Тэатральны аглядальнік склаў для @radakultury падборку з 5 беларускіх спектакляў, якія варта і можна паглядзець у інтэрнэце проста цяпер.
«Тутэйшыя», Купалаўскі тэатр
Культавы спектакль рэжысёра Мікалая Пінігіна (па п’есе Янкі Купалы), пастаўлены ў 1990 годзе. Савецкі Саюз яшчэ існаваў, а ў цэнтры Мінска расказвалі гісторыю беларусаў, вымушаных прыстасоўвацца пад чарговых акупантаў (у тым ліку камуністаў). У галоўнай ролі — Віктар Манаеў, у фінале на сцэне з’яўляўся бел-чырвона-белы сцяг, а заля дружна крычала «Жыве Беларусь!»
«Сфагнум», «Вольныя купалаўцы»
Пасля падзей 2020 года звольненыя акцёры Купалаўскага стварылі трупу «Вольныя купалаўцы». У іх назапасіўся прыстойны архіў спектакляў, які па пэўных прычынах абнуліўся. Даступнымі засталіся толькі тры пастаноўкі — «Камедыя Юдзіфі», «Дзяды» і «Сфагнум». Апошняя разлічаная на самую шырокую аўдыторыю. Гэта бандыцкая камедыя, створаная ў 2023 годзе паводле аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. На падставе гісторыі пра трох бандзюганаў-маладзёнаў, што вымушаныя «залегчы на дно» у адной з беларускіх вёсак, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў ставіць спектакль у рэчышчы псіхалагагічнага тэатру (з адценнямі лёгкай містыкі).
Carmina Burana, Тэатр оперы і балета Беларусі
Сёлета з пасады мастацкага кіраўніка Опернага сышоў харэограф Валянцін Елізар’еў. Гэта добрая нагода звярнуцца да вакальна-харэаграфічнага прадстаўлення 1983 года. З лацінскай назва перакладаецца як «Песні Баерна» — ад баварскага манастыра, дзе ў пачатку ХІХ стагоддзя быў знойдзены зборнік сярэднявечных тэкстаў. Кампазітар Карл Орф абраў 24 вершы і ў 1937-м напісаў на іх аснове музычны твор. Харэограф Валянцін Елізар’еў адным з першых прапанаваў тэатральнае ўвасабленне кантаты, захаваўшы трох салістаў і хор. Таксама ў сеціве можна паглядзець пастаноўку Елізар’ева «Стварэнне свету».
«Адвечная песня», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
У 2002 годзе рэжысёра Сяргея Кавальчыка папрасілі зладзіць літаратурны вечар да 120-годдзя з Дня нараджэння Янкі Купалы. Замест гэтага ў рэпертуары тэатра з’явілася фольк-рок-опера кампазітара Цімура Каліноўскага, створаная на аснове аднайменнай паэмы класіка. У галоўнай ролі — цяперашні вольны купалавец Ігар Сігоў. Мужык, якога ён увасабляў, праходзіў у той рок-оперы ўсё жыццё ад нараджэння i дa caмaй cмepцi. Спектакль стаў прарывам для РТБД.
«Пачупкі», Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі
Папярэднія спектаклі можна паглядзець бясплатна. А вось за «Пачупкі» давядзецца плаціць. Прычына ў тым, што гэта свежая пастаноўка 2022 года, якая дагэтуль збірае аншлагі. «Пачупкі» — спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. Спектакль, у якім галоўным выяўленчым сродкам выступае гук.