На зімовых канікулах вучні старэйшых класаў пажадаі сустрэцца з паэтэсай Верай Буланда. І гэта сустрэча адбылася напярэдадні новага, 2014 года, 30 снежня, а 13.00 гадзіне. Вядома ж, перад новым годам размовы пра новыя планы, мары пачалася нязмушаная гаворка. І як без вершаў пра зіму:
Падае снег густым зарападам,
Натхняючы сэрца на новы парыў,
Сустрэчу з табой, каханне і радасць,
І новых пачуццяў святочны ўзрыў.
Падае снег, уздымаю далоні,
Каб зоркай у неба начное ўзляцець,
Ды ў прыцяжэнні зямным і ў палоне
Сэрца твайго ярчэй зіхацець.
Вершы інтымнай лірыкі змешчаны ў новым зборніку паэзіі Веры Буланда “Сараматніца”. Прагучалі зімовыя вершы іншых паэтаў, а таксама віншаванне з Новым годам і… пажаданні:
У новым годзе знікнуць скрусе
Для сваякоў і ўсіх сяброў.
За вас малюся, спадзяюся,
Каб кожны жыў быў і здароў!
Хай збудуцца жаданні, планы,
Расквеціцца ва ўсмешцы твар,
А гэты год доўгачаканы
Мы будзем піць, як той нектар.
Каб толькі мір, Пагода ў хаце,
І міма – злосныя вятры.
Дык з Новым годам, з новым шчасцем
Віншую вас, мае сябры!
Цягам сустрэчы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” вучні за актыўнасць і выразнае чытанне вершаў атрымлівалі падарункі: паштоўкі “Мы – адметныя”, торбачкі з выявамі цмокаў, дыскі з цікавосткамі, майкі.