Чаму важна чытаць народныя казкі? Ці варта баяцца страшных герояў? У чым адметнасць беларускага дзіцячага фальклору? Ці можа казка нашкодзіць? Пра гэта мы паразмаўлялі з псіхолагам і казкатэрапеўтам з Віцебска Верай Лабейка, якая заклікае адмовіцца ад маралізатарства і натацый у выхаванні і ператварыць яго ў казку.
Казкі прысутнічаюць у жыцці кожнага чалавека з дзяцінства. Мае бацькі чыталі казкі мне, я — свайму сыну, а цяпер карыстаюся казкамі, легендамі, міфамі і паданнямі ў псіхалагічнай працы з дарослымі і дзецьмі. Магчыма, мая цікавасць да казак так і засталася б на ўзроўні любові да апавядальна-забаўляльнага жанру, калі б аднойчы прыпавесць не ўратавала мне жыццё. У складаны жыццёвы перыяд, з якога, здавалася, няма выйсця, блізкая сяброўка расказала мне прыпавесць — няпростую, з сумнай канцоўкай. Сюжэт мяне моцна ўзрушыў, я ўвесь час параўноўвала сябе з галоўнай гераіняй. Развагі натхнілі на напісанне працягу — з трансфармацый, з лепшай, адкрытай канцоўкай. Я нібыта ажыла. Не тое каб у мяне з’явіўся пэўны план дзеянняў, аднак унутры быццам запаліўся агеньчык. Прайшло больш за 15 гадоў. Перачытваючы прыпавесць, я знаходжу ў ёй моманты, якія збыліся і якія цяпер адбываюцца ў маім жыцці. Я думаю, у дзяцінстве на мой характар паўплывала мая любімая і найбольш чытаная ў той час казка — пра пеўніка, які не баіцца цяжкасцяў, у агні не гарыць і ў вадзе не тоне. Атаясамліванне з галоўным героем натхняе мяне і надае сілаў. Дарэчы, гэта была першая папяровая кніжка, якую набылі мне бацькі і якую цяпер я зберагаю як сямейную рэліквію.
Так я зразумела, што казка — гэта не проста забава. У ёй хаваюцца назапашаныя стагоддзямі і пакаленнямі веды, па зярнятку адабраная найбольш важная і патрэбная інфармацыя. Гэта пасланне нашчадкам пра тое, як жыць, любіць, сябраваць, дзейнічаць у складаных сітуацыях, як будаваць сям’ю, адносіны паміж мужчынам і жанчынай, паміж бацькамі і дзецьмі. Казка надзвычай шматгранная. Яе можна разглядаць з педагагічнага, псіхалагічнага, тэрапеўтычнага пункту гледжання. На свядомым узроўні дзіця можа не зразумець закладзеныя ў яе сэнсы. Аднак менавіта ў той момант, калі яно слухае казку, у глыбіні яго душы адбываюцца пераўтварэнні. Калі дзіця спалоханае, усхваляванае, перажывае ўзроставы крызіс, яно абірае героя, якому суперажываць, з кім сябе ідэнтыфікаваць, і разам з ім перамагае цмока, здабывае чароўныя яблыкі ці меч-кладзянец. Разам з ім робіцца смялейшым, і адбываецца псіхалагічны рост. Казка не проста настаўнік, яна добры лекар, які дапаможа перажыць гора, смутак, трывогу.
Беларускія казкі і фальклор цудоўныя ва ўсіх адносінах і маюць свае асаблівасці. У іх закладзеная жыццёвая мудрасць, транслююцца духоўныя якасці і каштоўнасці, уласцівыя менавіта беларускім людзям. Беларусы вядомыя ў свеце сваёй мяккасцю, дабрынёй, талерантнасцю, смеласцю, працавітасцю, цярплівасцю, вынаходлівасцю, дасціпнасцю і выдатным пачуццём гумару. Дзякуючы гэтым якасцям мы выжывалі ў сітуацыях, дзе выжыць было амаль немагчыма. І нашы казкі гэтаму вучаць. Сярод галоўных герояў у беларускіх казках практычна няма лайдакоў, гультаёў, баязліўцаў. Мудрасць перамагае ў казках “Не сілай, а розумам”, “Людзей слухай, а свой розум май”, “Андрэй за ўсіх мудрэй”, “Наймудрэйшы”. Увага дзіцяці звяртаецца на тое, як важна набыць жыццёвы вопыт, быць смелым, не баяцца працы. Разам з тым беларускія казкі павучаюць, падказваюць, перасцерагаюць, развіваюць увагу, памяць, мысленне. Іх карысна ўводзіць у жыццё дзіцяці ў любы час, і неабавязкова з мэтай казкатэрапіі.
Некаторыя мамы пачынаюць чытаць казкі дзіцяці, калі яшчэ толькі чакаюць яго. Паводле даследаванняў, немаўля чуе знешнія гукі пачынаючы з пятага месяца ўнутрычэраўнага развіцця. Гук і тэмбр голасу мамы, асабліва калі яна супакоеная, маюць дабратворны ўплыў на дзіця. Далейшыя даследаванні паказалі, што казкі, якія чыталіся падчас цяжарнасці, пазней лепш дапамагалі супакоіць малога, калі ён капрызіў, хварэў, непакоіўся. Для нованароджанага маці працягвае быць усім яго светам праз моцную эмацыйную і псіхалагічную сувязь. У першы год жыцця казка не нясе сэнсавай нагрузкі, аднак дапамагае ўмацаваць эмацыйныя стасункі. Гэтаму спрыяюць калыханкі, прыказкі і прымаўкі, на якія надзвычай багаты беларускі фальклор.
Цікавасць уласна да казкі ў дзіцяці ўзнікае бліжэй да 1,5-2 гадоў, калі яно ўжо больш знаёмае з людзьмі вакол сябе і жывёльным светам. Менавіта казкі пра жывёл — сапраўднае багацце беларускага фальклору, дзе кожны персанаж мае характар чалавека. І дзеці разумеюць, хто добры, а хто злы і хітры. Самыя першыя казкі — кароткія, з простым сюжэтам, невялікай колькасцю персанажаў, дзе даволі выразна супрацьпастаўляюцца дабро і зло. Асаблівасць казак для маленькіх — цыклічнасць сюжэту, то бок паўтор асноўнай сюжэтнай лініі з паступовым увядзеннем новых персанажаў. Напрыклад, падзеі ў беларускай казцы “Як курачка пеўніка ратавала” спачатку разгортваюцца вакол двух герояў — Курачкі і Пеўніка. Каб выратаваць Пеўніка, які падавіўся бобінкай, Курачка ідзе да кароў, пасля — да касцоў і да пекара. Гэта выдатная трэніроўка памяці і лагічнага мыслення. Больш за тое, казка вучыць, як важна не баяцца цяжкасцей, як часам трэба ўмець папрасіць дапамогі, і абавязкова знойдуцца людзі (жывёлы), якія дапамогуць, вучыць, што можна любіць і сябраваць. Аднымі з першых казак могуць стаць “Муха-пяюха”, “Курачка Рабка”, “Коцік Петрык і мышка”, “Дзедава рукавічка”, “Як кот звяроў напалохаў”. Першыя казкі можна не чытаць, а расказваць: менавіта праз аповед дзеці лепей засвойваюць пачутае. Чытанне казак таксама важна суправаджаць тэатральнымі элементамі, гульнёй з цацкамі, якія адпавядаюць сюжэту, маляваннем, лепкай, шыццём.
Ва ўзросце трох-чатырох гадоў малое актыўна развіваецца, усведамляе сябе праз маніфестацыю “я сам”. Ён імкнецца да самастойнасці, пазнання свету і адносінаў паміж людзьмі. Растлумачыць базавыя моманты ў гэты час могуць казкі — пра жывёл з большай колькасцю герояў, бытавыя казкі і невялікія чароўныя казкі. Напрыклад, “Былінка і верабей”, “Зайкава хатка”, “Каза-манюка”, “Пчала і муха”, “Коцік, пеўнік і лісіца”, “Сынок з кулачок”, “Мядзведзь”.
Чым асабіста мне падабаюцца беларускія казкі: у кожнага з герояў можна нечаму павучыцца, нават калі той увасабляе зло. Давайце разгледзім цудоўную казку “Бык і ваўкі”, у якой да працавітага быка-касца прыходзіць воўк і пагражае яго з’есці. Аднак бык ваўка не баіцца. Упарты воўк кліча паплечнікаў. Да пятага ваўка бык трымаецца спакойна, упэўнены ў сваёй сіле. Аднак калі тых робіцца шасцёра, разважлівы бык задумваецца, ці адолее ён праціўніка, і звяртаецца па дапамогу да сяброў — каня, казла, барана і пеўня. Разам яны праганяюць ваўкоў. Падчас супрацьстаяння дабра і зла ў дзіцяці ёсць арыенціры. Да быка — сімвала развагі, мудрасці і працавітасці — прыходзіць нехта з дрэннымі намерамі. Аднак бык не кідаецца адразу ў бойку, што дзіцяці можа транслявацца наступным чынам: нават калі табе хтосьці пагражае, сваімі спакоем і ўпэўненасцю ў сабе ты можаш адпудзіць праціўніка і не даць сябе ў крыўду. Тут на выбар дзве стратэгіі: пакуль адзін герой набірае моц, другі захоўвае спакой. І абедзве яны вартыя ўвагі, бо часам трэба дзейнічаць як воўк — калі дзіця слабае і яго крыўдзяць, гэта стымул рабіцца мацнейшым. Што адбываецца ў казцы далей? У пэўны момант бык разумее, што яго стратэгія спакою і талерантнасці не спрацоўвае, і вымушаны прасіць дапамогі. Гэта вучыць дзіця гнуткасці розуму. Яно мусіць разумець, што калі нешта робіш, аднак належнага выніку гэта не дае — воўк не збягае ў лес, — трэба дзейнічаць інакш. Варта адзначыць, што бык звяртаецца да сяброў з рознымі праявамі сілы. Так, конь можа брыкаць, казёл — таўчы, баран — бадаць, певень — дзерці. Павелічэннем моцы не заўжды можна пазбавіцца канфлікту, найбольш эфектыўна спрацоўвае гнуткі падыход да яго вырашэння.
У адной казцы такая глыбіня, што на свядомым узроўні дзеці і нават бацькі не змогуць усё зразумець. І да пэўнага ўзросту не варта рабіць такі педагагічны аналіз, бо гэта можа адбіць ахвоту да чытання ўвогуле. Да 5-6 гадоў важна, каб прачытанне казкі ішло як жывыя зносіны. Казку можна абмеркаваць, абыграць, перанесці на сучасную сітуацыю. У астатнім нашы дзеці настолькі мудрыя, што самі выдатна счытваюць схаваны ў казках сэнс і здольныя скарыстаць яго ва ўласнай практыцы.
Пасля пяці гадоў дзіця развіваецца інтэлектуальна, эмацыйна і духоўна, вучыцца кіраваць сваімі паводзінамі. Мэта бацькоў — паказаць яму цэнасныя арыенціры, якімі ён зможа кіравацца ў жыцці. Мякка, пазбягаючы маралізатарства і натацый, гэта лёгка зрабіць з дапамогаю казкі. Беларускія казкі цудоўныя тым, што прасякнутыя найбольш важнымі ўяўленнямі пра дабро і зло, у іх апетыя сямейныя каштоўнасці, уяўленні пра тое, як любіць, сябраваць і рабіць выбар. Сюжэты казак робяцца складанейшымі, а характары герояў — паказальнейшымі. Многія казкі напісаныя з элементамі гумару, які дзіця ўжо здольнае ацаніць. У бытавых казках праз персанажы мужа, жонкі і дзяцей паказваецца, што ў сям’і можа быць рознае — можна злавацца, крыўдаваць, быць больш/менш разумным, аднак важна заставацца разам, бо ў кожнай сям’і ёсць што цаніць. Пра гэта казкі “Муж і жонка”, “Разумная дачка”, “Стралец і рыбак”.
У гэтым узросце могуць быць цікавыя касмаганічныя казкі. Адна з маіх найбольш любімых — “Ілля і Пятро”. Гэта казка пра тыя часы, калі па зямлі яшчэ хадзіў Бог. Нябесную сферу ён даручыў панам Іллі і Пятру. На гэтай глебе ў іх здарыўся канфлікт: Ілля ўвесь час паліваў зямлю дажджом, а Пятро перасушваў яе сонцам. Каб зразумець, каго з іх больш любяць, пайшлі паны ў народ, і пакуль хадзілі па зямлі, навучыліся дзяліць свае абавязкі, сябраваць, зразумелі, што аднолькава важныя і сонца, і дождж. Гэта надзвычай шматгранная казка. Першы пласт — аповед пра тое, як існуе свет і прырода, дзе ўсё ўзаемазвязанае. Другі пласт — чалавечыя адносіны. Калі два сябры сварацца, можа пацярпець агульная справа. Аднак і канкурэнцыя — важная сфера ў стасунках паміж людзьмі. Асабліва для дзяцей, якія ідуць у школу ў 6-7 гадоў, калі ім трэба супернічаць, вучыцца адстойваць сваё меркаванне. У гэтым казка “Ілля і Пятро” надзвычай карысная, бо вучыць, як, пазбягаючы вайны, шукаць сацыяльна магчымыя формы канкурэнцыі. Так, два паны, супернікі і канкурэнты, навучыліся дамаўляцца, саступаць адзін аднаму — на карысць агульнай справе.
У 5-6 гадоў запатрабаванымі робяцца чароўныя казкі, калі ў дзіцяці развіваецца метафарычнае, сімвалічнае мысленне. Ён можа не толькі ўявіць сабе жывёл, людзей і прадметы, з якімі знаёмы, але і пафантазіраваць, перанесціся ў чароўны свет з незвычайнымі ператварэннямі, памарыць пра прыгоды. Праз суперажыванне герою дзіця робіцца смялейшым, больш упэўненым, мудрым. Ён сталее праз метафару казкі. Некаторыя бацькі сумняваюцца ў вартасці чароўных казак, перакананыя, што тыя адводзяць дзяцей ад рэальнасці. Аднак з упэўненасцю магу сказаць, што чароўныя казкі ў мяккай форме рыхтуюць дзіця да самастойнага жыцця, дапамагаюць прайсці праз крызісныя этапы. У многіх чароўных казках герой выпраўляецца ў падарожжа за трыдзевяць зямель, каб здабыць пэўны чароўны прадмет, які ахоўвае цмок ці калдун. У жыцці кожнага чалавека здараюцца моманты, калі ён адчувае сябе слабым, страчвае веру ў сябе, не бачыць выйсця. У дзяцей могуць быць цяжкасці ў садку ці школе. І поспех здаецца мячом-кладзянцом у далёкім чароўным краі. Казачны герой, пераадольваючы страх, выпраўляецца ў падарожжа і здабывае прадмет. Метафарычнасць і сімвалізм гісторыі ў тым, што ў кожным чалавеку ёсць сіла, мужнасць і смеласць, патрэбныя для пераадолення цяжкасцяў. Казка праз вобразную падачу прыгодаў і выпрабаванняў спачатку дзіцяці, а пасля і даросламу дапамагае паверыць у сябе. Падарожнічаючы разам з героем, ён робіцца больш смелым і моцным, адкрывае ўнутраную прыроду чалавечай душы, здольнай да зменаў, трансфармацыі, раскрывае ў сабе рэсурсы, якія ён лічыў недасяжнымі.
Сапраўды чароўная казка “Музыка-чарадзей”. Хлопчык з выключнымі музычнымі здольнасцямі і ўменнем пераадольваць цяжкасці перамагае нават нячыстую сілу. Ён грае на дудачцы так, што душа ў людзей плача ці, наадварот, танцуе. Гэта казка перадусім пра тое, як важна верыць у сябе, бачыць у сабе талент — а ён ёсць у кожным чалавеку — і развіваць яго. Асобныя чароўныя казкі — “Шкляныя горы”, “Як Васіль змея перамог”, “Аб каралевічу-чараўніку”, “Ох і залатая табакерка”, “Іван Іванавіч царэвіч”, “Віхровы падарункі”, “Залатая яблынька”, “З рогу ўсяго многа” — асабліва раю для прачытання.
Многія бацькі задаюць пытанне, навошта ўвогуле страшныя казкі і ці варта пазбягаць страшных момантаў падчас чытання, каб не напужаць дзіця. Перадусім да выбару казкі варта падыходзіць індывідуальна. Калі малому страшна, ён плача, просіць спыніцца, то і не трэба страшныя казкі чытаць. Іншая рэч, што страшная казка стварае мяккія ўмовы, каб пераадолець уласныя страхі. Адчуваць страх нармальна — ён перасцерагае, нясе абарончую функцыю. Аднак калі страх праз меру вялікі — гэта сігнал бацькам больш увагі надаваць праявам любові, добразычлівасці і мякка фармаваць самастойнасць. Страшныя казкі патрэбныя на пэўным узроставым этапе, каб навучыць дзіця знаходзіць у сабе сілы і разам з героем пераадольваць страх. Дзеці, якіх ахоўвалі ад страшных казак ці непрыемных сітуацый, могуць перажыць моцны стрэс, пакінуўшы бацькоўскі дом. Іншая рэч — як быць з жорсткімі і крывавымі сцэнамі, якія дарослым уяўляюцца эпізодамі з фільмаў жахаў. Дзіцячая фантазія малюе зусім іншыя вобразы, менш жахлівыя, дзе дабро перамагае зло. Важна разумець, што здараюцца сітуацыі, калі трэба за сябе пастаяць, абараніць сваіх родных, адстаяць сваю зямлю. Больш за тое, падчас чытання страшнай казкі дзіця знаходзіцца ў бяспецы: побач — мама ці тата, якія абароняць, супакояць, патлумачаць. У гэтым вялікае адрозненне казкі ад мультфільма, дзе ўвазе прапануюць гатовы вобраз героя, які сапраўды можа спужаць і выклікаць стрэс ці нават траўмаваць дзіцячую псіхіку. Пачытайце з дзецьмі “Алёнку”, “Гарошка” альбо зрабіце падборку з легендарных беларускіх казак.
Страшныя казкі і персанажы могуць нашкодзіць, толькі калі іх чытаць заўчасна ці пачаць пужаць казачнымі героямі. Тут дарэчна параўнаць казку са скальпелем, які можа ўратаваць жыццё, а ў няўмелых руках — нашкодзіць. У Віцебску я праводжу семінары аб псіхалагічным развіцці дзяцей, у тым ліку прысвечаныя дзіцячым страхам. Рыхтуючыся да іх, я адшукала безліч прыкладаў, калі бацькі ператвараюць казку ў пакаранне. У адкрытым доступе выкладзеныя сотні відэа, дзе мама ці тата за дрэнныя паводзіны пагражаюць аддаць дзіця Бабайку, Бабе-Язе, вядзьмарцы, лесуну. Негатыўны персанаж ў казцы, як ні дзіўна, дае магчымасць адчуць, што ты смелы, разумны і з дапамогай бацькоў справішся. Запужванне казачнымі персанажамі можа мець негатыўныя наступствы для дзіцячай псіхікі. Бацькі не разумеюць, што руйнуюць самае галоўнае, што можа быць паміж імі і дзецьмі, — давер, паразуменне, веру ў бацькоўскую падтрымку, усведамленне таго, што тыя на баку дзіцяці, а не цёмных сілаў.
Нашыя дзеці растуць у час, калі дамінуюць заходнія ці амерыканскія мультфільмы і казкі, большасць з якіх транслюе каштоўнасці, характэрныя для людзей з іншым менталітэтам. У пагоні за заходняй мадэллю жыцця мы можам страціць нешта важнае, сваё. У беларускіх казках шмат увагі надаецца адносінам бацькоў і дзяцей. З аднаго боку, дзеці мусяць шанаваць бацькоў. Так, у казцы “Іван Іванавіч царэвіч” абгавораная ведзьмаю маладая жанчына разам з сынам вымушаная плысці па моры ў бочцы. Калі сын падрос, перад кожным значным пачынаннем ён прасіў маці блаславіць кожны свой крок. З іншага боку, казкі транслююць, як важна ў час адпусціць дзяцей, не трымаць іх пры сабе, не стрымліваць іх прагу да самастойнасці. Казка “Аб каралевічу-чараўніку” якраз пра гэта. Паводле сюжэта, бацька не ведаў, куды аддаць свайго сына на вучэнне. Аднойчы ім сустрэўся на вуліцы чарадзей, і юнак пайшоў да яго ў вучні на тры гады. Паступова ён робіцца магутнейшым за свайго настаўніка і даказвае гэта. Выдатна, калі нашыя дзеці могуць быць разумнейшымі і больш паспяховымі за нас. Пераймаць і ўлічваць вопыт пакаленняў карысна, аднак усё роўна ісці трэба сваёй дарогай.
Беларускія казкі надзвычай цікава разглядаць і з боку псіхааналізу. Больш глыбокае іх даследаванне дапамагае дзіцяці зразумець сваю сутнасць, вучыць, як вырашаць не толькі знешнія канфлікты, але і ўнутраныя сумненні. Казка “Іван Іванавіч царэвіч” мае надзвычай глыбокі падтэкст. Іван-царэвіч ажаніўся з дзяўчынай-прыгажуняй. Аднак у іх адносіны ўмяшалася ведзьма і заняла месца маладой каралеўны. Іван пачаў жыць з ведзьмай, ведаючы, што дзесьці далёка жыве яго сапраўдная жонка. Пра што можа быць гэтая казка, акрамя таго, што трэба ўсведамляць, з кім жэнішся? Яна кажа, што ў кожным чалавеку прысутнічаюць мужчынскі і жаночы пачатак. Да трох гадоў мама — самы блізкі чалавек для сына. Яна — увасабленне дабрыні, прыгажосці, мяккасці, мудрасці. Нам даводзілася чуць, як хлопчыкі абяцаюць ажаніцца з маці, калі падрастуць. І падсвядома выбіраюць у жонкі дзяўчыну, якая нечым нагадвае маці. Дзяўчынка можа карыстацца такім падыходам пры выбары будучага мужа. Да гэтага можна ставіцца як да жарту, аднак ён можа паўплываць на далейшае жыццё дзіцяці Калі маці будзе мяккай і спагадлівай, яна дапаможа закласці базіс даверу да жанчын. Вялікая імавернасць таго, што яе хлопчык у будучыні зможа любіць і стварыць моцную сям’ю. Аднак калі мама, нават з самымі добрымі намерамі, абмяжоўвае самастойнасць хлопчыка, прывязвае яго да сябе, перашкаджае сталенню, робіцца празмерна ўладнай і жорсткай, яна ператвараецца ў “ведзьму”. Паводле псіхааналізу царэвіч ажаніўся з дзяўчынай. Да вяселля яна была прынцэсай, а пасля стала ведзьмай. Тут можа быць два шляхі разважання. Сапраўды, часам да вяселля дзяўчаты хочуць паказаць сябе найлепшым чынам, на што пасля забываюцца. Аднак часта бывае і так, што жанчына не змянілася. Змянілася яе роля — яна цяпер жонка і мама, а мужчына можа падсвядома выконваць ролю маленькага хлопчыка і ажывіць у сабе вобраз маці. Унутраны канфлікт пачынаецца тады, калі гэты вобраз асацыюецца з ведзьмай. І калі жонка нечым нагадвае вобраз уладнай маці з дзяцінства, можа адбыцца адарванне, жаданне развесціся, таму што на блізкія адносіны з фігурай маці накладваецца табу. У гэтай казцы паказаны шлях мужчыны, які, не руйнуючы сям’і, вырашае свой унутраны канфлікт, які здолеў зразумець сябе і прыняць вобраз сваёй абранніцы. Казка, дарэчы, заканчваецца добра.
У сваёй практыцы поруч з іншымі я часта звяртаюся да беларускіх казак. Менавіта беларускі фальклор ляжыць у аснове праекта “Казка праз сэрца”, які пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!” здзейсніў віцебскі клубны дом “Крылы надзеі” сумесна з творчым аб’яднаннем “Кухня 33”. Служба сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі людзей, якія маюць вопыт псіхічных захворванняў, працуе ў Віцебску з мінулага года. За гэты час у Клубным доме з’явілася 30 падапечных. “Казка праз сэрца” паказала, што мова беларускіх казак зразумелая ўсім — і дзецям, і дарослым, незалежна ад іх асаблівасцяў. Мы чыталі беларускія казкі з рознымі сюжэтамі і героямі, а пасля прачытання прапаноўвалі нашым падапечным праілюстраваць пачутае — намаляваць свае пачуцці, перажыванні. Некаторыя баяліся браць у рукі нават аловак, аднак у канцы праекта, які доўжыўся амаль год, пачалі маляваць фарбамі. Больш за тое, праца пайшла далей. Удзельнікі не сталі абмяжоўвацца малюнкамі, яны пачалі пісаць працяг беларускім казкам. Да прыкладу, у казцы “Мядзведзь” лянівага чалавека ператвараюць у мядзведзя. І кожны прыдумаў асабістую гісторыю, што мядзведзю трэба зрабіць, каб ізноў стаць чалавекам!
Беларускія казкі сталі для наведнікаў клуба выдатнай магчымасцю для самавыяўлення. Людзі з асаблівасцямі псіхічнага развіцця ці з досведам псіхічных захворванняў праз творчасць, эмоцыі і пачуцці паказалі, што яны таксама хочуць любіць, быць карыснымі і запатрабаванымі. Малюнкі сталі трансляцыяй таго, як важна ў чалавеку перадусім бачыць асобу, а не дыягназ. У кожным чалавеку столькі творчасці, здольнасці радавацца, суперажываць, што гэта немагчыма адабраць асаблівасцямі псіхічнага развіцця.
Малюнкі па матывах беларускіх народных казак сталі вобразнымі карцінамі і складуць цэлы арт-альбом, прэзентацыя якога адбудзецца ў чэрвені. Альбом і серыя паштовак паводле праекта будуць распаўсюджвацца бясплатна, каб правесці казку праз як мага больш сэрцаў і зрабіць гэты свет трошачкі лепшым.
У казачным свеце вялікая колькасць выдатных аўтараў — класікаў і сучаснікаў. І аўтарскія казкі таксама трэба чытаць. Больш за тое, псіхолагі ствараюць адмысловыя казкі, каб дапамагчы чалавеку сфармаваць пэўныя духоўныя якасці. Аднак да выбару аўтарскай казкі варта ставіцца пераборліва. Так ці іначай, аўтар піша пра сябе. Ён можа перадаваць уласны ўнікальны досвед пераадолення цяжкасцей, бачання свету, пашырэння межаў, а можа пісаць пра свой боль і праблемы, якія хвалююць яго, альбо неадаптыўныя спосабы, якія не хацелася б пераймаць. Таму калі вы заўважылі, што абраная вамі казка ўсхвалявала вас ці вашае дзіця, варта абмеркаваць яе, прааналізаваць: гэта добрая магчымасць яшчэ больш зблізіцца. І, магчыма, пачаць пісаць уласныя казкі, якія стануць цудоўным здабыткам вашай сям’і. Народныя ж казкі прайшлі выпрабаванне часам, пакуль дайшлі да нас. І гэта найлепшы паказчык якасці. У іх закладзеныя базавыя каштоўнасці, якія ў сучасных казках дэвальвуюцца: напрыклад, скажаюцца вобразы мужнасці і жаноцкасці.
Я не дзялю казкі народаў свету на больш ці менш каштоўныя. Так ці інакш, у казках кожнага народа пераважаюць агульначалавечыя каштоўнасці з індывідуальнымі рысамі, абумоўленымі асаблівасцямі менталітэту. Таму дакладных рэкамендацый у выбары казкі быць не можа. Варта арыентавацца на асаблівасці вашага дзіцяці, разумець, што для яго важна. Дзеці і казка самі падкажуць вам. Калі дзіця просіць перачытваць яму адну і тую ж казку, гэта паказчык таго, што для яго гэта важна. Ідэнтыфікуючы сябе з галоўным героем, дзіця зноў і зноў засвойвае чароўны ўрок смеласці, дабрыні, любові, суперажывання, вырашае ўнутраныя канфлікты, перамагае зло і несправядлівасць. Найлепшае, што мы можам даць нашым дзецям, — адчуванне чароўнага і радаснага дзяцінства, якое запомніцца ім на ўсё жыццё. І казка — адзін з тых колераў вясёлкі, які робіць дзіцячы свет больш цёплым і сардэчным.
Яна Шыдлоўская
Фота: Андрэй Тавалжанскі