Чаму ўлады змагаюцца з незалежнымі выдавецтвамі. I што варта паспець здабыць і пачытаць.
Фота з сацсетак выдавецтва Янушкевіч
Якая будучыня для кнігавыдавецкай галіны бачыцца ў цяперашніх умовах, калі адно за адным прыпыняюць дзейнасць выдавецтваў, як будуць выходзіць беларускамоўныя кнігі — перакладная літаратуры, мастацкая і нон-фікшн, дзіцячая, гістарычная? Знайсці адказ на гэтыя пытанні Філін паспрабаваў разам з выдаўцамі і пісьменнікамі.
Выжывуць (не)толькі лаяльныя
— Мяркую, значная частка кніг на беларускай мове пяройдзе на друкаванне ў дзяржаўныя выдавецтвы, кшталту «Звязда», «Мастацкая літаратура», «Адукацыя і выхаванне», — гаворыць адзін з вопытных гульцоў кніжнага рынку Беларусі, з якім мы гутарым на ўмовах ананімнасці.
Таксама, на думку суразмоўцы, зоймуць вялікую нішу выдавецтвы, звязаныя вялікімі грашыма з Расіяй — напрыклад, «Харвест» і яшчэ некаторыя. Улады нават могуць захаваць і колькі недзяржаўных выдавецтваў, якія займаюцца беларускамоўнай літаратурай — калі яны будуць больш «паслухмянымі» за іншых і перажывуць цяперашнія «зачысткі».
Чаму наогул пачалося гэтае цкаванне і ці ёсць тут асабістыя крыўды ці фінансавыя інтарэсы? Суразмоўца «Філіна» гаворыць, што найхутчэй гэта працяг агульнай тэндэнцыі на запалохванне:
— Напрыклад, Андрэй Янушкевіч не ўлазіў у палітыку нават блізка, займаўся выключна кніжнай справай, але ўвесь час паказваў, як усё класна атрымліваецца і што выдавецтва нічога не баіцца. Магчыма, за гэта і пакаралі, каб паказаць: баяцца трэба.
Андрэй Янушкевіч
Альбо ўзяць «Галіяфаў» — Змiтра Вішнёва падлавілі ў той час, калі ён фізічна не ў Беларусі і не адрэагуе на папярэджанне Мінінфармацыі. «Янушкевічу» маглі прыпісаць супрацоўніцтва з «экстрэмісцкімі каналамі» за выпуск разам з Сяргеем Будкіным кніжкі «(Не)расстраляныя» — нездарма Азаронак увесь час згадваў, што, маўляў, друкавалі яе ў Літве.
Пры жаданні, тлумачць суразмоўца, знайсці падставу, каб прымяніць карныя меры, улады могуць лёгка зрабіць: у любой бізнэс-справе, і выдавецкая не выключэнне, некаторыя нарматыўныя акты супярэчаць адно адному, і калі трэба знайсці парушэнні, іх знойдуць.
У Беларусі ХХІ стагоддзя пэўнасці няма: можна быць лаўрэатам нобелеўскай прэміі па літаратуры і ганаровым госцем міжнароднага кніжнага кірмашу, дзе стаяць шматгадзінныя чэргі па аўтограф, а праз нейкі час цябе выкінуць нават са школьных падручнікаў. А можна быць экс-міністрам інфармацыі і спакойна пісаць краязнаўчыя і дзіцячыя беларускамоўныя кніжкі...
Якія аўтары і тэмы першымі трапляюць пад удар?
— Усе. Але па розных прычынах, — гаворыць эксперт кніжнай галіны. — Каб выдаваць мастацкія кнігі, патрэбная будзе вельмі вялікая цэнзура. Ёй у выдавецтвах і так займаліся, але цяпер трэнд пашырыцца. А нават калі кніжка ідэальна чыстая, ніводнае выдавецтва не насмеліцца выдаць Севярынца, альбо Скурко — любога аўтара, хто хоць ускосна звязаны з пратэсным рухам.
Згадайце, кніга Максіма Знака таксама плануецца ў друк выдавецтвам «Время» не ў Беларусі, а ў РФ.
Перакладную літаратуру, гаворыць суразмоўца, чакае іншая складанасць — займацца знешнеэканамічнай дзейнасцю, аплатай правоў і г.д. у цяперашніх умовах «будуць толькі самагубцы».
Ці могуць беларусы вярнуцца да самвыдату, які цяжэй спыніць, чым буйныя выдавецтвы? Хіба што гаворка ідзе пра ратапрынт і «дарэвалюцыйныя» спосабы, як у 90-ыя, мяркуе эксперт, бо дзейнасць больш-менш буйных друкарнаяў адсочваецца. Значна вышэй верагоднасць масавага зыходу аўтараў і выдаўцоў у інтэрнет.
Але ёсць і прамень надзеі — некаторыя рускія выдавецтвы, што атрымалі ліцэнзіі ў Беларусі. Іхняе кіраўніцтва размаўляе па-руску і прапануе спажыўцам «ідэалагічна правільныя» кнігі і тавары, але і беларускай справай таксама зацікаўленае.
Ці можна цяпер пісаць па-беларуску і быць па-за палітыкай? Так, можна. Адны аўтары, зазначаюць выдаўцы, «ловяць хайп» на мове, але палітыкай не займаюцца, другія самаізаляваліся і досыць паспяхова выпускаюць, напрыклад, дзіцячыя кнігі.
Чытайце па тэме: Пагром выдавецтваў. Канец беларускай кнігі ці — рэлакацыя?
Выйсце — ёсць
— Даволі цяжка каментаваць апошнія навіны беларускага кнігавыдання. Дзяліцца болем не хочацца, каб не даваць нагоды для радасці дрэнным людзям, дзяліцца беспадстаўным аптымізмам не хочацца тым больш, каб не хлусіць людзям добрым, — гаворыць пісьменніца і настазніца Ганна Севярынец. — Я не магу — і не хачу — разважаць зараз пра перспектывы кнігавыдання ў Беларусі, бо тыя, якія ёсць, нельга апублічваць, а тыя, якіх няма, ужо абмеркавалі.
Думаю, цяпер беларускае кнігавыданне мусяць узяць на сябе дыяспары, і я ведаю, што яны актыўна і плённа працуюць у гэтым накірунку. Што ж тычыцца чытачоў у Беларусі — дай нам Божа перачытаць хаця б тое, што гераічныя кнігавыдаўцы Беларусі паспелі выдаць, пакуль маглі.
Ганна Севярынец пералічвае, што, на яе думку, варта паспець здабыць і пачытаць, пакуль гэта яшчэ магчыма: грунтоўная мемуарная серыя «Лімарыуса» і яго ж «Галасы Айчыны», бліскучыя пераклады сусветнай класікі ад Янушкевіча, выдатныя тэксты папярэднікаў і сучаснікаў у выкананні «Кнігазбора».
— Беларускія выдаўцы вартыя самай пільнай увагі не ад карных ворганаў, а ад чытачоў. Давайце скарыстаем гэтыя цёмныя часы дзеля таго, каб самім ня ўмёрці. Беларуская ж выдавецкая справа не памрэ, як не памёрла за пяцьсот надзвычай драматычных гадоў. Ведаеце, калі б мы болей чыталі па-беларуску, мы б зусім іншым жыццём цяпер жылі б. Дык давайце менавіта мы, кожны з нас, не дасць памерці беларускай кнізе — проста маючы яе для чытання.