Ці задумваліся вы, як адзначалі святы нашыя продкі некалькі стагоддзяў таму назад? Якія традыцыі захаваліся па сённяшні дзень? Што знікла амаль незваротна? Ці была вялікая розніца паміж святочнымі сталамі сялянаў і шляхты? У пошуку адказаў на пытанні выпраўляемся назіраць за святкаваннем Вялікадня ў сярэдзіну XVII стагоддзя.
Беларускія «пісанкі»
Бедным — посны жур, заможным — пышны стол
Вялікдзень, або дзень уваскрашэння Хрыста — самае вялікае хрысціянскае свята. Нашыя продкі рыхтаваліся да яго за шмат тыдняў і трымалі строгі пост. Гэта датычылася не толькі простага люду, але і магнатаў ды шляхты. Вялікі пост можна лічыць адмысловай уверцюрай да велікоднага стала.
Спачатку пасты выконваліся вельмі строга, нават на каралеўскім двары, але з часам да гэтай традыцыі сталі ставіцца прасцей і трымаліся іх не надта доўга перад святам. Выключэннем былі гарадская бяднота і сяляне, што пасціліся, як патрабуе гэтага хрысціянская традыцыя, незалежна ад канфесіі. Трымалі пост не толькі з-за рэлігійных поглядаў, але і па прычыне кепскага матэрыяльнага стану. Елі тады ў асноўным посны жур, кашы, капусту, селядзец (з ХІХ стагоддзя з бульбай).
«Селянін за вячэрай». Андрэй Зайцаў
Самымі набожнымі ў той час лічыліся так званыя мазуры — жыхары сучаснай Цэнтральнай Польшчы. Яны не ўжывалі ў час посту нават малако і масла. Вернікі з беларускіх зямель казалі пра іх так: «Мазур хутчэй чалавека заб’е, чым пост не выканае».
У магнацкіх сядзібах пасціліся даволі своеасабліва. На стол падавалі самыя розныя прысмакі, прыгатаваныя з рыбы. Страваў была вялікая колькасць, на выбар магната ці настаяцеля. Такім чынам, паняцце посту інтэрпрэтавалася па-рознаму ў залежнасці ад матэрыяльнага стану верніка. Да таго ж пышныя сталы заўсёды суправаджаліся вялікай колькасцю моцных напояў, якія постам не забараняліся.
Шляхецкае застолле
Пахаванне жура, пакаранне селядца, язычніцкія «пісанкі»
У Вялікую пятніцу, за суткі да Вялікадня, вясковая і гарадская моладзь ладзіла «пахаванне жура і селядца». Разбівалі гліняны гаршчок з посным журам, а селядзец вешалі на дрэве ў пакаранне за тое, што «шэсць тыдняў прыгнятаў ён мяса і марыў страўнікі людзей голадам». Селядзец быў даволі распаўсюджанай ежай сярод небагатага насельніцтва ВКЛ. Яго было лёгка транспартаваць нават у невялічкія мястэчкі і прадаваць на базары. А з-за солі рыба доўга не псавалася.
У Вялікую суботу як у гарадах, так і ў вёсках у храмы неслі свяціць яйкі і соль, пасля чаго іх ставілі на святочны стол. Вялікдзень у беларускай народнай кухні быў значна сціплейшы, чым у шляхецкай, але мацней звязаны са старымі звычаямі і абрадамі.
Да прыкладу, «пісанкі» — яскравы прыклад рудымента язычніцтва. Яйка здаўна лічылася сімвалам жыцця, і нядзіўна, што яно займала галоўнае месца на велікодных сталах, паколькі Вялікдзень амаль супадаў са святам абуджэння прыроды да новага жыцця.
Святкаванне абуджэння прыроды
«Пісанкі» — гэта фарбаваныя звараныя яйкі, па-майстэрску распісаныя сялянкамі. Звычай фарбаваць яйкі на Вялікдзень захаваўся і па сённяшні дзень. Раней «пісанкі» нярэдка ўяўлялі сабой сапраўдныя шэдэўры народнага мастацтва. Асабліва часта размалёўвалі яйкі ў чырвоны колер. Чырвоныя яйкі валодалі, паводле старажытных славянскіх павер’яў, магічнымі ўласцівасцямі і нібыта вельмі дапамагалі ў сардэчных справах.
Сучасныя беларускія пісанкі. Крыніца: www.belta.by
Пірагі за зачыненымі дзвярыма
Адмыслова трэба ўзгадаць велікодныя вырабы з цеста: «бабы», «дзяды», мазуркі, хрушчы і шмат іншага. Без іх святочны стол лічыўся не паўнавартасным. Тарты ў кухні нашых продкаў з’явіліся параўнальна позна; мода на іх прыйшла, хутчэй за ўсё, з Італіі, дзякуючы каралеве Боне. Дазволіць іх на свята сабе маглі толькі вельмі заможныя людзі.
Выпечка велікодных пірагоў была хвалюючай падзеяй, і яе можна было б назваць свайго роду «святадзействам». Кухарка, гаспадыня дома і наогул уся жаночая палова замыкаліся ў кухні на ключ. Мужчынам уваход быў забаронены.
Выпечка пірагоў
Спечаныя мучныя вырабы маглі паставіць астынуць нават на пуховыя пярыны. Размаўлялі пры гэтым шэптам, лічылася, што шум мог пашкодзіць смаку пірага. Астылыя булкі па-майстэрску і багата пакрывалі глазурай і ўпрыгожвалі. Падобныя традыцыі былі папулярнымі не толькі ў магнатаў і шляхты, але і ў сялянаў ці небагатых гараджан.
Чытайце па тэме:Што беларусы гатавалі на Велікодны стол? Падборка традыцыйных страваў ад Budzma.org
Як свята духоўнае стала святам жывата
На ўсходніх землях былой Рэчы Паспалітай (сучасныя беларускія і ўкраінскія землі) быў распаўсюджаны звычай: у Вялікую пятніцу вясковыя жанчыны дарылі святару яйкі, пераважна размаляваныя.
Гэтую незвычайную традыцыю зафіксаваў ваенны інжынер, архітэктар і картограф француз Гіём дэ Боплан, які знаходзіўся на гэтых землях з 1630 па 1648 гады па запрашэнні караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ. Іншаземец сцвярджаў, што святар на працягу дзвюх гадзін станавіўся ўладальнікам ажно 5000 яек у буйной вёсцы ці мястэчку! Француз заўважыў, што часта, прыносячы падзяку пабожным ахвярадаўцам, святары цалавалі дзяўчат і маладых жанчын, а старым падстаўлялі для пацалунку руку або крыж.
Сельскі хрэсны ход на Вялікдзень. В. Г. Пяроў. 1861
Дэ Боплан узгадваў, што ў магнацкіх рэзідэнцыях і шляхецкіх сядзібах пышна застаўлены стол асвячаў галоўны святар парафіі. На працягу Страснога тыдня ў кухні панавала незвычайнае ажыўленне, і адтуль даляталі апетытныя пахі ад прыгатавання святочных страваў. Згаладалыя дамачадцы проста знемагалі, чакаючы з нецярпеннем так званай велікоднай ютрані, якая азначала заканчэнне посту і пачатак «велікоднай кулінарнай баталіі».
Уся асвечаная ежа ставілася на вялікі стол у сталовай. Гэта былі вяндліна, каўбасы, зельцы, заліўная рыба, запечанае цалкам парася, мяса ягняці і велікодныя вырабы з цеста: мазуркі або «дзяды» ці «абяртухі», тарты, слойкі і знакамітыя салодкія «бабы». Не забывалі, вядома, і пра напоі — гарэлка, мёд, піва і віно заўсёды прысутнічалі на святочных сталах магнатаў і заможнай шляхты.
«Шляхціч на загродзе роўны ваяводзе». Незаможны шляхціч, малюнак XVIII ст.
Велікоднае застолле, нават самае сціплае, пачыналася з таго, што дзяліліся асвячоным яйкам і жадалі адно аднаму ўсяго найлепшага. Потым усе пачыналі каштаваць стравы, што былі на стале, як гэта робіцца і сёння. Велікодны сняданак не заўсёды бываў багатым, ён мог быць і вельмі сціплым, што залежала, вядома, ад заможнасці дома. Гарадская і сельская моладзь, згаладалая пасля працяглага і суворага посту, з пакутлівым чаканнем, рыхтуючыся да даволі сціплага сняданку праз тыдзень, спявала ў Вербную нядзелю песні. Радкі песень былі прасякнутыя не столькі духам рэлігійнасці, колькі жаданнем хутчэй задаволіць апетыт:
Славіць буду я цябе, мой Божа,
Як пакаштую яечка і вяндлінкі таксама...
Пасля сняданку моладзь звычайна ішла гуляць, спяваць песні і бавіцца ў забавы. Самая вядомая забава — катаць яйкі. На зямлю клалі па адным вараным яйку і па чарзе запускалі ў іх яшчэ адно яйка. Мэта гульні — сваім яйкам пабіць як мага больш чужых яек, якія пабіў — тыя і забіраеш сабе.
А. М., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Самая смачная яечня. Гатуем велікодны сняданак з «Будзьма» (Відэа)