У двары на вуліцы Каліноўскага
Для дзяцей паставілі шыбеніцу,
Якую сьпісалі з турмы,
Бо яна састарэла маральна.
І адразу прыбеглі дзеці,
Каб гайдацца на ёй і падцягвацца,
Каб поўзаць па ёй і караскацца
І займацца карыснай гімнастыкай.
А бацькі былі ўжо ня радыя,
Бо забылі дзеці пра мульцікі,
Пра ўрокі і пра кампутары –
Прыляпіліся сэрцам да шыбеніцы.
Мамкі-нянькі грукаюць шыбінамі
І крычаць ім: “Хутчэй дахаты!”
І хвалююцца: што зь іх вырасьце? –
Баючыся вымавіць “шыбенікі”.
Ды, здаецца мне, лепей шыбенікі,
Так, я думаю – лепей шыбенікі,
Лепей, лепей дакладна шыбенікі,
Лепей шыбенікі,
чым кáты.
___________
Пра аўтара:
Вера Жыбуль (Бурлак) – паэтка, перакладчыца, вядомая таксама як Джэці, нарадзілася 2 красавіка 1977 г. у Кіеве. Скончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, філфак Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту (2001), асьпірантуру (2004). Кандыдат філялягічных навук (2005). Выкладае расейскую літаратуру ў Белдзяржунівэрсытэце. Аўтарка некалькіх самвыдаўскіх зборнікаў, кнігі вершаў “За здаровы лад жыцьця” (2003). З 1997 г. зьяўляецца нязьменным галоўным рэдактарам самвыдавецкага часопісу “Вясковыя могілкі”. Займаецца літаратуразнаўствам, дасьледуе паэзію для дзяцей, выдала манаграфію “Детская поэзия Серебряного века: Модернизм” (2004). .