«Кожны год я ваюю з рэчамі. І на Каляды гэтая вайна дасягае свайго апагею». Марыя Грыц разважае пра тое, як зрабіць такі падарунак на Каляды, каб не пакідаў слядоў і не спрыяў забарахленню, а таксама пра тое, як прасоўваць беларушчыну праз кулінарыю.
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Існуе складаная дылема: як павіншаваць чалавека, нічога яму/ёй не падарыўшы? І тут пачынаюцца пакуты...
Набываецца непатрэбнае.
Прымаецца ў дар непатрэбнае.
Перадарваецца непатрэбнае.
І вось ты ўжо жывеш у замкнёным коле, дзе ўсе віншуюць адно аднаго рэчамі, якіх ніхто не хацеў, але сорамна не прыняць.
А тым часам — мне катастрафічна мала шафаў. Здавалася б, пасля некалькіх вымушаных пераездаў варта было б навучыцца жыць з адной лыжкай, адной талеркай, адным рушніком і парай бялізны. Але не. Рэчы размнажаюцца хутчэй за трусоў і не спыняюцца.
Сітуацыю абцяжарвае той факт, што летам мы пераехалі ў кватэру, дзе раней жыў прышпільны дзед. І ён пакінуў пасля сябе такое дзіўнае барахло, што выкінуць — шкада, а жыць з ім — незразумела.
Футра пясца, электрагрыль, кнігі, сістэма рондаляў, што вельмі нагадвае самагонны апарат, але гаспадыня кватэры ўпэўнена казала, што гэта скараварка... Карацей, гамон.
На фоне гэтага хаосу я вучу дачку экалагічным звычкам праз гісторыі пра дэльфіна.
Ён плача, калі мы не закрываем кран, пакуль чысцім зубы. Ён плача, калі мы купляем лішнія пакеты. Ён плача, калі выкарыстоўваем зашмат мыла, пасты і ўсяго астатняга.
Праўда, муж кажа, што за апошнія гады пачаў моцна недалюбліваць дэльфінаў. Але што ж. Дэльфіны — яны такія. Асабліва на Каляды яны проста ў масавай роспачы.
І каб хоць крыху паменшыць іх калектыўны боль, я вырашыла: буду дарыць падарункі, якія не пакідаюць пасля сябе следу.
Гэтым годам я наварыла яблычнага сыру. Так, гэта не мая фантазія, а сапраўдная страва, якую я ўзяла з кнігі «Літоўская гаспадыня» і пачала эксперыментаваць з ёй на сучасны лад. У маім таемным санта-калядным месцы цяпер паспяваюць: класічныя яблычныя сыры з грэцкімі арэхамі і вострымі прыправамі; эксперыментальныя — з разынкамі, чарнаслівам, памаранчамі, журавінамі, вішнямі; з рознымі арэхамі і нават з гарбузом.

Яблычны сыр. Фота Марыі Грыц
Такі шырокі асартымент тлумачыцца проста: я вару сыры для канкрэтных людзей. Але ў гэтай побытавай гісторыі ёсць і звышідэя: я хачу, каб людзі — часам нават не здагадваючыся — працягвалі старую беларускую гастранамічную традыцыю і ставілі на калядны стол ласунак, які раней сапраўды елі ў гэтыя дні.
Бо, як аказваецца, папулярызаваць беларускую культуру можна і праз рот. І гэта, дарэчы, вельмі эфектыўны шлях.
Да таго ж, калі пачаць гатаваць яблычны сыр на Каляды для вялікай колькасці людзей, бонусам атрымліваеш:
неймаверна духмяны пах у кватэры;
клопаты, якія не даюць зваліцца ў восеньска-зімовую тугу;
адчуванне, што ты хоць нешта робіш з гэтым светам, акрамя абнаўлення навін.
Так, гэта ўсё — мая форма эскапіі.
Ад падзей, якія апошнімі днямі размотваюць нас без аніякай літасці.
Ад навінаў, якія ламаюць.
Ад стомленасці, якая не лечыцца сном.
А праўда простая: з яблычным сырам любая сітуацыя трошкі лепей, чым без яго.
Марыя Грыц, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org