Гэты сезон для беларускай тэатральнай зоркі стаўся насычаным — дзве прэм’еры, выданне дзіцячага спеўніка і праекты, якія трымаюцца пакуль у сакрэце. Разам з тым узятая паўза ў выкладанні ў дзіцячай тэатральнай студыі, зачынілася (магчыма, часова) і свая студыя «Зялёнае святло». «Краму адзення пакуль не кідаю — гэта стабільны заробак, а ў маёй акторскай справе гэта пакуль не так. Хацелася б больш, канечне, працаваць на сцэне ці ў кадры. Але што ёсць, тое і ёсць, таму і радая».
Святлана Зелянкоўская. Крыніца: FACEHUB
Вядомая беларуская актрыса, колішняя прыма Купалаўскага тэатра Святлана Зелянкоўская сышла са славутага нацыянальнага яшчэ да падзей 2020 года — з мужам Сяргеем Міхалком яны абралі для жыцця Кіеў. Вяртанне на вялікую сцэну — гэтым разам ужо з вольнымі Купалаўцамі — адбылося ў 2022 годзе ў спектаклі Мікалая Пінігіна «Рамантыка» ў Варшаве, куды Святлана Зелянкоўская пераехала пасля разводу з Міхалком.
Актрыса адкрыла ў Варшаве сваю тэатральную студыю «Зялёнае святло» і планавала, калі ўсё складзецца, у 2023-м запрасіць беларускіх гледачоў на сваю першую пастаноўку. Але не ўсё ў вымушанай эміграцыі адбываецца, як было задумана, кажа Святлана Зелянкоўская ў інтэрв’ю Budzma.org.
— Насамрэч студыя «Зялёнае святло» адкрылася і праіснавала паўгода, пасля ў мяне пачаліся праблемы з памяшканнем. А калі я змяніла памяшканне, то ўжо не набралася патрэбная колькасць вучняў. Але мяне запрасілі ў беларускую тэатральную студыю «Купалінка» весці заняткі. Спачатку нават пры «Купалінцы» думала адкрыць нанава «Зялёнае святло», але пакуль не склалася. Пачала працаваць у «Купалінцы» з дзеткамі — у мяне тры групы было.
Пакуль, што праўда, я спыніла выкладанне пры «Купалінцы», бо з’явілася шмат тэатральных праектаў, ёсць яшчэ і штодзённая праца. Не паспяваю трошкі. Але думаю, што вярнуся. Зараз, можна сказаць, проста ўзяла паўзу ў выкладанні.
Святлана Зелянкоўская
— Пры «Купалінцы» нядаўна вы зрабілі беларускі дзіцячы спеўнік «Мілыя мясціны», у чым яго адрозненне ад іншых — апошнім часам выйшла некалькі беларускіх спеўнікаў?
— Са стваральніцай «Купалінкі» Наталляй Локіць вырашылі падацца на міні-грант па праграме Беларускай Рады культуры і Дацкага інстытута культуры ArtPower Belarus, каб стварыць спеўнік з твораў маёй любімай настаўніцы ў фальклорным тэатры «Госьціца», выкладчыцы, рэжысёркі, харэографа — ды ўвогуле цяжка пералічыць усе яе здабыткі ў нацыянальнай культуры — Ларысы Сімаковіч.
Яна калісьці паклала на музыку вершы свайго мужа Барыса Жанчака. Стварэнне гэтага прыватнага спеўніка адбывалася ў 80-х — не існавала такога беларускага, акрамя, можа быць, зборнікаў народных нашых песень. І Ларыса Сімаковіч вырашыла стварыць такі зборнік для свайго сына, каб ён выхоўваўся ў сваім, беларускім. Гэтая сям’я зрабіла спеўнік для прыватнага карыстання, а мы сёння вырашылі яго распаўсюдзіць сярод вялікай беларускай аўдыторыі.
Гэтыя песні, якія вельмі добра і лёгка кладуцца на слых, складаюць каляндарны цыкл, яны — для самых маленькіх дзяцей, дашкольнага ўзросту і пачаткоўцаў. Добра падыдуць выкладчыкам у школах, у музычных гуртках.
У нас, здаецца, атрымалася як мае быць з гэтым спеўнікам, мы нават зрабілі тэатральную прэзентацыю з тэатрам-студыяй «Купалінка» ў Беларускім доме.
— Зацікавілі і дзетак, і бацькоў?
— Безумоўна, цікавасць ёсць — мы ж у «Купалінцы» выкладаем беларускім сем’ям. Усе дзеткі тут размаўляюць па-беларуску, што вельмі цешыць і радуе. Песні вельмі цікавыя аўдыторыі, хаця яны, канечне, для самых маленькіх. Дзіцячыя гурты з задавальненнем іх спяваюць.
— Вы сказалі пра штодзённую працу, якая займае час? Гэта, як я разумею, не звязаная з творчасцю праца?
— Так, я працягваю працаваць у краме адзення, дзе пачала адразу пасля пераезду ў Варшаву. На шчасце, з’яўляюцца тэатральныя і кінапраекты, якія даюць пэўную магчымасць неяк зарабляць, але краму пакуль не кідаю — гэта стабільны заробак, а з тым, што тычыцца маёй прафесіі актрысы, гэта пакуль не так. Я вельмі хачу падвысіць свой узровень польскай мовы, каб паспрабаваць сябе на польскай сцэне.
— Існаванне беларускай сцэны за мяжой магчымае? І наколькі паспяховай яна можа быць?
Святлана Зелянкоўская. Крыніца: старонка спектакля «Ордэн белай мышы» ў інстаграме
— У нас няма пакуль што іншага выйсця — толькі хаця б нейкімі праектнымі працамі, кропкавымі, акцёры, у тым ліку і вольныя купалаўцы, могуць сябе адчуваць у прафесіі.
Мне хацелася б больш, канечне, працаваць на сцэне ці ў кадры. Але што ёсць, тое і ёсць, таму і радая.
Што да паспяховасці, то тут трэба вызначыцца, пра што кажам — пра поспех якога размаху? Пакуль што дзве прэм’еры, у якіх я граю, «Па што ідзеш, воўча?» па кнізе Евы Вежнавец і «Ордэн белай мышы» па Уладзіміру Арлову больш цікавыя самім беларусам у эміграцыі. На іншую публіку нам пакуль што цяжка выходзіць. Хаця «Па што ідзеш, воўча?» паспрабуем прадставіць і польскай публіцы. Зробленыя ўжо тытры, спадзяемся, што і польскаму гледачу таксама спадабаецца наш спектакль.
Я думаю, што мы проста спрабуем патроху выжываць, спрабуем застацца ў сваёй прафесіі.
— Гучыць даволі змрочна пра выжываць...
— Ведаеце, насамрэч ёсць і адваротны бок. Калі працуеш у звычайным тэатры, там больш усё такое звыклае, стабільнае, што трошкі неяк і не хапае нерва, драйва.
А тут, калі пастановак няшмат, то тым, якія з’яўляюцца, ты аддаешся напоўніцу. Мне здаецца, гэта больш натхняе і ўражвае. Больш укладаешся ў гэта, хочацца рабіць і рабіць, адчуваеш голад па сваёй прафесіі, па сваёй працы.
— І ў гледача ў эміграцыі голад таксама...
— Так, безумоўна, ёсць дэфіцыт. Таму і ўспрымаецца часта прэм’ера як больш значная падзея, чым калісьці нейкая новая пастаноўка ў самой Беларусі. Ну і канечне, тут вельмі шмат што залежыць ад рэжысёра, ад ягонага таленту, ад цікавага прачытання твора.
— Як адчуванні ад нядаўняй прэм’еры «Ордэна белай мышы» ў Беластоку?
Святлана Зелянкоўская. Крыніца: старонка спектакля «Ордэн белай мышы» ў інстаграме
— Шчыра, мне трошкі не хапіла самой сябе, я б сябе хацела там больш (усміхаецца). Праўду кажу, мне хацелася б большай ролі. Хаця ў спектаклі ў мяне ажно дзве ролі — граю гаспадыню палаца і шэфа паліцыі. Але ж там так яшчэ пабудаваны спектакль, што атрымліваецца тэатр у тэатры, сюжэт кнігі мы дапаўняем уласнымі жыццёвымі гісторыямі. І тыя маналогі, якія мы чытаем ад сябе, яны вельмі кранальныя і ўспрымаюцца гледачом апладысментамі, эмоцыямі, вельмі добра ўспрымаюцца — гэта сапраўды адчуваеш. Мне вельмі падабаецца гэта лінія «тэатр у тэатры».
Святлана Зелянкоўская. Крыніца: старонка спектакля «Ордэн белай мышы» ў інстаграме
— Неяк вы казалі, што ўжо падчас жыцця ў Варшаве да вас звярнуліся з прапановай вярнуцца ў цяперашні тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску. Прапановы працягваюцца?
— Не, больш не было. Ды я і заблакавала той кантакт. Там быў чалавек не канкрэтна з Купалаўскага, такі, звязаны з адным з міністэрстваў, але не культуры. І так, ён казаў: вяртайся, будзеш зноў працаваць у Купалаўскім, аніякіх праблем не будзе. Насамрэч я разумею, што гэта было б нейкае вельмі дзіўнае вяртанне, прыйшлося б, напэўна, нейкае відэа з «пакаяннем» запісваць, абавязкова засвяціцца ў нейкім сюжэце якой «Панарамы» і таму падобнае. Я здзівілася, сапраўды здзівілася, чаму чалавек, які ведае мае погляды і пазіцыю, мне гэта паспрабаваў прапанаваць. Я катэгарычна супраць такіх «вяртанняў», не ведаю, пра што яны думалі з гэтай прапановай, пра што думаюць і на што разлічваюць.
А тое, што адбываецца з Купалаўскім, ну там зараз акцёры з Расіі, там пайшлі рускамоўныя спектаклі. Гэта жудасна для нацыянальнага тэатра. Проста нейкі апакаліпсіс настаў для Купалаўскага, інакш не скажаш.
Пра цяперашняе кіраўніцтва Купалаўскага, пра чалавечыя ды й прафесійныя якасці і гэтак далей нічога казаць не хачу і не буду. Пра тых калег, хто застаўся ў Беларусі, не маю звестак, кантактаў зараз не існуе, з кімсьці і па той прычыне, што гэта можа пагражаць бяспецы людзей. Ім там трэба жыць, існаваць, гэта можа быць небяспечна для іх.
— Што ў планах?
— Мне вельмі б хацелася аднавіць сваю студыю «Зялёнае святло». Напэўна, дзеля гэтага буду нешта рабіць. Хочацца зрабіць пастаноўку з маімі сябрамі, мы над гэтым таксама працуем, шукаем п’есу, каб зрабіць сваімі сіламі пастаноўку. Будзем нешта прыдумваць і рабіць, усіх сакрэтаў пакуль не хочацца распавядаць.
А таксама, мне здаецца, што трэба і пара ўжо рабіць сапраўдны беларускі тэатр у Польшчы. Гэта магчыма, думаю. Тут вельмі шмат беларусаў пасля 2020 года, вельмі шмат выехалай інтэлігенцыі, якой, думаю, не хапае такога свайго тэатра і якая стане яго гледачамі і прыхільнікамі.
Сапраўдны тэатр — гэта было б вельмі файна. Я ведаю, што нешта ў гэтым кірунку ўжо рухалася, чакалі нават памяшкання, але не змаглі дамовіцца, не знайшлі пагаднення па ўсіх пытаннях, каб гэта задавальняла ўсе бакі. Думаю, не трэба кідаць гэту ідэю — трэба рабіць беларускі тэатр. Так, ёсць асобныя ўстановы, беларускія дамы, дом творцаў, але, мне здаецца, нейкі такі агульны ўмоўны Беларускі дом культуры таксама можна было б стварыць. Каб там былі і выставы беларускіх мастакоў, і нейкія імпрэзы, і канцэрты беларускіх музыкаў, вось такі дом, які б збіраў вакол сябе беларусаў. Але, на жаль, ёсць у дыяспары і такі ўласцівы беларусам феномен як бульбасрач, мы яго зноў працягваем па самых розных нагодах. І гэтым раз’ядноўваемся. Не аб’ядноўваемся, не салідарызуемся, а наадварот, інтрыгуем, чапляемся, калі тут трэба быць разам.
Трэба ствараць, пакуль мы тут, сваю Беларусь вакол сябе, трэба самім ствараць нагоды для радасці, трэба ж дажыць, дажыць да новай Беларусі, дачакацца, каб мы вярталіся з нейкім досведам, еўрапейскім, і разам будавалі сваю краіну.
І я вельмі хачу ў Беларусь, але, канечне, не ў тую, якая зараз ёсць. Там магіла маёй маці, там мой дом і мая радзіма. Я захоўваю сваю мову, але ж дзе, як не дома, гаварыць роднымі словамі. Спадзяюся, патрапім.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org