Яйкі, здоба і хлеб, мясныя і рыбныя стравы, сыры і тварог — усё гэта здаўна прыстунічала на сталах беларусаў на Вялікдзень. А чым частаваліся нашыя продкі на ранак, пасля свята, калі заставалася шмат ежы? Самай яечнай яечняй! І гэты сняданак меў сакральны сэнс. Прыгатуем велікодную яечню разам!
У чым сімвалізм яйка?
Яйка з’яўляецца ўніверсальным, цывілізацыйным сімвалам уваскрасення і пачатку новага жыцця. Такі сімвалізм прысутнічаў у культуры розных народаў яшчэ да з’яўлення хрысціянства. Вядома, што ў этрускіх пахаваннях-курганах археолагі знаходзілі рытуальна размаляваныя яйкі — сімвалы ўваскрашэння з мёртвых. А яшчэ яйкі закапвалі ў полі. Іх выкарыстоўваюць азербайджанскія і іранскія мусульмане падчас святкавання Наўруза. Курынае яйка прысутнічала ў сялянскай культуры славянаў і да прыняцця хрысціянства.
Навошта яйкі фарбуюць на Вялікдзень?
На Вялікдзень прынята яйкі фарбаваць. Раней іх фарбавалі выключна ў чырвоны колер і рабілі гэта з дапамогай лушпінаў ад цыбулі. Лушпіны адварвалі ў вадзе, а потым у ёй жа варылі яйкі, якія ў працэсе варкі станавіліся чырвонымі.
Існуе легенда пра Марыю Магдалену і чырвонае яйка. Даведаўшыся пра ўваскрасенне Ісуса Хрыста, яна прыйшла да рымскага імператара Тыберыя і працягнула яму яйка са словамі «Хрыстос Уваскрос!». Імператар раззлаваўся і сказаў: «У гэта так жа цяжка паверыць, як у тое, што гэта белае яйка можа стаць чырвоным!». І ў той жа момант белае яйка пачырванела.
Чаму на Вялікдзень яечня самая яечная?
У хрысціянскай традыцыі перад Вялікаднем цягнецца доўгі пост, таму нашыя продкі паспявалі засумаваць па розных прысмаках. Раней Раство і Вялікдзень былі самымі вялікімі і значнымі святамі, што суправаджаліся самымі пышнымі стравамі. На Вялікдзень да стала падавалі каўбасы, сала, вяндліны, запечанае мяса, пышную салодкую здобу, кіслую капусту і салёныя агуркі, стравы з сушаных грыбоў і канешне ж вараныя чырвоныя яйкі, з якіх і пачынаецца застолле!
Чытайце яшчэ: Гатуем разам з Budzma здобных «жаўрукоў» на велікодны стол
На другі дзень свята заўсёды, ці то ў шляхты, ці то ў сялянаў, заставалася шмат ежы. А галоўны сімвал свята — яйка, куды ж без яго. Таму нашыя продкі гатавалі яечню, у якую ўваходзіць ажно тры віды яйка: сырое, варанае і «пярдута», больш вядомае як «пашот». Існаваў тут і сакральны сэнс — тры віды яйка сімвалізавалі Троіцу — хрысціянскі догмат аб трох асобах адзінага па сваёй сутнасці Бога.
Як прыгатаваць велікодную яечню?
Для яечні на Вялікдзень можна выкарыстоўваць абсалютна любое мяса, што засталося пасля першага дня свята, толькі ад бараніны лепш адмовіцца. Мы абралі хатнюю вэнджаную грудзінку і каўбасу, балык і ялавічыну. Наразаць можна прадукты адвольна. Лепш пачынаць гатаваць са свіной грудзінкі, сырой, вэнджанай або салёнай — на ваш смак. Яна мусіць на патэльні даць тлушч, на якім працягваецца працэс прыгатавання. Далей дадайце іншыя мясныя інгрэдыенты і гатуйце іх да злёгку залацістага колеру.
Тады дадаем нарэзаныя яйкі, перамешваем і кладзем некалькі лыжак белага хрэну. Ідэальна і аўтэнтычна дадаваць натаркаваны корань свежага хрэну, аднак яго не так лёгка знайсці. Кансерваваны хрэн папросту не мае такога водару, як свежы. Пасаліўшы і дадаўшы перцу, перамешваем аснову стравы.
Затым дадаем на патэльню тварог, ён абавязкова мусіць быць рассыпісты. Як тварог прагрэецца, у страву патрэбна ўбіць сырыя яйкі і адразу пачаць хутка ўмешваць іх. Як толькі свежыя яйкі схапіліся — яечня гатовая. Упрыгожыць яйкам-«пярдутай» і зелянінай.
Чытайце яшчэ: Яйкі пашот па-беларуску. Вытанчаны і хуткі сняданак гатуем разам з «Будзьма»
Але не абмяжоўвайце свае кулінарныя фантазіі, у страву можна дадаваць бульбу, цыбулю, грыбы, фасолю і не толькі. А падаваць можна з хлебам і салёным агурком. Смачных эксперыментаў!
Нам спатрэбіцца на 4 порцыі:
Свіная грудзінка - 200 грамаў
Хатняя каўбаса — 150 грамаў
Ялавічына — 150 грамаў
Балык — 150 грамаў
Тварог — 120 грамаў
Яйка варанае — 3 штукі
Яйка сырое — 2 штукі
Яйка «пашот» — 4 штукі
Хрэн — сталовая лыжка
Соль і перац па смаку