Выдавецтва “Логвінаў” атрымала Прэмію за лепшую кнігу фестывалю “Прадмова”

29 траўня ў 20.30 у межах Фестывалю беларускай інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” была ўручаная Прэмія за лепшую кнігу фестывалю (канцэпцыя і дызайн).

pradmova1-aom3i

Мэтай прэміі ў гэтым годзе было звярнуць увагу на неабходнасць разгляду кнігі як сінтэтычнага прадукту, для якога форма грае не меншую ролю, чымся змест.

У журы прэміі ўвайшлі вядомыя ў Беларусі спецыялісты: мастак і дызайнер Дзмітрый Сурскі, кніжны ілюстратар і графік Павел Татарнікаў, кніжны дызайнер Аляксандр Кулажанка, дызайнер, мастак кнігі, графік Зміцер Герасімовіч, мастак і кніжны дызайнер Вячаслаў Паўлавец, мастак-графік, арт-дызайнер, выдавец Канстанцін Вашчанка, графік і ілюстратар кнігі Раман Сустаў, арт-дызайнер Руслан Найдзен, дызайнер, рэкламіст і выдавец Анатоль Лазар.

Рашэнне камісія прымала большасцю галасоў у выніку супольнага абмеркавання. Лепшая кніга абіралася з тых, што падаваліся выдавецтвамі на выставу ў межах фестывалю. Да апошняга моманту вяліся актыўныя спрэчкі і пазіцыя фаварыту змянялася. Пераможца вызначыўся напрыканцы, пацясніўшы іншых вельмі моцных канкурэнтаў, да ўшанавання якіх ужо амаль схілілася журы.

У працэсе абмеркавання чальцы камісіі вызначыліся, паводле якіх крытэрыяў яны разглядаюць належны дызайн і афармленне кнігі.

Сярод асноўных хібаў пры афармленні былі азначаныя наступныя: гэта – непрафесійны падбор шрыфтоў, неналежнае размяшчэнне тэкстаў і ілюстрацый адносна карэньчыку кнігі, негустоўныя вокладкі паводле каляровай гамы ці банальнасці выяваў, нечытэльнасці канцэпцыі і г.д.

У той жа час формула трапнага дызайна выглядае такім чынам: канцэптуальнае адзінства формы і зместу – належна абраныя стыль, шрыфт, вёрстка, ілюстрацыі, дызайн вокладкі. Агулам жа гарманічнае спалучэнне выяваў і тэксту.

Пераможцу – вядомае беларускае выдавецтва “Логвінаў” – абвясціў прызнаны мастак кнігі Зміцер Герасімовіч. Прэмія была нададзеная за выбітны дызайн кнігі Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Еўропы”, а таксама па сукупнасці заслуг. Да таго ж журы была адзначаная праца такіх беларускіх выдавецтваў як “Галіяфы”, “Тэxналогія”, выдавецкіх ініцыятыў Артура Клінава і Дзмітрыя Строцава – за агульны высокі стандарт дызайну кнігі.

Прыз быў перададзены арт-дырэктару выдавецтва “Логвінаў” Паўлу Касцюкевічу – гэта быў ганаровы дыплом за перамогу, а таксама каштоўны прыз ад сузаснавальніка прэміі, выдавецтва “Эканомпрэс” – копія гістарычнай мапы 1598 г. “Europa Regina (адна з ранніх узгадак земляў Беларусі-Літвы ў сусветнай картаграфіі).

Урачыстае ўручэнне прэміі суправаджаў выступ музычнага гурта PAULINN.

Глядзіце таксама:

Адкрыццё фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Прадмова” (фотарэпартаж)

Фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Дзень другі (фота)

Як эмігранты сварыліся праз “правільнага” і “няправільнага” Купалу

Чароўны рэдкі звер: беларускае фэнтэзі

Фестываль “Прадмова”: месца шчыльнай інтэлектуальнай камунікацыі