Велікодныя традыцыі кожнай канфесіі маю не толькі адрозненні, але і падабенствы, у першую чаргу — святочны стол. Budzma.org распавядае пра асноўныя традыцыйныя стравы на стале падчас святкавання Вялікадня.
Усе стравы, якія падаюць на стол падчас святкавання Вялікадня маюць рэлігійнае значэнне. Асноўнымі стравамі, якія падаюцца на святочны стол, з’яўляюцца велікодныя яйкі, выпечка, папулярнымі былі стравы з ягняці і труса, ужывалі і рыбу.
Чаму вернікі фарбуюць яйкі?
Каталікі вераць, што ў дзень Уваскрашэння Хрыста Марыя Магдалена падала курынае яйка рымскаму імператару і сказала «Хрыстос уваскрос». Але імператар толькі пасмяяўся над ёй і сказаў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як і курынае яйка не можа пачырванець. І ў гэты момант яйка ў руках Марыі афарбавалася ў чырвоны колер. Такім чынам вернікі ўшаноўваюць уваскрашэнне Хрыста. Яйкі фарбавалі з дапамогай лупінаў цыбулі. Разам з імі ў вадзе варылі яйкі, і яны мянялі свой колер на больш цёмны.
Асвечаныя яйкі елі за святочным сталом, да яек маглі падаваць смятану або рыбную салёную ікру. З яек маглі прыгатаваць яшчэ амлет з грыбамі ці бульбай. Падобную страву мы гатавалі ў межах кулінарнага праекта «Смачна есці!».
Якую выпечку пякуць на святочны стол
Нашыя продкі раней пяклі бабу — здобны пірог круглай формы. У памежных вёсках з Польшчай такі пірог называлі яшчэ мазуркам. У цеста дадавалі разынкі ці арэхі, а зверху палівалі мёдам ці цукровай або шакаладнай поліўкай. Хрысціяне Беларусі, Польшчы, Украіны і Літвы па сённяшні дзень захавалі гэтую традыцыю і падаюць такі пірог на святочны стол. Праваслаўныя па Вялікдзень на ўсходзе Беларусі пяклі куліч, які мала чым адрозніваецца ад бабы.
У 20 стагоддзі прыйшла мода на выпечку такога пірага ў форме ягняці — аднаго з сімвалаў Вялікадня.
Стравы з ягня і каўбаса свіная
Ягня мае рытуальнае значэнне ў Велікодны дзень, бо «Ягня Божае» — адно з найменняў Ісуса Хрыста, вядомае з Новага Запавету. Ягня сімвалізуе ахвярную смерць Ісуса ў імя адкуплення чалавечых грахоў. Вялікім дэлікатэсам лічыцца мяса малочнага ягняці, якое мае вельмі мяккі смак і далікатную кансістэнцыю. Яно даступна ў канцы зімы і вясной, таму яго часта рыхтуюць на Вялікдзень, адмыслова марынуюць і запякаюць у печы ці духоўцы. На велікодны стол нашыя продкі маглі падаць цомбер — гэтую страву можна гатаваць з любога мяса.
Каўбаса традыцыйная — нявэнджанае сечанае мяса свінні ў натуральнай абалонцы, запраўленае соллю, чорным перцам, часнаком. Каўбасу гатавалі рознымі спосабамі: сушылі, варылі, смажылі ці запякалі, маглі на ёй варыць традыцыйны тлусты суп — жур. Падаецца такая каўбаса з хрэнам ці гарчыцаю.
Селядзец і карп — і на Раство, і на Вялікдзень
Марынаваны ў воцаце або алеі селядзец, парэзаны кавалачкамі, пастаянны «смачны госць» на стале падчас святаў. Селядца пасыпалі дробна-нарэзанай цыбуляй, калі яго марынавалі ў воцаце, то зверху яшчэ палівалі трохі алеем.
Карпа можна проста пасмажыць на патэльні, а можна рыбу нафаршыраваць морквай з цыбуляй, нацерці смятанай і прынадамі, і запячы ў духоўцы на бульбяной падушцы.
Жадаем нашым чытачам светлых святаў і багатага велікоднага стала!
Яшчэ больш рэцэптаў смачнай беларускай стравы ад Budzma.org, якую лёгка згатаваць, глядзіце тут.
АМ, Budzma.org