18-ты фестываль беларускамоўнай аўтарскай песні «Бардаўская восень» пройдзе з 21 па 23 кастрычніка на Беласточчыне ў Польшчы. Але па традыцыі «Бардаўская восень» распачнецца з адборачнага канцэрту на конкурсную праграму фестываля, які штогод адбываецца ў Менску.
У гэтым годзе адбор на «Бардаўскую восень 2011» адбудзецца 18-га верасня ў кавярні «Лісіная нара». У канцэрце возьмуць удзел барды і акустычныя гурты, што падалі заяўкі на ўдзел у сёлеташнім адборачным туры. У гэты вечар кваліфікаваным журы фестываля будуць вызначаныя выканаўцы, якія напрыканцы кастрычніка паедуць у Бельск Падляшскі (Польшча), – традыцыйнае месца правядзення фестываля, – дзе зайграюць у конкурснай праграме «Бардаўскай восені 2011». Апроч канкурсантаў у адборачным канцэрце ў Мінску возьмуць удзел спецыяльныя госці вечару – пераможца леташняй «Бардаўскай восені» Яўген Барышнікаў, а таксама добра вядомая бард-выканаўца, колішняя ўдзельніца легендарнага беларускага рок-гурта «Новае неба», Кася Камоцкая.
Аднаго з удзельнікаў конкурснай праграмы фестывалю «Бардаўская восень 2011», абяруць наведвльнікі музычнага інтэрнэт-партала «Тузін гітоў», дзе з 12 па 18 верасня пройдзе адмысловы гіт-парад фестываля.
Адборачны канцэрт на конкурсную праграму «Бардаўскай восені 2011» адбудзецца 18 верасня а 18:00 у кавярні «Лісіная нара» (вул. Каліноўскага 32). Інфармацыя і замова столікаў па тэл. 8 (029) 1113232. Уваход на імпрэзу вольны!