Спачатку былі ў Андрэя Адамовіча валасы – доўгія ды кучаравыя. І рускамоўная проза з такімі ж сказамі.
За гэта Андрэя жорстка дыскрымінавалі беларускамоўныя літаратары, бо ў іх такіх сказаў не было. Асабліва шчыраваў Валянцін Акудовіч, што кіраваў тады ў Беларускім калегіуме вайсковай кафедрай. І ўвесь час прымушаў Адамовіча пастрыгчыся. А той не стрыгся. Тады Адамовіча сталі перакладаць на беларускую.
Акрамя валасоў і рускай мовы ў Адамовіча быў псеўданім Сцяпан Панаеў. І аповесць з прэтэнцыёзнай назвай “Попытка к портрету”. Ну вось, бачыце самі: так і хочацца пастрыгчы. Я тады сеў за працу і настрыг старонак шэсць для часопіса “Дзеяслоў”. (Там дагэтуль упэўненыя, што тую прозу напісаў я.) А потым пераможна пазваніў Акудовічу:
– Спадару Валянціне! А я знайшоў класнага празаіка і нават перакладаю.
– Цікава-цікава. І як яго завуць?
– Андрэй Адамовіч.
– Дык Адамовіча ўжо даўно перакладаюць!
– Хто?
– Я!
Я паклаў слухаўку і больш стрыгчы не стаў. А Валянцін Акудовіч – толькі ўявіце, шаноўны загадчык кафедры! – узяў і пераклаў дэбютную аповесць гэтага салагі. Ад удзячнасці ды сораму Андрэй Адамовіч не ведаў куды падзецца і паехаў у Оршу, на вайсковыя зборы, прысвечаныя юбілею нашага класіка Уладзіміра Караткевіча. І перайшоў там з рускай на беларускую. І, каб двойчы не ўставаць, з прозы на паэзію. І нават пастрыгся. Пра што дагэтуль шкадуюць усе маладыя літаратаркі незалежна ад мовы іх творчасці…
А незадоўга да таго “Радыё Свабода” запусціла праект “Верш на Свабоду”. І ўсім, хто напіша вершык, давала за яго роўна трыццаць амерыканскіх срэбранікаў. І ўсе айчынныя творцы адразу адчулі прыліў натхнення й патрыятызму. Толькі загадчык вайсковай кафедры Валянцін Акудовіч не адчуў – і стаў павучаць маладога байца: “Шараговец Адамовіч! Адставіць пісаць патрыятычныя вершы за грошы! Бо і птушкі ў гнёздах сваіх, і рыбы ў вірах сваіх, і пчолы ў вуллях сваіх адчуваюць, як гэта агідна! І не пішуць кан’юнктурных вершаў”.
А Адамовіч, магчыма, і напісаў бы. Але ніхто не запрасіў, не замовіў у яго “Верша на Свабоду”. І тады здарыўся цуд. Стаў Адамовіч – адзіны на ўсю Беларусь! – пісаць вершы без замовы. І паменела ў гэтых вершах паказнога вальналюбства й патрыятызму. І паболела ў іх паэзіі.
І ўразіўся гэтаму сам Валянцін Акудовіч, і перадаў, расчулены, Адамовічу сваю вайсковую кафедру. І стаў даваць Адамовіч парады ўсім маладым верлібрыстам, што прыязджалі на арганізаваныя Беларускім ПЭН-цэнтрам зборы й вучэнні, і лекаваў іх ад імпатэнцыі паэтычнай, і вучыў іх пісаць “Праўда й Справядлівасць” з вялікай літары, а “слоўнік рагойшы” – з малой, і словы ягоныя электронам мянялі спіны й паварочвалі самалёты над акіянам, і бязлітасны быў ён да ўсіх традыцыяналістаў, бо эпоха вымагала цвёрдасці, бо эпоха вымагала цвёрдасці.
Тут якраз і замовы пасыпаліся. Ад спаму. Ад канторы. На добрую язду і каб маршрутка хутчэй прыйшла. І на ўсе замовы – адзіны паэтычны прайс: 3.75 за радок. Так што калі напісаць васьмірадкоўе ды паверыць алгебрай гармонію – роўна трыццаць срэбранікаў выйдзе. Але ж Андрэй не Сальеры, каб алгебрай ды гармонію. Андрэй, не раўнуючы Моцарт, напісаў нават болей і зарабіў бы за свой “Верш на Свабоду” 41 даляр 25 цэнтаў. Але ж ён не гандляваў свабодай, а выбраў паэзію, што, як вядома, бясцэнная:
верш на свабоду – датэрміновае галасаванне
дзевяноста восем адсоткаў свабоды
два адсоткі вершаў
я таксама напішу верш на свабоду
хоць мне і не замаўлялі
хтосьці ж мусіць забяспечыць гэтыя два адсоткі
напішу хоць і не замаўлялі
бо што вы думалі верш на свабоду – гэта чарга па кватэры
дваццаць год чакаеш і атрымліваеш?
не верш на свабоду – гэта чарга ў грамадскую прыбіральню
не пашэнціла – абасраўся
Кожны гуманітарый здольны падлічыць, што паэзіі тут, вядома ж, не два адсоткі, але роўна чатыры радкі (апошнія ў вершы). Што тады робяць у тэксце першыя сем? Таксама граюць важную ролю. Ствараюць сітуацыю, у якой наступныя чатыры будуць пачутыя і ўспрынятыя адэкватна. І тут варта сказаць колькі словаў пра тое, што “грэбаны традыцыяналіст” назваў бы творчым метадам Адамовіча.
Паэту важна не толькі паказаць чытачу верш, але й расказаць пра абставіны яго стварэння. Усё пра адрасата і адрасанта, крыніцу натхнення і цытавання. Паказаць фокус – і адначасова растлумачыць яго. Двума-трыма гераічнымі мазкамі накідаць партрэт аўтара з яго лірычнымі ўзлётамі ды “парашковымі адхаднякамі”. Увесці ў святая святых – на творчую кухню (не кажучы пра ванну ды іншыя месцы баявой славы). Злыя языкі сказалі б тут нешта пра нарцысізм ды самазакаханасць – і абсалютна не мелі б рацыі. Тэарэтыкі-фармалісты сказалі б пра “агаленне” паэтычнага прыёму – і былі б бліжэйшыя да ісціны. Аўтар піша верш і адначасова піша, як ён піша верш. Апавядае гісторыю – і ўвесь час не дае забыць, што гэта толькі выбраныя ім словы – і ўсякае падабенства з рэальнасцю абсалютна выпадковае. Або і не, як аўтару заманецца. Але ў любым разе судзіць яго варта паводле законаў ягоных тэкстаў.
У ладнай часткі пісьменнікаў (асабліва айчынных) нарацыя выглядае так. Спачатку яны расчульваюць ды пераконваюць чытача ў сваёй шчырасці, каб потым, так бы мовіць, “манетызаваць” яе – скарыстацца яго даверлівасцю ў сваіх мэтах, далёка не заўжды бескарыслівых. Напрыклад, спрабуючы неяк яго выхаваць. “Канвертаваць” чытацкія перажыванні ў палітычныя перакананні. У патрыятычныя, нацыянальныя пачуцці. У рэлігійныя перажыванні і г.д. Калі пашанцуе, дык не толькі выклікаць эмоцыю, але й справакаваць на пэўныя дзеянні. Амаль як у рэкламе. Бо паэзія (і ўвогуле літаратура) цікавіць такіх аўтараў не сама па сабе, а як яскравая абгортка для пэўных ідэяў, як сродак для чагосьці важнейшага (на думку гэтых аўтараў), чым яна сама. Але такая стратэгія спрацоўвае хутчэй у дзіцячай літаратуры, дый тое не заўсёды. Бо чытачы (прынамсі частка з іх) выраслі, падрыхтаваліся да магчымага “падвоху” – і ўсё меней даюць веры аўтару.
Стратэгія паэта Адамовіча наўпрост супрацьлеглая, у нечым нават парадыйная што да апісанай вышэй. Спачатку ён пераконвае чытача (слухача) у сваёй нібыта несур’ёзнасці, суцэльнай іранічнасці. Дае зразумець, што тут проста апавядаюцца байкі, што мы трапілі на нейкі КВН ці comedy club, што трэба расслабіцца і рагатаць. Вядома ж, калі робіцца смешна. І калі чытач і слухач канчаткова ў гэта вераць і расслабляюцца – на іх і звальваецца паэзія. Часам нават вельмі сур’ёзная і пафасная, на якую ў іншых умовах, без такой “падрыхтоўчай працы”, аўтар, магчыма, і не рызыкнуў бы. Бо выглядала б смешна, але вялося б ужо пра іншы смех.
Згадваю, як адзін каляінтэлектуальны дзеяч з рэпутацыяй вялікага мараліста абражаўся Адамовічавым вершам “Хрыстова пупавіна” – і гневу ягонаму не было межаў. Гэта ж трэба, герой верша “сцаў і сраў у далоні рымскім легіянерам”! Герой, калі што – немаўля Хрыстос. Але не спяшайцеся з абурэннем, казаў я таму дзеячу. Па-першае, ён не робіць нічога, чаго б не рабіла іншае немаўля ў ягоным веку. (А яшчэ ён “хапаў сябе за ногі, ногі засоўваў у рот” – што, таксама будзем абурацца?) Але дзеяча, вядома ж, яшчэ больш “зачапіла” некананічная стылістычная афарбоўка дзеясловаў, у якіх ён пабачыў блюзнерства. Дзеяч, відавочна, прызвычаіўся да таго, што паэзія – толькі “сродак”, толькі “абгортка” для зусім іншых (“больш сур’ёзных”) матэрый, таму й абразіўся, не раўнуючы пуцінскія прапагандысты перформансам у храме. Але ж мы не ў храме, аўтар проста піша верш, у якім ужывае моцны стылістычны прыём.
Так, ён правакуе вас (і ўсіх нас), шаноўны маралісце, выводзіць з раўнавагі, але навошта? Калі б вы далі сабе працу дачытаць тэкст да канца, а не заўчасна абурацца, то, можа, і зразумелі б, што паэту вельмі патрэбны стылістычны кантраст. Чаму і служыць некалькі натуралістычных, падкрэслена “нізавых” дэталяў (словазлучэнне “Дэн Браўн” – з таго ж “празаічнага” рэпертуару), на фоне якіх будзе разгортвацца далейшы аповед. Аўтар проста ўсыпляе нашу пільнасць. (Маўляў, далей будуць суцэльныя прыколы.) Бо набіраецца смеласці на важныя асабістыя прызнанні. На споведзь бацькі, у якога нарадзіўся сын (так што вобраз біблейскага Язэпа раптам пачынае выглядаць для яго зусім іначай). На словы паэта, які зрабіў з бацькоўскіх перажыванняў адзін са сваіх найлепшых вершаў. Да таго ж падазрона сур’ёзны, падмануўшы ўсе нашыя чаканні “прыколаў”.
Хрыстова пупавіна
Калі птушкі, звяры і варажбіты спявалі Езусу песні, а ён:
– хапаў сябе за ногі, ногі засоўваў у рот,
– даваў кіруючыя парады сінедрыёну,
– сцаў і сраў у далоні рымскім легіянерам,рымскія легіянеры, прасветленыя, кідалі службу,
а Язэп, які да гэтага свята меў сваё асабістае стаўленне,
адрэзаўшы малому пупавіну, абкруціў яе вакол шыі,
і павёў сям’ю ў Егіпет.І так ён пасля і хадзіў з гэтаю пупавінаю,
якая нагадвала яму хвост віфлеемскае зоркі
і яго чорнае і ссохлае жыццё.А перад габрэйскай Пасхай, пакуль Язэп спаў,
пупавіну нехта скраў.
Язэп плакаў, бо ведаў, што на добрае ўжо не павернецца,
і ягоныя рукі не падняліся ўскрыць горла ягнятку.А на пупавіне пасля павесіўся Юда,
ён і скраў яе, пупавіну, бо не было тады
горшага чалавека ва ўсёй Юдэі, а, можа, нават
і ва ўсім свеце.А пупавіну пасля знайшлі нейкія жыдкі
і прадалі яе першым хрысціянам за трыццаць срэбных рублёў.Пупавіну доўга хавалі і перадавалі адзін аднаму
розныя манахі і сябры патаемных арганізацыяў.А яшчэ яе шукаў Дэн Браўн, але не знайшоў,
дзе яна цяпер, ніхто не ведае.
Хоць шмат хто верыць, што ў Дэна Браўна.Хто ім забароніць верыць у гэта?
Я дык вось веру, што гэтая пупавіна на маёй шыі,
а раней была на шыі майго бацькі.Бо што так цісне мне горла?
Што так цісне?
Што так замінае дыхаць,
калі я гляджу на цябе і на нашага сына?Шмат хто называе гэта каханнем, любоўю або мілосцю.
А я называю гэта Хрыстоваю пупавінаю.
Бо часам яна цісне мне так балюча,
што цяжка паверыць, быццам гэта каханне, любоў або мілосць.Хоць напэўна такое яно і ёсць, каханне да самае смерці,
любоў, пра якую казаў нам Езус.
Андрэй Хадановіч