У сёньняшняй Беларусі ўявіць сытуацыю, калі на дзяржаўную пасаду адбываюцца канкурэнтныя выбары — немагчыма, піша «Новы Час». Старшыня сельсавету і кіраўнік аблвыканкаму прызначаюцца зьверху. Такое было раней зусім не так. Перанясемся ў Вялікае Княства Літоўскае.
1706 год — Рэчыцкі павет Менскага ваяводзтва ВКЛ, краінай кіруе вялікі князь Станіслаў Ляшчынскі, а на мясцовым павятовым сойміку выбіралі дэпутатаў на Галоўны Літоўскі Трыбунал і тых, хто будзе выконваць некаторыя іншыя функцыі. Галоўны Трыбунал — гэта вышэйшы апэляцыйны суд Княства, пастановы якога мелі моц пастановаў Сойма, складаўся з 46 суддзяў-дэпутатаў, па 2 з кожнага павету. Пастановы прымаліся большасьцю галасоў на падставе Статута ВКЛ.
Галасы ў дакумэнце Рэчыцкага павету, які дайшоў да нас праз 316 гадоў, пазначаныя вертыкальнымі рысачкамі, а напрыканцы маюцца агульныя падлікі. Цікава, ці захаваліся якія-кольвек матэрыялы з беларускіх выбараў апошніх гадоў?
Права ўдзельнічаць у павятовых сойміках мелі ўсе шляхцічы канкрэтнага павету. Але на практыцы гэта была значна меньшая колькасьць шляхцічаў. Гісторык Робертас Юргайціс зазначае, што 6 лютага 1706 шляхта Рэчыцкага павету сабралася ў рагачоўскай вуніяцкай царкве, як гэта было заведзена звычаем. Маршалкам сойміка быў абраны Францішак Война, якога праз два дні замяніў Казімір Юдыцкі. Іранічным падаецца тое, што падчас старшынства пана Войны быў прыняты новы падатак, непасрэдна зьвязаны з вайной — у гэтыя гады адбывалася Паўночная вайна са Швэцыяй. Паводле падатковай пастановы, з кожнага дыма (асобнай гаспадаркі) прызначалася выплаціць палову злотага. Пры гэтым плаціць дазвалялася ў выглядзе правіянту: усё на фронт.
Паводле гісторыка Аляксандра Мацука, месцам правядзеньня соймікаў у ВКЛ не здарма абіралі касьцёлы альбо цэрквы. Гэта было выклікана імкненьнем саслабіць напружаньне на паседжаньнях і не дапусьціць крывавых сутыкненьняў.
Паседжаньне шляхты не было падобнае да санлівага балота селектарных паседжаньняў, што транслююць па БТ. Гомельскі староста Томаш Красінскі і прапойскі староста Аляксандар Красінскі размахвалі зброяй, абражалі іншых шляхцічаў, заміналі галасаваць. Вельмі шмат каму такія паводзіны дужа не прыйшліся па сэрцы.
Колькі шляхты прыехала на выбары? На розных элекцыйных пастановах занатаваная розная колькасьць удзельнікаў. Напрыклад у лісьце галасаваньня ад 7 лютага іх было 10 чалавек. Пад соймікавай пастановай (лаўдум) значыцца 8 подпісаў. Пад «пратэстам» шляхты Рэчыкага павета значыцца 99 подпісаў. Калі прааналізаваць удзельнікаў, можна вылучыць самых галоўных дзеючых асобаў: маршалак сойміка Казімір Юдыцкі, папярэдні маршалак Францішак Война, войскі павету Баляслаў Бішпін, стольнік Баляслаў Прушаноўскі, маршалколвіч Пётр Міхал Юдыцкі, чашнік Якуб Твароўскі, Ян Гіжыцкі, рагачоўскі падстароста Антоні Стома, мечнік Ян Скарына, Ян Ляшнеўскі, чарнігаўскі чашнік і падстароста рэчыцкага замка Стэфан Антоні Скарына, судьдзі гродзкага суда Томаш Ян Доўгірд, Казімір Гіжыцкі, пісар судовы Павел Кельчэўскі, скарбнік Казімір Станіслаў Орда, падчашы Аляксандар Халецкі.
У выніковым лісьце галасаваньня мы знойдзем цэлых 281 рыску. Што можна сказаць дакладна — такой колькасьці выбарнікаў не магло быць адначасова на павятовым сойміку. Як зазначае гісторык Робертас Юргайціс, гэта магло быць уласьціва толькі польскім каралеўстве, у самых цэнтральных раёнах, дзе колькасьць насельніцтва была вельмі шчыльнай. У Рэчыцкім жа павеце ВКЛ жыхароў было не так шмат.
Уласна галасаваньне адбывалася тры разы. Першы раз пры выбарах дэпутатаў Галоўнага Літоўскага Трыбунала, і потым за тых, хто будзе зьбіраць «гібернавы» (адрасны падатак для падтрымкі войска ВКЛ) і «чопарны» (падатак на алкаголь). Больш за ўсё галасоў можна падлічыць на Трыбунал — 118 чалавек, меньш за ўсё — за збор «гібернавага» падатку — 75.
Трыбунальная кніга
Пры стварэньні Галоўнага Літоўскага Трыбунала ў 1581 былі выразна акрэсьлены працэдуры яго дзейнасьці. У пастанове Трыбунала было запісана, што судьдзяў і дэпутатаў на яго выбіраюць выключна на павятовых трыбунальных сойміках. Ад кожнага павету магло быць дэлегавана па 2 дэпутаты. Кворум удзельнікаў не прапісваўся, таму дэпутатаў абіралі рэальнай большасьцю галасоў. Паўнамоцтвы гэтых дэпутатаў дзейнічалі адзін год (не 27!). У сувязі з гэтым выбары адбываліся штогод у каталіцкае сьвята Грамніцаў — 2 лютага. Праз сто гадоў, у 1685 гэтую дату перанеслі на тыдзень пазьней. Каб эфектыўней выкарыстаць гэтыя зборы шляхты, нашыя продкі займаліся на сойміках не толькі выбарам дэпутатаў на Трыбунал, але і іншымі пытаньнямі, што патрабавалі абмяркаваньня і вырашэньня. Да іх можна аднесьці ўсталяваньне памераў падаткаў, вырашаліся пытаньні арганізацыі абароны, абіраліся ўраднікі (дзяржаўныя службоўцы) і іншае.
Пяройдзем да кандыдатаў у 1706 годзе, які мы ўзялі пад разгляд. На пасаду дэпутата Галоўнага Літоўскага Трыбунала прэтэндавалі 4 шляхціча. Два судзьдзі гродзкага рэчыцкага суда — Томаш Ян Доўгірд, Казімір Гіжыцкі, чашнік Стэфан Антоні Скарына і Пётр Шалюта. У выніку за Доўгірда прагаласавалі 55 шляхцічаў (у зводным лісьце між іншым пазначаныя 66 рысачак і пастаўлены знак пытаньня), за Гіжыцкага 54 галасы (74 у зводным лісьце), Шалюта атрымаў 5 галасоў, а Скарына 4. Дэпутатамі на Трыбунал адпаведна былі абраныя Доўгірд і Гіжыцкі. Цікавым безумоўна зьяўляецца тое, што колькасьць рысачак (галасоў) адрозьніваецца ад фінальных вынікаў у зводным лісьце галасаваньня на 31 голас.
На выбарах тых, хто зьбірае «гібернавы» падатак было 3 кандыдаты — Уланкоўскі (яго імя не вядомае), Міхал Антоні Вірпша і Ян Гіжыцкі. У гэтым галасаваньні ўдзельнічалі 75 шляхцічаў. Перамогу атрымаў Уланкоўскі — 37 галасоў, Вірпша прыйшоў у гонцы другім з 32 галасамі, а Гіжыцкі — 7. Пры гэтым адна рысачка, аддадзеная за Яна Гіжыцкага перакрэсленая двойчы — калі перанесьці гэта ў нашыя рэаліі — нехта сапсаваў бюлетэнь, альбо прагаласаваў за ўсіх кандыдатаў, адпаведна за Гіжыцкага засталося 6 галасоў.
Прыклад запісаў вынікаў галасаваньня. На левай старонцы рысачкі
Уявіце, як цікава гэта павінна было выглядаць: кандыдат Гіжыцкі, яўны аўтсайдэр гібернавай гонкі, галасы за якога ні на што не ўплываюць, пазбаўляецца за пэўныя парушэньні 1 голаса, і гэта запісваецца ў выніковую пастанову «цэнтрвыбаркаму» ХVIII стагодзьдзя. Зь іншага боку мы можам паглядзець на гэты выбарчы расклад і пафантазаваць, што калі б Гіжыцкі падтрымаў кандыдатуру Вірпшы, у іх сумесных прыхільнікаў было б на 1 голас больш, чым у пераможцы Ўланкоўскага. Мы не ведаем, ці быў Уланкоўскі найлепшым кандыдатам на гэтую пасаду, але тагачасныя «Пазьняк і Шушкевіч» не здолелі дамовіцца аб адзіным кандыдаце.
Трэцяе галасаваньне было прымеркаванае да выбару асобы, якая будзе зьбіраць «чопарны» падатак. Кандыдатаў зноў было тры. Павел Кельчэўскі, Анджэй Бялы, Бэнедыкт Збарамірскі. Пермогу атрымаў Кельчэўскі з 36 галасамі, Бялага падтрымалі 33 шляхціча, а Збарамірскі змог прыцягнуць толькі 19. У Анджэя Бялага было заўважанае несупадзеньне ў 1 голас у падлічаных напрыканцы колькасьці галасоў з колькасьцю рысачак. Усяго ў галасаваньні ўдзельнічалі 88 шляхцічаў.
Чытайце яшчэ: Беларускі суд. Фігуранты справы аб забойствах атрымалі высокія дзяржаўныя пасады
Выбары дэпутатаў на Галоўны Літоўскі Трыбунал былі безумоўна галоўнай падзеяй такіх соймікаў. На гэта зьвяртае ўвагу і агульная колькасьць шляхты, якая ўдзельнічала ў галасаваньні, і лік прэтэндэнтаў на гэтыя пасады. На іншыя «урады» (пасады) цікавасьць спадала, і можна казаць аб тым, што значная частка прысутных вярталіся дадому.
Такая шляхетная дэмакратыя на жаль не змагла выратаваць краіну ад бязладзьдзя. Шматлікія соймікі, як і галоўныя соймы Рэчы Паспалітай зрываліся адным ці часткай прысутных, якія дзейнічалі ва ўласных, ці вонкавых мэтах. На жаль гэта ў вялікай ступені і прывяло дзяржаву да 1772 году, калі краіна першы раз страціла траціну сваёй тэрыторыі праз акупацыю Расеі, Прусіі, Аўстрыі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Павел Хадзінскі, «Новы Час»