мне здаецца, што выпадак з ЕГУ стаіць асобна, бо, па сутнасці, гэта беларускі ўніверсітэт. У 2014 годзе мае калегі і я згубілі там працу, бо змагаліся за дэмакратызацыю акадэмічнай просторы ЕГУ, на што кіраўніцтва ўніверсітэта не пагадзілася. Мне здаецца, што тыя звальненні і сітуацыя з выкладчыкам Сялецкім — звёны аднаго ланцуга.
Аўтарытарныя звычкі ў ЕГУ былі перанесеныя з Беларусі і працягваюць захоўвацца там на працягу шмат гадоў. Лічу, што ўніверсітэту неабходны змены.
— Вольга, што вас звязвае ў Германіяй? І які яшчэ досвед адтуль, на ваш погляд, варта было б перанесці ў Беларусь?
— Першыя раз я паехала вучыцца ў Германію, калі мне было 19 гадоў. З тых часоў паездак па вучобе і працы ў гэтую краіну было шмат. І магу сказаць, што беларускі і беларусы падобныя на немцаў сваёй дысцыплінаванасцю. Хаця існуюць спрэчкі, адкуль у Беларусі ідзе гэтае ўяўленне пра парадак — знізу ці зверху? Але тое самае можна сказаць і пра Германію.
Цікавы досвед Германіі ў сферы культуры: ёй характэрна дэцэнтралізацыя ініцыятываў, але разам з тым падтрымка НДА з боку дзяржавы. Шматлікія ініцыятывы спрыяюць рознабаковасці культуры і задавальненню разнастайных запытаў. Да таго ж, ініцыятывы на лакальным узроўні лепш ведаюць, што неабходна мясцовых жыхарам. Аднак ёсць і мінусы. Напрыклад, беларусы сутыкаюцца з патэрналізмам з боку нямецкіх калег, выбудоўваць адносіны з нямецкімі арганізацыямі няпроста.
Думаю, цікавым для беларусаў можа быць няпросты, але важны досвед немцаў па працы з мінулым, яго перапрацоўкай. Выкрыццё і абмеркаванне недэмакратычных, гвалтоўных практык у розных сферах жыцця неабходныя.
У Германіі, як выявілася, з гэтым не усё гладка. Ва ўсходніх землях з часоў ГДР захавалася закрытасць, варожае стаўленне да мігрантаў, там знайшла немалую падтрымку ультраправая партыя «Альтэрнатыва для Германіі». І немцы кажуць зараз, што памылкова не надалі гэтаму дастатковай увагі пасля аб’яднання краіны, якое адбылося больш за 30 гадоў таму.
У ГДР на ўзроўні прапаганды сцвярджалася: мы справіліся з нацыянал-сацыялізмам і яго мінулым. Але насамрэч амаль нічога не рабілася, каб змагацца з правымі радыкальнымі настроямі, якія заставаліся схаванымі ў грамадстве.
Хаця ў цэлым сёння нямецкае грамадства не з’яўляецца палярызаваным (у адрозненне ад амерыканскага і польскага), але ў ім хапае канфліктных лініяў. Напэўна, тут таксама можна правесці паралелі з беларускім грамадствам.
Антон Навумчык, budzma.org