Выяўленыя эскізы дапамаглі ідэнтыфікаваць алтарны абраз, які фігуруе на старых фотаздымках, і прасачыць яго гісторыю да вайны, распавядае «Наша ніва». І хоць сляды абраза губляюцца, застаецца вялікая верагоднасць, што ён не страчаны і нават дагэтуль знаходзіцца ў Беларусі.
Выстаўленыя на днях на аўкцыён некалькі эскізаў мастака Юзафа Тэафіла Смалінскага (1865–1927) з прыватнай берлінскай калекцыі, звязаных з мінскім Чырвоным касцёлам, былі па закліку актывістаў за палову дня выкуплены беларусамі замежжа.
Кожны з іх каштаваў нямала — ад 1400 да 2000 еўра. Раней такая аператыўнасць у справе захавання спадчыны была немагчыма, сёння становіцца добрым тонам для забяспечаных беларусаў. Гэтая падзея сведчыць у тым ліку пра шырокае абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці.
Усе эскізы належалі да аднаго твора, як лічылася, да роспісу інтэр’ераў касцёла. Адзін з эскізаў паказваў кампазіцыю цалкам, даючы разуменне да якіх частак адносяцца іншыя эскізы.
Адзін з эскізаў алтарных роспісаў касцёла Святых Сымона і Алены
«Па цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос (ці Божая Маці — невыразна бачна), пад ім — выява Чырвонага касцёла. Хлопчык з дзедам — гэта Сямён Вайніловіч і ягоны заступнік Святы Сымон. Насупраць укленчаная дзяўчына гэта Алена Вайніловіч. Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне — гэта пошук вобразу Святой Алены, маці імператара Канстанціна, якая адшукала Труну Божую і Жыватворны Крыж, які трымае ў руках», — так апісваў яе тэлеграм-канал «Спадчына».
Здымак левага нефа з алтаром у 1918 годзе. Фота: фэйсбук Рамана Забелы
На гэтым гісторыя эскізаў не скончылася. Архітэктар-рэстаўратар Раман Забела з Навукова-праектнага цэнтра «Рэстабіліс» па слядах знаходкі адшукаў архіўнае фота інтэр’ераў касцёла 1918 года, якое апублікаваў у фэйсбуку.
Як адзначае архітэктар, касцёл стылістычна быў аформлены іначай, чым эскізы Смалінскага. Усе сцены і скляпенні алтарнай часткі, нефа і трансепта храма былі пакрыты адметнымі арнаментальнымі трафарэтнымі паліхроміямі ў стылі мадэрн, якія яшчэ нядаўна можна было пабачыць. Гэта выклікала ў яго сумненні ў тым, што эскізы зроблены для алтарных роспісаў.
На выяўленым фота паказаны бочны алтар, які ўпрыгожвае абраз, які мае ідэнтычную кампазіцыю з адным з эскізаў Смалінскага. Алтар месціўся ў канцы левага нефа, то-бок злева ад галоўнага алтара.
Як выявілася, гэты абраз быў вядомы таксама па апісаннях у літаратуры і ўспамінах менчукоў.
Алтарная карціна на здымку 1918 года і адзін з эскізаў Смалінскага
У 1923 годзе касцёл быў разрабаваны бальшавікамі, але канчаткова яго зачынілі толькі ў 1932 годзе.
Забраны савецкімі ўладамі ў музей абраз, выклікаў праблемы, бо і там людзі на яго хрысціліся і маліліся. Праз гэта абраз давялося схаваць на гарышча.
У час нямецкай акупацыі вернікам дазволілі службы ва ўсіх храмах, якія раней былі адабраныя. З Беларускага гістарычнага музея Антонам Шукелойцем, які кіраваў ім у час акупацыі, былі перададзены ў касцёл абраз у стылі мадэрн, што некалі там быў: абраз Божай Маці з краявідам Мінска з касцёлам і ўкленчанымі дзецьмі Вайніловіча. Гэтае апісанне дакладна супадае з абразом з бочнага алтара і эскізамі Смалінскага.
У час акупацыі час службы ў касцёле праводзіў Вінцэнт Гадлеўскі, пробашч кафедральнага касцёла. Нямецкім уладам не падабалася папулярнасць ксяндза Гадлеўскага, увечары 24 снежня 1942 года ён быў адвезены са сваёй кватэры службістамі СД і расстраляны каля ўвахода ў канцэнтрацыйны лагер Малы Трасцянец. Яшчэ адзін ксёндз Чырвонага касцёла, Станіслаў Глякоўскі, таксама быў закатаваны нацыстамі.
Месца на плане касцёла, дзе знаходзіўся алтар з абразом Смалінскага.
Актывісты адзначаюць, што сказаць цяжка, што адбывалася з касцёлам і абразом у гэты час і што з творам мастацтва стала пасля вызвалення. Але ёсць некалькі імаверных варыянтаў.
Па-першае, у Беларусі дзейнічалі групы Аператыўнага штаба рэйхсляйтара Розенберга, якія займаліся разрабаваннем і вывазам у Германію культурных каштоўнасцей на акупаваных тэрыторыях. Лёс гэтых каштоўнасцей мог паўтарыць і абраз. Актывісты не выключаюць, што перадача Шукелойцем абраза з музея ў касцёл, мела адну з мэтаў зберагчы яго ад вывазу.
Праўда, значная частка каштоўнасцей усё ж пасля вайны была вернута ў СССР. Менавіта ў СССР, бо вернутым дабром распараджаліся на саюзным узроўні, таму шмат чаго, што належала да беларускіх збораў, было перададзена зусім не ў Беларусь.
Гэта адкрывае перад намі тры варыянты таго, што магло стацца з абразом: ён мог быць вывезены нацыстамі і страчаны, мог вярнуцца ў СССР, але асесці па-за Беларуссю, і, нарэшце, самы аптымістычны — ён быў вернуты назад і сёння захоўваецца ў фондах аднаго з музеяў, але ніколі не выстаўляўся.
Чырвоны касцёл больш як год зачынены мясцовымі ўладамі пасля таго, як пры падазроных абставінах у ноч на 26 верасня 2022 года ў ім адбыўся пажар. Многія называюць гэтае рашэнне палітычным і звязваюць з адплатай беларускіх уладаў Касцёлу за нелаяльнасць у 2020 годзе. Афіцыйнай жа прычынай называецца рэканструкцыя, другая чарга якой ужо распачалася і мусіць закрануць інжынерыю касцёла, асабліва яго велізарнай падземнай часткі.