Сто гадоў «Узвышшу»: гісторыя легендарнай літаратурнай суполкі, якая абрала якасць замест масавасці

Роўна сто гадоў таму, 26 траўня 1926 года, з’явілася новае літаратурнае аб’яднанне – «Узвышша», якое самім фактам свайго існавання паставіла неўзабаве крыж на усялякіх перспектывах іншых літаратурных суполак. Расказваем, як найлепшыя літаратары той пары вырашылі згуртавацца і чаму якасць у літаратуры заўсёды будзе пераважаць над колькасцю.

Litaraturnaje abjadnańnie «Uzvyšša»
Літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Стаяць: Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Антон Адамовіч, Тодар Кляшторны, Уладзімір Жылка, Васіль Шашалевіч, Пятро Глебка. Сядзяць: Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Дубоўка, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва. Менск, 1928 г. Фота з Вікіпедыі

За тры гады да з’яўлення «Узвышша», у лістападзе 1923 года, быў створаны «Маладняк» – першае літаратурнае аб’яднанне ў Беларусі. Да гэтага існавалі толькі лакальныя гурткі, якія нават і не ставілі сабе за мэту аб’яднанне ўсёй беларускай літаратурнай супольнасці ў адну арганізацыю. У «адраджэнскія» часы пісьменнікаў і паэтаў не было ў такой колькасці, каб існавала некалькі арганізацый, усе яны няблага ўжываліся ў рамках адной «Нашай Ніва».

Усё змянілася ў міжваенны час, калі ў БССР разгарнуліся працэсы беларусізацыі. Маладой краіне патрэбныя былі таленавітыя, амбітныя і адукаваныя кадры, таму і паэты з пісьменнікамі былі запатрабаваныя. Нядзіва, што новапаўсталаму «Маладняку», які фактычна быў адгалінаваннем камсамола, усяляк спрыялі камуністычныя ўлады – суполкі адкрываліся пры рэдакцыях раённых газет, на дзейнасць арганізацыі выдаткоўваліся вялікія сродкі, «маладнякоўцы» часцяком траплялі ў ВНУ без асаблівых праблем.

Дэмарш паэтаў і пісьменнікаў

Праз два гады арганізацыя разраслася да небывалых памераў – у лепшыя свае часы, а гэта акурат 1925 год, «Маладняк» налічваў каля 500 сябраў. Большасць з якіх, праўда, не надта імкнуліся быць добрымі літаратарамі. А некаторыя наогул з цяжкасцямі маглі нешта ўцямнае напісаць. Агульны ўзровень арганізацыі быў даволі сярэднім ва ўсіх сэнсах, што, канешне ж, не магло не выклікаць раздражнення ў тых паэтаў і пісьменнікаў, якія ставілі перад сабой амбітныя мэты.

Акурат таму і адбылося знакамітае пасяджэнне «маладнякоўцаў» 26 траўня 1926 года, пасля якога адбыўся раскол «Маладняка» і сыход з яго найбольш амбітных творцаў. На тым пасяджэнні абмяркоўваліся галоўным чынам 2 тэмы – унутраныя арганізацыйныя пытанні, а таксама заява аб выхадзе з «Маладняка» 4 літаратараў – Адама Бабарэкі, Кандрата Крапівы, Кузьмы Чорнага і Язэпа Пушчы і стварэнні імі новай пісьменніцкай суполкі. Дэмарш паэтаў і пісьменікаў выклікаў бурнае абмеркаванне, да якога далучыліся неапошнія людзі ў тагачаснай БССР. На тым пасяджэнні, акрамя ўласна літаратараў, прысутнічалі Усевалад Ігнатоўскі, Антон Баліцкі, Мікалай Галадзед, Язэп Адамовіч ды некаторыя іншыя чыноўнікі і партыйцы.

Следам за згаданымі 4 літаратарамі з «Маладняка» выйшлі яшчэ Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка і Максім Лужанін. Парываўся таксама пакінуць маладнякоўскія шэрагі і Паўлюк Трус, аднак Платон Галавач, Міхась Чарот і Міхась Зарэцкі знайшлі нейкія рычагі ўздзеяння на маладога паэта і прымусілі яго застацца ў шэрагагах «Маладняка». Гэта ў выніку сапсавала стасункі Труса з Глебкам, бо да з'яўлення «Узвышша» яны былі не проста прыяцелямі або калегамі па літаратурным цэху, але і сябравалі.

Не колькасць, а якасць

Новае аб’яднанне ўзяло сабе назву «Узвышша» – трэба думаць ідэя перакачавала на статутныя дакументы з артыкула Адама Бабарэкі, бо акурат ён яшчэ ўзімку 1925 года прапаноўваў метафарычна ўздымацца з далінаў на ўзвышшы, каб павысіць узровень уласнай творчасці. Бо сэнс літаратурнай працы «ўзвышэнцы» бачылі не ў колькасці, але ў якасці. Таму абсалютна не гналіся за наяўнасцю шматлікіх філій. Ім было дастаткова мець у сваіх шэрагах некалькі дзясяткаў чалавек.

Vokladka pieršaha numaru časopisa «Uzvyšša»
Вокладка першага нумару часопіса «Узвышша». Менск, 1927 г.

Іерархія «Узвышша»

Іерархія новага аб’яднання складалася наступным чынам: Кузьма Чорны быў абраны старшынёй, што зусім не дзіўна, бо малады пісьменнік яшчэ на самым пачатку сваёй жыццёвай кар’еры паставіў сабе за мэту напісаць раман стагоддзя.

Kuźma Čorny
Кузьма Чорны. 1925 год

Кандрат Крапіва быў абраны намеснікам старшыні – дзёрзкі і амбітны, ён адразу ўвязаўся ў канфлікт з Паўлюком Шукайлам, які годам пазней абвесціць аб стварэнні сваёй літаратурна-мастацкай камуны футурыстаў. Прычына таго канфлікту даволі банальная – непаразуменні ў творчасці, бо Шукайла лічыў класічную літаратуру з’явай паміраючай, а байкі і эпіграмы Крапівы – пагатоў. У сваю чаргу Кандрат Крапіва спрабаваў адстаяць права на такую творчасць і не цураўся крэпкіх выразаў. Футурыстычную паэзію Шукайлы ён называў не іначай, як «славесным паносам».

Kandrat Krapiva
Кандрат Крапіва, 1928 год

Адам Бабарэка, які быў абраны сакратаром пісьменніцкай суполкі, вызначыўся на крытычным фронце. Ён вельмі добра разбіраўся ў літаратуры і філасофіі, рабіў нават уласныя напрацоўкі, пра што сведчыць двухтомнік ягоных працаў, які пабачыў свет у 2011 годзе. Калі б не штучна перарванае інтэлектуальнае жыццё ў канцы 1920-х гадоў, то мы б цяпер мелі літаратурную школу «ўзвышэнства», якая б мала чым адрознівалася ад тых кірункаў, што панавалі тады ў Еўропе.

Adam Babareka
Адам Бабарэка, 1929 год

Яшчэ адным несумненным лідарам «Узвышша» быў Уладзімір Дубоўка, які да гэтага актыўнічаў у «Маладняку», прэзентуючы ягонае «маскоўскае» прадстаўніцтва. Бо сам Дубоўка ад сярэдзіны 1920-х гадоў жыў у сталіцы Савецкага Саюза, а працаваў не дзе-небудзь, але ў Крамлі – перакладаў на беларускую мову розныя ўрадавыя дакументы. Што не замінала яму пры гэтым пісаць і выдаваць цудоўныя творы.

Uladzimir Duboŭka
Уладзімір Дубоўка, 1925 год

Як паставіліся да «Узвышша» класікі белліту

Класікі беларускай літаратуры паставіліся да з’яўлення новага аб’яднання па-рознаму. Якуб Колас не ўвязваўся асабліва ў калялітаратурныя канфлікты, а хутчэй наадварот, моўчкі падтрымліваў моладзь у іхных справах. Таму спакойна друкаваўся на старонках аднайменнага альманаха, які пачаў выходзіць з 1927 года. Здаецца, і ўзвышэнцы не надта каб яго крытыкавалі ў сваіх крытычных нататках.

Янка Купала яшчэ раней дыстынцыяваўся ад вірлівага літаратурнага жыцця – ён прывітаў з’яўлення «Маладняка», але потым падтрымліваў зносіны адно з тымі літаратарамі, якіх ведаў добра і даўно.

Зміцер Жылуновіч паставіўся варожа да «ўзвышэнцаў», таму з’яўленне гэтага аб’яднання стане адным са штуршкоў для паўставання літаратурнага аб’яднання «Полымя». З’явіцца яно ў снежні 1927 года, на пятыя ўгодкі існавання часопіса «Полымя», і збярэ пад сваім дахам як колішніх «маладнякоўцаў, кшталту Міхася Чарота, Алеся Дудара і Міхася Зарэцкага, якія ў выніку расколу засталіся ні з чым, так і літаратараў-«адраджэнцаў» – Якуба Коласа, Янку Купалу, Змітра Жылуновіча ды іншых. Адзіны з пісьменнікаў старэйшай пары, хто не проста будзе вадзіць цесную дружбу з «узвышэнцамі», але і стане сябрам аб’яднання, гэта Змітрок Бядуля.

Дарогу маладым

З маладых пісьменнікаў, якія пачнуць рабіць сабе кар’еру ў літаратуры ў другой палове 1920-х гадоў, згадваецца найперш Лукаш Калюга. Пратэкцыю яму зробіць старшыня аб’яднання Кузьма Чорны, які высока ацаніў творчасць маладога пісьменніка, а ўжо ў 1928 годзе на старонках часопіса «Узвышша» будзе апублікаваная ягоная знакамітая аповесць «Ні госць, ні гаспадар».

У наступным годзе Калюга апублікуе на старонках выдання цэлы шэраг апавяданняў, а ўвагу на яго зверне сам Максім Гарэцкі, які ў той час займаўся не толькі стварэннем, але і вывучэннем беларускай літаратуры. Яго фундаментальная «Гісторыя беларускай літратуры» перавыдавалася на гэты момант ужо некалькі разоў.

Рэпрэсіі супраць пісьменнікаў-узвышэнцаў

У канцы 1920-х гадоў пачынаюцца працэсы ўніфікацыі літаратурнага жыцця па ўсім саюзе, для ўзвышэнцаў наступае чорная паласа. Бо неўзабаве пачнуцца сталінскія рэпрэсіі, якія, паводле задумы арганізатараў, мелі ачысціць савецкае грамадства ад чужародных элементаў і яшчэ больш згуртаваць яго перад выкананнем высокіх мэтаў – калектывізацыі і індустрыялізацыі. У такой атмасферы, пісьменнікі, якія ствараюць творы на патрэбу душы, але не партыі, былі па-просту не патрэбныя. А тыя, хто яшчэ любяць сваю нацыянальную культуру, дык і пагатоў.

Redkaliehija časopisa «Uzvyšša»
Рэдкалегія часопіса «Узвышша». Стаяць: Адам Бабарэка і Язэп Пушча. Сядзяць: Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва. Менск, 1927 г.

Таму ўжо ў 1930 годзе некаторыя з «узвышэнцаў» аказваюцца за кратамі па надуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Сярод іх будуць Адам Бабарэка і Уладзімір Дубоўка – першага расстраляюць у 1938 годзе пасля паўторнага арышту, а другі амаль тры дзясяткі гадоў правядзе ў высылцы.

Не абміне турмы ў канцы 30-х і Кузьма Чорны – гэтая акалічнасць істотна пагоршыць здароўе і пісьменнік памрэ ў 1944 годзе, пражыўшы ўсяго 44 гады. Ну а тыя з творцаў, што застаюцца на волі, як той жа Кандрат Крапіва, будуць да канца жыцця трымацца падалей ад небяспечных тэмаў, як у творчасці, так і ў гутарках з сябрамі і знаёмымі.

Афіцыйна «Узвышша» перастала існаваць у 1932 годзе, але насамрэч адбылося гэта раней. Прычыны гэтага вельмі добра і ёміста, літаральна адным сказам, сфармуляваў Адам Бабарэка, які на той момант ужо знаходзіўся ў высылцы. Ён шчыра лічыў, што

««Узвышша» памерла ў 1930 г. не само, а будучы задушаным бандытамі, наладзіўшымі пагром беларускай культуры».

Філіп Бігасаў, budzma.org