«А хто мы такія?»: вядомыя беларусы расказваюць пра кнігі, якія варта пачытаць кожнаму з нас

23 красавіка ў свеце адзначаюць Дзень кнігі і аўтарскага права. З нагоды сімвалічнай даты мы папрасілі вядомых людзей назваць тры найважнейшыя творы, якія варта прачытаць кожнаму беларусу. Атрымаўся цікавы спіс важнага і глыбокага.


Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік

01.jpg
Альгерд Бахарэвіч. Фота Юлі Цімафеевай


1. «Уліс», Джэймс Джойс

— Найвялікшы раман ХХ стагодзьдзя, знаёмства зь якім, у арыгінале ці перакладах, вельмі дапамагае зразумець сапраўдныя магчымасьці літаратуры. Гэтая кніга дасьледуе таямніцу чалавека, занураецца ў глыбіні мовы, злучае ў сабе ўсе міты і архетыпы, гэта ўнікальны тэкст пра кожнага і кожную з нас і месцы, дзе мы жывем. Яго аўтар не падазраваў пра існаваньне беларусаў, але «Уліс» — гэта насамрэч надзвычай беларускі раман. А яшчэ «Уліс» можа навучыць беларускага чытача, што такое сучасная літаратура, бо ўся яна шмат у чым — несьвядомы працяг і творчае асэнсаваньне геніяльнага Джойсавага твора.

2. «Працэс», Франц Кафка

— У ім Кафка дасьледуе жорсткасьць і абсурд Улады, хімэру Закону, пачвару Дзяржавы — і паказвае, як зь бюракратыі нараджаецца Фашызм. Але галоўнае — тыя паэтычная сіла і інтэлектуальная адвага, зь якімі Кафка напісаў свае страшныя і прыгожыя кнігі.

3. Этымалягічны слоўнік беларускай мовы

— Такія слоўнікі надзвычай важныя: вылечваючы ад маніі нацыянальнай велічы, яны вучаць чуць сваю мову як асобны адметны голас у цудоўным сусьветным шматгалосьсі. Голас, які ніколі не гучыць сам па сабе.

Саша Раманава, медыяменеджарка i дырэктарка KYKY

Saša Ramanava
Саша Раманава. Фота: Citydog.by

1. «Каласы пад сярпом тваім», Уладзімір Караткевіч

— Нацыянальны матыватар і ідэальны прыгодніцкі раман для беларуса, не важна, унутры краіны ці ў эміграцыі. Каб натхняцца мінулым, трымацца каранёў, не падаць духам. Чытала гэты раман у цёмны перыяд свайго жыцця ў годзе 2009-м, ён мне тады вельмі дапамог успомніць, хто я. Парада тым, хто ў Вільні: можна летам засесці з кнігай на верандзе La Boheme — некалі любімая кавярня Уладзіміра Караткевіча. «Па дарозе ў «Бочу» нікуды ня збочу», — жартаўлівы вершык пра гэтае месца, тады яно называлася Bočiu.

2. «Ноч», Віктар Марціновіч

— Апакаліптычныя прыгоды нашага сучасніка, напісаныя так лёгка, што адарвацца ад сюжэту не можаш. Сама з задавальненнем б перачытала гэты раман пра вандроўніка, калі б мне патрапілася гэтая кніга. Здаецца, Віктар Марціновіч містычным чынам у 2018-м напісаў пра нас, беларусаў 2024 года.

3. «Галасы ўтопіі», Святлана Алексіевіч

— Тая самая кніга, на якую беларусы сабралі праз краўдфандынгавую платформу «Улей», чый заснавальнік Эдуард Бабарыка зараз сядзіць у турме за тое, што ён сын свайго бацькі. Поўны збор кніг Святланы Алексіевіч у дыхтоўных перакладах на беларускую мову. Том важыць больш за кіло і забірае каля паўгода вольных вечароў, але яно таго варта — разабрацца, чаму ўсё гэтае лайно з намі адбываецца. Мне вельмі дарагая гэта кніга, і праўдамі і няпраўдамі яе вывезлі для мяне з Беларусі, яна зараз са мной.

Юра Дзівакоў, тэатральны рэжысёр

Jura Dzivakoŭ
Юра Дзівакоў. Фота: Дзіна Даніловіч

1. «Гензель і Грэтэль» братоў Грым, ці аднайменная опера Энгельберта Хумпердзіка на лібрэта Адельхайд Веттэ

Гэтая казка ў нейкім сэнсе — неабходная вандроўка ў чорны лес, у які трапляе амаль кожны, аднак знаходзяць выйсьце не ўсе. Толькі зразумейце, што застацца ў гэтым лесе — някепска.

2. «Ператварэнне», Франц Кафка

Можна, канешне, напісаць штосьці накшталт «кожны з нас у адпаведны момант вырашае зьмяніць сваю існасьць», але ў гэтым тэксце шмат іншых таямніц. Ну і канешне, сам аўтар.

3. «Struwwelpeter», Генрых Хофман

Зборнік з дзесяці назідальных вершаў. Кніжка з цудоўным спалучэннем гумару і жаху. Сёння на гэту кніжку паставяць штэмпель 14+, а ў XIX стагоддзі яна выходзіла для дзетак 6+. Памятайце, напісана яна доктарам псіхіятрыі для свайго маленькага сына.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны эксперт

Aliaksandr Klaskoŭski
Аляксандр Класкоўскі. Фота: Наша Ніва

1. «Тутэйшыя», Янка Купала

— Геніяльная, пранізлівая, надзвычай актуальная і сёння п’еса пра вечную беларускую трагедыю. Пра тое, як чужынцы раз за разам спрабуюць перарабіць нас на свой капыл. Пра цану прыстасаванства. Пра тое, як цяжка і як важна ўсвядоміць сябе беларусам.

2. «Дзікае паляванне караля Стаха», Уладзімір Караткевіч

— Круты сюжэт, майстэрскі стыль. Гэта першы твор Караткевіча, які я прачытаў, дакладней — праглынуў у юнацтве. І зразумеў, што белліт зусім не абавязкова мусіць быць сумным, ідэалагізаваным. Што ён можа быць проста цікавым.

3. «Сотнікаў», Васіль Быкаў

— Магутная рэч пра трагізм маральнага выбару. Пра тое, як застацца чалавекам у нечалавечых абставінах.

Вольга Шпарага, філосафка, запрошаная даследчыца ў Інстытуце гуманітарных даследаванняў (IWM, Вена)

Voĺha Šparaha Вольга Шпарага. Фота: 34mag.net, Віялета Саўчыц

1. «Банальнасць зла: Эйхман у Іерусаліме», Ханна Арэндт

— «Банальнасць зла» — гэта не адзіная логіка, якая ляжыць у аснове злачынстваў супраць чалавечнасці. Але гэта вельмі важная логіка, якая дапамагае разумець і тое, што робіць беларускі рэжым з людзьмі і беларускім грамадствам сёння.

2. «Крывавыя землі. Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным», Тымаці Снайдэр

— Кніга, якая дазваляе выразна ўбачыць, што Беларусь апынулася ў эпіцэнтры злачынстваў як нацыянал-сацыялізму, так і сталінізму, і не спыняцца ў барацьбе з наступствамі злачынстваў гэтых рэжымаў.

3. «У вайны не жаночы твар», Святлана Алексіевіч

— Пакуль войны будуць працягвацца, а цяпер мы востра перажываем адразу некалькі войнаў, і перш за ўсё, развязаную Расіяй вайну ва Украіне, гэтая кніга будзе нагадваць пра шматмернасць ваеннага гвалту, а таксама пра жанчын, якія лепш за іншых могуць пра яго расказваць і ад яго засцерагаць.

Дзяніс Тарасенка, гурт «РСП»

Dianis Tarasienka
Дяніс Тарасенка. Фота: @bard_ele

1. «У кіпцюрах ГПУ», Францішак Аляхновіч

2. «Зона маўчання», Сяргей Грахоўскі

3. «Споведзь», Ларыса Геніюш

— Хаця гэтыя кнігі былі напісаныя амаль сто гадоў таму, але, на вялікі жаль, вельмі шмат чаго ў іх паўтараецца менавіта зараз. Гэта і катаванні ў турмах, і вымушаная эміграцыя, і пазбаўленне нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Варта прачытаць гэтыя кнігі, каб уяўляць, праз што праходзілі беларусы, каб заставацца беларусамі і надалей.

Аляксандр Паршанкоў, даследчык гісторыі Беларусі, дактарант Карлавага ўніверсітэта ў Празе, палітычны актывіст

Aliaksandr Paršankoŭ
Аляксандр Паршанкоў. Фота: Tomáš Tkáčik

1. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», Ян Баршчэўскі

— Мне падаецца, гэтая кніжка з XIX стагоддзя — адзіны твор, які наўпрост абавязаны прачытаць кожны беларус ці беларуска. Для мяне «Шляхціц» — непасрэдная сувязь з продкамі, гэта тое, што выпраўляе нас у падарожжа ў нейкі іншы дом, дзе страшна, але цікава і цёпла, дзе можна схавацца ад усяго гора, што нас агортвае ў паўсядзённым жыцці. Гэты тэкст пра зусім іншую краіну, якую мы павінны яшчэ адкрыць у сабе, знайсці як папараць-кветку.

2. «Вечар», Аляксей Дудараў

— Я ўвогуле шмат якія рэчы Дударава моцна люблю, але «Вечар», мне падаецца, неабходны кожнаму беларусу ці ў выглядзе спектакля на сцэне, ці проста як тэкст. Настолькі там удала паказана беларускае вясковае жыццё, звычайнае, сапраўднае. І адзінота чалавека. Калі чытаю «аджыў сваё чалавек, прыйшла яго ноч...» — заўсёды плачу і ўзгадваю дарагога Аляксея Ануфрыевіча, які так заўчасна пайшоў з жыцця.

3. «Францыск Скарына. Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка», Яўген Неміроўскі

— Гэты твор «маскоўскага кніжніка» — найбольш поўная манаграфія, прысвечаная нашаму першадрукару. Яе неабходна чытаць, каб убачыць, наколькі глыбока мы як народ упісаныя ў еўрапейскую культуру і як шмат для нас значыць Скарына і чаму. Для знаёмства з нашай сярэднявечна-рэнесанснай гісторыяй вельмі падыдзе.

Уладзімір Маляўка, дызайнер, фатограф, стваральнік брэнда Znivien

Uladzimir Maliaŭka
Уладзімір Маляўка. Фота са 
старонкі дызайнера ў FB 

1. «Крадзі як мастак», Остэн Клеон

— Must-have для творчых людзей, але і простым беларусам ёсць што пераняць, укараніць пару прынцыпаў, якіх прытрымліваецца аўтар кнігі для рэалізацыі сваіх ідэй. Як гаворыцца ў апісанні кнігі, «у свеце няма нічога арыгінальнага, таму не адхіляйце чужы ўплыў, калекцыянуйце ідэі, абдумвайце іх яшчэ раз, аранжыруйце па-новаму ў пошуках уласнага шляху». Мне падаецца, што гэта вельмі сугучна з пошукам беларускай ідэі.

2. «Еду ў Магадан», Ігар Аліневіч

— Кніга, якая, на жаль, актуальная і да гэтага часу. Гэта гісторыі пра Беларусь, расказаныя знутры, з самага сэрца беларускай рэпрэсіўнай сістэмы — з турмы. Тая самая Беларусь «без купюр». Грубая, жорсткая, месцамі наіўная і лірычная. Нефармальная гісторыя сучаснай Беларусі. Для прачытання кожнаму ад 16 і старэй.

3. Бел-чырвона-белы. Сцяг, нацыя, ідэнтычнасць

— Кніга, якая ўласна расказвае пра сцяг, герб. Расказвае, чаму наогул сцяг — бел-чырвона-белы. Гэта настольны твор кожнага беларуса. Хто ведае, магчыма, прачытанне такой кнігі дапаможа беларусам з самаідэнтыфікацыяй, самавызначэннем і адказам на пытанне: а хто мы такія?

А.С., Budzma.org

Чытайце яшчэ: Што чытаць, каб супакоіцца? 10 кніг для маральнай падтрымкі