Пагром беларускіх незалежных выдавецтваў — «Галіяфы», «Кнігазбор», «Янушкевіч-Кнігаўка» — шмат для каго стаў шокам. Як так? Дзе тут палітыка? Гэта ж культура. Усё стае на свае месцы, калі асэнсаваць, што культура — гэта найвышэйшая форма палітыкі.
Апошнюю фразу гадоў шэсць таму я пачуў ад сябра «Стана», які гадамі займаўся ўкраінскай справай у Данецку, але быў вымушаны выехаць у 2014-м. Дом, бібліятэка, успаміны — усё засталося там. Было дзіўна чуць гэта пра культуру, калі ўжо ішла вайна. Калі грымяць гарматы, музы маўчаць. Зараз ён ваюе. Але ўпэўнены, што «Стан» не змяніў свайго меркавання.
Дык чаму культура — найвышэйшая форма палітыкі? Бо электаральны цыкл, мітынгі і ўлёткі з партрэтамі кандыдатаў — гэта часовае. Нават кароткачасовае. А культура — гэта на дзесяцігоддзі і стагоддзі. Зарад батарэйкі большы. Як радыяцыя: калі нават коратка трапіў пад выпраменьванне — у нашым выпадку кніг, фільмаў, вершаў і песняў — яно застанецца надоўга. А вынік напоўніцу выявіцца калі не ў першым, то ў наступным пакаленні.
Манаполія на культуру
У гэтай плоскасці і варта шукаць адказу на пытанне: чаму прыйшлі да кнігавыдаўцоў? Там, у «Кнігаўцы», не біяграфіі Ціханоўскай ляжалі, не шматтомнікі з прамовамі Зянона. Звычайныя кнігі. Якасныя. Беларускіх і замежных аўтараў. Па-беларуску. Да мовы, як памятаеце, акурат і дачапіліся Гладкая з Азаронкам напярэдадні ператрусу ў Янушкевіча.
Маскі скінутыя. Мы назіраем вайну культураў. Палітыкі, прапагандысты, сілавікі — толькі зброя ў руках пэўнай культуры. Кожны абраў свой бок. Выцісканне чужой музыкі ці кнігаў — неад’емная частка гэтай барацьбы. Калі груба, то культурны прадукт — гэта кармавая база, абавязковы рэсурс той ці іншай культуры. Знішчаючы яго, ты знясільваеш суперніка. Руйнуеш радыявежы, якія прадукуюць «шкодны» сігнал.
Доўгі час існавала ілюзія, што Лукашэнку хвалююць адно непасрэдныя палітычныя праціўнікі. Астатняе — тым больш беларускае — ён здольны стрываць. Гэтак трэба для падтрымання іміджу незалежнай дзяржавы. На гэтай тэорыі можна ставіць крыж. Зараз дзяржава мае кантраляваць абсалютна ўсё, а культура апынулася ў зоне крытычнай рызыкі.
Ці значыць гэта, што беларускамоўныя кнігі цалкам знікнуць у Беларусі? Упэўнены, што не. Купала, Колас, Танк — ды калі ласка! Як у сталінскім БССР. Прысутнасць пэўнага адсотку мовы патрэбная для ілюзіі легітымнасці. У БССР беларускай было больш, бо было больш вясковага насельніцтва. Сітуацыйная патрэба. Зараз адсотак будзе куды меншы. Сам прадукт будзе ідэалагічна «правільным», а яшчэ лепш — састарэлым і непрывабным. Без вектару ў будучыню, чытай — без будучыні. Як макшанская ці эрзянская мовы ў Расіі.
«Патрабую немагчымага, будзьце рэалістамі!»
Вельмі паважаю людзей, якія, застаючыся ў Беларусі, надалей прыкладаюць намаганні, каб раздзьмуць агеньчык беларушчыны. Прынамсі — не даць яму згаснуць. Разам з тым рабіць у такой сітуацыі маштабны культурны праект, а тым больш выдавецкі бізнес — мякка кажучы рызыкоўная ідэя.
Дык што — канец беларускай кнігі, а шырэй культуры як такой? Ды не. Сучасны свет дае багата магчымасцей, якія спрастоўваюць межы і адлегласці. Не важна, дзе ты, важна — наколькі ты эфектыўны. Ёсць анлайн-прастора. Ёсць аўдыякнігі ці электронныя бібліятэкі, дасяжныя адусюль. Кантэнт не знікае, але яго адпраўной кропкай на нявызначаны перыяд стае тэрыторыя па-за межамі нашай «БССР 2.0».
А што з папяровай кнігай? Шоргат старонак, выдаўленыя літаркі на карэньчыку, пазнакі на палях... Тут таксама не ўсё крытычна. Мы ўжо перажывалі гэта ў выпадку паваеннай эміграцыі: дыяспара ў ФРГ, Брытаніі ці Штатах засноўвала свае выдавецтвы. І гэта ў той час, калі шмат хто з інтэлектуалаў на эміграцыі працаваў на будоўлях пад Мюнхенам ці валіў лес дзе-небудзь у Канадзе. І гэта ў той час, калі свет стаяў на парозе Трэцяй сусветнай. Нічога — рабілі.
Зараз сітуацыя іншая. Эміграцыя куды больш шматлікая. Больш кансалідаваная. Больш забяспечаная ў плане асабістых рэсурсаў. Шмат хто выехаў з сем’ямі, але пакінуў свае бібліятэкі ў Беларусі. Хто накорміць гэтых людзей друкаваным словам? Хто прапануе ім новы раман Марціновіча, дзіцячыя казкі ці глянцавы часопіс па гісторыі? Прамым тэкстам — кім будуць тыя піянеры, што адкрыюць першыя беларускія выдавецтвы ў замежжы?
«Патрабую немагчымага, будзьце рэалістамі!» — як казаў (зусім у іншым кантэксце) адзін вядомы рэдактар. Займацца культурным ці якім-кольвек іншым праектам варта там, дзе будзеш найбольш эфектыўным. Бо рацыю мае не пакутніцтва, але вынік. Пакутніцтва ў нас дастаткова, а з вынікам часта вялікія праблемы.
Канец беларускай кнігі? Зусім не.
Рэлакацыя? Напэўна, так.
Чытайце яшчэ:
«Беларуская выдавецкая справа не памрэ, як не памёрла за пяцьсот надзвычай драматычных гадоў»
Алесь Кіркевіч, budzma.org