За кратамі загінуў яшчэ адзін беларускі палітвязень — Ігар Леднік. Пра гэтую ахвяру, а таксама пра тое, адкуль усе беларускія беды і ці варта беларусам пераймацца з-за Навальнага, піша Лявон Вольскі ў рубрыцы «Мама, не журыся».
Лявон Вольскі
Беларускія беды: начальства і суседзі
Як пісаў Караткевіч, Беларусі з усім пашанцавала, адно толькі — начальства дрэннае. Ну, як тут не пагадзіцца? Усё добра — лясы, рэкі, азёры, лугі-сенажаці... А вось з начальствам — бяда. Але ёсьць яшчэ адна бяда. Ці ня горшая за першую. Суседзі. Дакладней, сусед. Ці то, суседка? Старэйшая сястра. З чаго, праўда, гэта яе зрабілі сястрою — незразумела. Цягне хіба на далёкую сваячку. Багатая, але бязглуздая. Жыве побач і почасту прыходзіць бяз стуку. Дакладна ведае, як жыць і што рабіць, хаця ў самой у хаце бруд, і цьвіль, і павуціньне. І не дае яна нам жыць спакойна, і прыходзіць, і наводзіць свае парадкі. І калі першую бяду — начальства — можна яшчэ неяк прыбраць (цяжка, але магчыма), дык суседзяў, як усе ведаюць, не выбіраюць.
І вось ужо не было Савецкага Саюзу, а нашае начальства (нашая бяда!) усё азіралася: а што на гэтыя нашыя дзеяньні скажа Масква? Як адрэагуе? А раптам не спадабаецца, і нам перакрыюць газ? І ўжо адлучыліся краіны Балтыі ад гэтае васальнае залежнасьці, а мы ўсё працягвалі енчыць і біць паклоны. І была ў нас спроба імпічмэнту першага (можа, і апошняга?) прэзыдэнта ў далёкім 1996-м, і прыляцелі «міратворцы» з Расеі, усё «разрулілі» (так, як ім было выгодна), і жыцьцё пайшло ў звыклым васальна-залежным рэчышчы.
«Старэйшая сястра» пераймае беларускі досвед
Зрэшты, цягам гэтых пакутліва доўгіх гадоў «супрацы» ня толькі мы пастаянна глядзім на «старэйшую сястру», яна таксама пазірае на нас. Доўгім цяжкім позіркам. Спадылба. Вывучае. Пераймае перадавы досьвед. Напрыклад — як нэйтралізоўваць палітычных апанэнтаў. «Старэйшая сястра» (не, хутчэй — стрыечная цётка!) думала, што гэтых апанэнтаў можна адно толькі забіваць, а прыгледзелася — не, вось жа ж беларускія таварышы актыўна распрацоўваюць старыя добрыя правераныя часам савецкія мэтады! Апазыцыйнага палітыка можна пасадзіць у турму на доўгія-доўгія гады! І там, у вязьніцы, катаваць яго, кідаць у ШІЗА, усяляк прэсаваць, зьневажаць і прыгнятаць. А калі ён не ламаецца ад гэтага ўсяго (нармальныя людзі дык вельмі хутка здаюцца), тады заўсёды ёсьць той, першы, мэтад. Ліквідацыя. Але адна справа — калі ліквідацыя адбываецца на вечаровай маскоўскай вуліцы з прымяненьнем агняпальнае зброі, і зусім іншая — калі чалавек у мейсцах зьняволеньня раптоўна захварэў і аддаў Богу душу.
Што нам той Навальны
Радыкальныя беларусы гавораць: што нам той Навальны? Гэта іншая краіна, там іншыя людзі. Апазыцыйныя палітыкі — усё адно імпэрцы. Ён калісьці зьневажаў беларускую мову і стаяў на скрайнеімпэрскіх пазыцыях. Прабачаўся, але што з таго? Па-сутнасьці, яны ўсе аднолькавыя!
Не такія ўжо аднолькавыя. Хтосьці болей атручаны «навічком» прапаганды, хтосьці меней. Нехта ўпэўнены, што Беларусь — гэта Расея, а нехта падазрае, што не зусім, сумняецца. Але машына прапаганды працуе. Працуе так эфэктыўна, што ўжо й шмат хто зь беларусаў гатовы падлучыцца да «стрыечнай цёткі». Што ўжо там казаць пра расейцаў, давайце пільна паглядзім на сябе! На сваіх сваякоў, сяброў і знаёмых.
У гэтай сытуацыі, калі крамлёўскі царок увасабляе абсалютнае зло, дэмакратычная апазыцыя ў Расеі — гэта крок да лепшага. Прынамсі, да чагосьці іншага, бо гэтая цяперашняя рэчаіснасьць нам надта добра вядомая — з шалёнымі прапагандыстамі, прамытымі народнымі мазгамі, бессэнсоўнай бесчалавечнай вайной і пэрспэктывай сусьветнага ядзернага пажару. І здаецца, што гэтую ненажэрную машыну немагчыма спыніць, і ўсё рашуча паўзе ў бездань.
Навальны кінуў выклік машыне. Яна забіла яго. Але так хочацца верыць, што гэтая ахвяра была не дарэмная, што неўзабаве гліняныя ногі калоса пакрыюцца расколінамі, і ўся гэтая злачынная, заганная, зьвярыная сыстэма абрынецца, лясьне, зруйнуецца!
Тыя, хто гаворыць, што Расея — іншая краіна і пра тое, што трэба думаць найперш пра сваіх палітвязьняў, безумоўна, маюць рацыю. Трэба думаць пра сваіх. І мы думаем. Але каб адзін усходні дыктатар, на якога глядзелі тысячы й тысячы сілавікоў, чыноўнікаў, людзей сыстэмы ў Беларусі ў 2020-м, не ўхваліў урэшце вынік так званых беларускіх выбараў, не было б у нас цяпер ніякіх палітзьняволеных. Былі б адно былыя сілавікі ў перавыхаваўчых установах. Яны б шылі там мяккія цацкі для дзяцей, глядзелі (у абавязковым парадку) добрыя мульцікі з выхаваўчай маральлю — пра дружбу, любоў і ўзаемадапамогу і гулялі ў разьвівальныя гульні.
Яшчэ адна ахвяра
А цяпер — маем што маем. Яшчэ адзін беларускі палітвязень загінуў за кратамі — Ігар Леднік. І суддзя ведала, што чалавек хворы, што можа ня вытрымаць зьняволеньня, але непахісна выпісала прысуд. Гэтае дзікунства — нармальная рэч для беларускіх суддзяў. Будзённая. Стандартная. І, баюся, цяпер ужо мы не абыдземся мяккімі цацкамі, мульцікамі й разьвівальнымі гульнямі. Пакараньне мусіць адпавядаць злачынству.
Ігар Леднік
На волі ў забітых апанэнтаў гэтых рэжымаў засталіся сваякі. Засталіся жонкі, якія пражылі са свамі неабыякавымі мужамі шмат гадоў, якія суперажывалі, дапамагалі, падтрымлівалі, былі баявымі сяброўкамі...
А хто працягне справу дыктатара? Кіраўнік адміністрацыі, міністр абароны, начальнік-сілавік? Бо жонак у дыктатараў няма. Не атрымалася неяк зь сям’ёй. Развалілася ўсё. Відаць, дзяржавай кіраваць лягчэй, чымсьці ўладкоўваць сямейны побыт.
Беларусі пашчасьціла. З усім, апроч начальства. І ўсходніх суседзяў. Але трэба ведаць, што гэтае кепскае начальства ніхто за нас не памяняе.
Ніякія суседзі — нават усходнія. Дай Бог, каб з сабою разабраліся!
"Шмат добрых людзей загадалі адно жаданне". Аўтарка: Ірына Бельская. Крыніца: spring96.org
Моцы — сваякам закатаваных палітычных вязьняў. Трываласьці. Веры ў тое, што ўсё было не дарма! Веры. Надзеі. Любові.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі