29 верасня ў памяшканні Беларускага ПЭН‑цэнтра прайшла прэзентацыя сайта акадэмічнай сеткі даследчыкаў ВКЛ.
Сайт, з якім можна пазнаёміцца па адрасе vklonline.com, мае вялікае падабенства з папулярнымі сацыяльнымі сеткамі. Кожны даследчык, які пройдзе працэдуру рэгістрацыі, можа мець сваю старонку. На ёй змяшчаецца інфармацыя аб публікацыях і кірунку працы навукоўцы. Сама сетка з’яўляецца міжнароднай. Зараз там ужо існуюць асабістыя старонкі даследчыкаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы. А базавая версія сеткі адмыслова стваралася на англійскай мове з мэтай прыцягнуць як мага большую ўвагу міжнароднай акадэмічнай супольнасці.
У Беларусі працу сеткі каардынуюць Сяргей Салей, Сяргей Каўн і Наталля Сліж. Ва Украіне, Літве, Расіі і Польшчы адпаведна Дмітро Вірскі, Гедрэ Міцкунайтэ, Аляксандр Філюшкін і Кшыштаф Пяткевіч.
Акрамя непасрэдна навейшай інфармацыі аб публікацыях і даследчыках, на сайце плануецца змяшчаць паведамленні аб канферэнцыях і іншых цікавых падзеях, прысвечаных даследванню гісторыі і культуры Вялікага Княства Літоўскага.
АП