X Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» адбудзецца з 4 па 21 лістапада. Ён будзе прысвечаны тэме пошуку сваёй ідэнтычнасці праз пераасэнсаванне мінулага і вяртанне да каранёў. На гэтым засноўваецца ўся канцэпцыя «Ззяння-2024» (слоган, маніфест і трэйлер), з якой ужо можна азнаёміцца.
Слоган і асноўны лейтматыў юбілейнага «Паўночнага ззяння»: «ВЯРНУЦЦА ДА КАРАНЁЎ». Не наўмысна новая канцэпцыя пераклікаецца з папярэднімі: «як дома» з 2022 года і «увага адлегласць» з 2023-га, — як бы працягваючы адлюстроўваць пэўную гісторыю перажыванняў апошніх гадоў.
Знаходзячыся на адлегласці ад сваёй радзімы, многія беларусы і беларускі перажываюць глыбокі ўнутраны маналог, — гэта становіцца падмуркам вершаванага маніфэсту «Паўночнага ззяння», які штогод піша дырэктарка фестывалю Воля Чайкоўская. Яго цалкам можаце прачытаць на афіцыйным сайце кінафэсту.
«Рух наперад магчымы толькі тады, калі ты вернешся да сваіх каранёў, пераасэнсуеш мінулае, акцэптуеш яго, і ўжо з пэўнай лёгкасцю рушыш далей, — упэўнена Воля Чайкоўская. — «Вярнуцца да каранёў» — гэта і пра тое, што ў эміграцыі зусім няпроста захаваць ідэнтычнасць, але можна паглядзець углыб сябе і знайсці там апірышча».
Кінафестываль у канцэпцыі гэтага года не дае нейкія дакладныя адказы, што такое «карані» ці «ідэнтычнасць», хутчэй заклікае паразважаць, пазадаваць сабе пытанні, паўспамінаць, можа прыгадаць нейкія беларускія словы, якія казала бабуля. Гэта адбілася і ў трэйлеры «Ззяння-2024».
Падчас працы над трэйлерам стваральнікі (Воля Чайкоўская сумесна з мантажорам Дзмітрыем Калашнікавым) імкнуліся зрабіць нешта новае на базе таго, што ўжо было створана. Матэрыялам для гэтага сталі відэа з асабістых архіваў каманды кінафэсту, іх сяброў і сябровак, а таксама некаторыя відэазапісы з вольнага доступу. Выніковы трэйлер «Паўночнага ззяння-2024», насуперак крохкасці памяці, спрабуе звязаць аскепкі ўспамінаў з сучаснасцю і заахвоціць падумаць пра свае карані. «Гэта як паглядзець старыя фотаздымкі і ўспомніць сваё мінулае праз новы погляд», — адзначае Воля Чайкоўская.
Трэйлер «Паўночнага ззяння — 2024»:
Кінафестываль пройдзе ў гібрыдным фармаце: offline ў Таліне, Вільні і Варшаве, а таксама бясплатна ў online па ўсім свеце. Наперадзе шмат поўнаметражнага і кароткаметражнага, ігравога і дакументальнага кіно розных жанраў з Паўночных і Балтыйскіх краін, Беларусі і Украіны.
«Паўночнаму ззянню» сёлета 10 гадоў! За гэты час яно стала для многіх беларусаў і беларусак пляцоўкай, якая дазваляе глядзець унікальнае кіно. Кінафэст увесь гэты час імкнецца развівацца і расці. Аднак гэта немагчыма без падтрымкі гледачоў і глядачак. Зрабіце данат, каб «Ззянне» яшчэ мінімум 10 гадоў было вашым арыенцірам у свеце годных фільмаў.
Сачыць за навінамі фэсту можаце ў сацыяльных сетках праекта FB, Instagram, Telegram.
паводле прэс-рэлізу