Адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Адзін з першых гісторыкаў нашай літаратуры. Выдатны рэдактар і публіцыст, таленавіты драматург і філосаф… І гэта — далёка не ўсе характарыстыкі, якімі можна апісаць постаць Максіма Гарэцкага. Постаць у сваім часе яркую і заўважную, але разам з тым надзвычай трагічную. Такая ж па характары і яго проза — густоўная, шчырая, часам дакументальна дакладная і вывераная, а часам — крыху цьмяная, з адценнямі містычна-фантастычных сненняў, матывамі народных паданняў і страшных расповедаў, што так часта сустракаюцца ў фальклорных зборніках канца ХІХ стагоддзя.
Таму не дзіўна, што ўвага да творчасці класіка застаецца нязменна вялікай у айчынных выдаўцоў і чытачоў. Так, следам за кнігай выбраных твораў Гарэцкага ў серыі «Беларускі кнігазбор» (2009) свет пабачыў зборнік рускамоўных перакладаў яго прозы «Роднае карэнне» (Выдавецкі дом «Звязда», 2014, пераклала Ідалія Кананец), асобнай кнігай выйшла дакументальная аповесць «На імперыялістычнай вайне (Запіскі салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы)» (Беларуская навука, 2014), а годам пазней — выбранае, у серыі «Мая беларуская кніга» (Папуры, 2015).
І вось перад намі — новы зборнік твораў Максіма Гарэцкага, напэўна, самы грунтоўны з ліку пералічаных выданняў. Гэтая кніга сталася 12-м томам серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Пра творчасць літаральна любога пісьменніка прынята казаць, што кожны чытач успрымае яе па-свойму, бачыць асобныя рысы ярчэй, а некаторых адметнасцяў не заўважае. Гэта цалкам натуральна і лагічна: мы ж і на свет глядзім па-рознаму. Вось і Гарэцкі ў кожнага — свой. А новая кніга яго твораў дае чытачу шмат магчымасцяў знайсці любімыя рысы ў прозе, публіцыстыцы і драматургіі гэтага аўтара. У чымсьці чаканыя, але часам і зусім непрадказальныя.
Ёсць тут і знаёмыя са школьных гадоў апавяданні, і праграмная аповесць «Дзве душы», і шчымлівая «Ціхая плынь» — пра хлопчыка Хомку, які дрэнна вучыцца ў школе, пра яго панурага і маўклівага, але вельмі працавітага бацьку, а таксама дзеда-дзівака, што аднойчы абсмаліў свінню… жыўцом. Адметна, што ўсе характары з твораў Гарэцкага — жывыя, яны проста застылі і існуюць у сваім часе — канцы ХІХ ці пачатку ХХ стагоддзя. Тут ёсць холад, бруд і галеча тагачаснай беларускай вёскі, нястачы салдацкага жыцця (дакументальны аповед «На імперыялістычнай вайне» таксама ўвайшоў у выданне). Тут сустракаюцца жанчыны, якія маюць мужа і дзяцей, але адчуваюць сябе адзінокімі і толькі ў працы знаходзяць суцяшэнне, але побач з імі існуюць і маленькія іскрынкі шчасця, сапраўдныя пачуцці кахання, мацярынства, клопату, веры.
Проза Максіма Гарэцкага — нібыта масток, што яднае мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню. Як і для творчасці многіх аўтараў пачатку ХХ стагоддзя, для яго празаічных пошукаў характэрна пераемнасць з фальклору. Але гэта не толькі і не столькі песеннасць, народная мудрасць і разважлівасць, колькі пошукі патаемнага сэнсу існавання, жаданне зазірнуць за гарызонт паміж жыццём і смерцю. Таму тут часта сустракаюцца вобразы, што засталіся на памежжы, дзіўныя відзежы і сненні, фантазіі пра ўваскрашэнне памерлых і магчымасць свету мёртвых уплываць на свет жывых. Бачым мы і водгулле старажытных традыцый, уяўленняў пра прывіды і «жывых нябожчыкаў».
Так, напрыклад, у апавяданні «Страшная музыкава песня» прыгонны селянін, таленавіты музыкант-скрыпач мусіць правесці ноч побач з нябожчыцай, якая была ў яго закаханая (гэта распаўсюджаны сюжэт, які часта сустракаецца ў аповедах, запісаных, у прыватнасці, Еўдакімам Раманавым). Таму, як піша Гарэцкі, «Жудасць ахапіла людзей, вялікі жаль мелі да музыкі і баяліся, што ў той зале пры нябожчыцы прыйшла-ткі на яго загуба». Але — і гэта таксама сведчанне прысутнай сучаснасці, сцверджанне сілы мастацтва. Неверагодны і бястрашны талент (памятаеце, як у коласаўскім «Сымоне-музыку», купалаўскім «Кургане»?) перамагае зло: «Трудна было адразу ўхапіць, аб чым гаворыць яго скрыпка, але чулася нешта знаёмае, даўна вядомае, даўна перажытае».
А дзе ж прыступка да будучыні? Яна таксама ў Гарэцкага ёсць. І бачыцца перадусім у яго філасофска-алегарычных творах, у прыватнасці, у «Скарбах жыцця». Гэта пошук жыццёвай дарогі, сваёй і ўсяго краю: «Бачу я бясконцы спрадвечны шлях у пустым вялікім полі. І — падарожнікаў… Чую песню. Далёкую, маркотную — і жудасна-спакойную песню. Вечную песню! І вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі!».
Можна бясконца доўга расчытваць вобразы і сімвалы прозы Гарэцкага, разглядаць яе пад рознымі вугламі, а можна — проста чытаць і атрымліваць задавальненне ад журботных сненняў і фантазій гэтага неверагодна таленавітага майстра беларускага слова. І новая кніга выбраных твораў — выдатная нагода пазнаёміцца менавіта са «сваім» Гарэцкім ці па-сяброўску сустрэцца з ім яшчэ раз.
Максім Гарэцкі. Творы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2016. — 932 с.
Марына Весялуха, zviazda.by