Як літаратурныя беларусы сустракалі выпрабаванні прыроды?

Лета прынесла нам не толькі спёку, але і навальніцы ды залевы, якія выпрабоўваюць на трываласць і муры, і дрэвы, і людзей. Так было ва ўсе часы, таму і на старонках літаратурных твораў б’юць маланкі, грымяць грымоты, круцяцца віхуры... А на гэтым фоне адбываюцца цікавыя сюжэтныя падзеі, піша Людміла Рублеўская ў «Звяздзе».

Давайце разам перачытаем, як літаратурныя беларусы сустракалі выпрабаванні прыроды, а заадно ўспомнім, як правільна сябе паводзіць у час такіх выпрабаванняў.


Navaĺnica

«Мы схаваліся ад буры пад высокі стог саломы»

Верш Канстанцыі Буйло пад назвай

«Бура» даволі пастаральны — паэтка малюе прыгожы вясковы пейзаж, непагадзь на фоне якога перажываецца героямі як прыемная прыгода. Нават прыкметы буры дужа эстэтычныя: «хмара з рыжым пералівам», «возера цямнейшым стала і не шкліцца ў сонцы болей», вецер «падхапіўшы жмут саломы, як у танцы, кружыць кругам».

«Зазмяіліся маланкі, раскаціўся грукат грому,

Дождж пусціўся ўпрысядкі, льецца буйны і сцюдзёны».

Але нічога не страшна, калі ты не адзін і ёсць дзе схавацца:

«Мы схаваліся ад буры пад высокі стог саломы;

Што адзін у пшанічным полі сведчыць аб багацці плёну,

Падняла ўжо вясёлка сяміцветнае

ўзвышша,

Пах зямлі, травы, саломы вее чаем

настаяным...»

Дарэчы, героі верша вельмі правільна зрабілі, што сталі ў навальніцу не пад дрэва, а пад стог — спадзяюся, і вы, шаноўныя чытачы, памятаеце, што ў дрэва можа ўдарыць маланка, таму варта шукаць якое кустоўе ці зарасці.

«Ето Ілля катаецца... Ілля-прарок...»

«Першыя навальніцы былі літасцівыя. Але наступная спраўдзіла гразьбу: зіхала, ляскала — ды і кінула грымучы агонь свой на гумны. У гэтым зіханні і лясканні не адразу ўхапілі, што на гумнах гарыць».

У рамане Івана Мележа «Подых навальніцы» бура — мастацкая дэталь, якая стварае ў чытача трывожнае прадчуванне: лёс галоўнай гераіні, палескай прыгажуні Ганны, будзе горкі, згарыць яе наладжанае жыццё, як тыя гумны. Ганна выйшла замуж не па каханні, за мясцовага багацея Яўхіма Глушака. Іх маленькая дачушка захварэла, але Глушакі не жадаюць адцягваць час і сілы на дзіця, лячыць, везці да доктара — жаць трэба. І хворае немаўля даводзіцца браць з сабою ў поле.

«Укрывала, затульвала сабой ад ветру. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб...»

Лютуе навальніца і ў тую ноч, калі маленькая Верачка памірае:

«— Не бойся... Ето Ілля катаецца... Ілля-прарок... — туліла малую, ласкава і трывожна шаптала ёй Ганна. — Ён добры... Ён малых не чапае... Ён толькі здаецца такі — страшны... A напраўду ён — добры... Добры...

І ў громе чула, як цяжка, часта дыхае Верачка, — хоць словам, хоць чым-небудзь хацела памагчы малой!»

Хоць Ганна і кажа, што маланка бяспечная — але ж і ў Куранях вунь колькі пажару праз іх нарабілася! Лепш, як пачне за вокнамі бліскаць, зачыніць вокны ды дзверы і выцягнуць усе штэпселі з разетак.

«Трубілі сурмы праз смугу туманаў»

Візуальным увасабленнем рамантызму лічаць карціну нямецкага мастака Каспара Давіда Фрыдрыха «Вандроўнік над морам туману»: самотная цёмная постаць на фоне раз’юшаных хваляў і скалаў. Хоць Уладзімір Караткевіч абураўся, калі яго называлі рамантыкам, тым не меней ёсць у яго пейзажы проста як на карціне Каспара Фрыдрыха, прыкладам, у апавяданні «Вока тайфуна» і аповесці «Чазенія». Самая каларытная бура, апісаная Караткевічам — гэта, бадай, пралог да рамана «Леаніды не вернуцца да зямлі», які мае асобную назву

«Вераб’іная ноч» і нават друкуецца час ад часу як асобны твор: афіцэр Гораў у страшную буру перапраўляе цераз раку жонку паўстанца, якой трэба перадаць памілаванне мужу.

Непагадзь часта з’яўляецца і ў іншых яго творах. Згадаем менш вядомы верш «Патоп (Старажытны беларускі апокрыф)», дзе эпічна малюецца карціна канца свету:

«І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца.

Распаўся час. І неба цёмным скруткам

Узвілося над зямлёй. І лінуў дождж,

Як быццам сто гадоў збірала неба

Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх,

Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын,

Ваду пралітых чалавечых слёз...

...І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень

Трубілі сурмы праз смугу туманаў,

І здраднікі хаваліся ў каўчэгах,

Якія заліваў сіберны дождж.

Вада пакрыла роўныя мясціны

І коміны халуп і ўсе палацы.

Раўлі шалёныя сівыя хвалі,

Раздзёршы ветразі тугія ў лоск.

І людзі ўгору ўзнімалі рукі

Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях,

Ранімыя вятрамі і агнём».

Верш напісаны ў 1956 годзе, калі Караткевічу было дваццаць шэсць, і галоўная слава чакала наперадзе. Сцэна, апісаная ў вершы «Патоп», потым увойдзе ў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — там кат Цыкмун Жаба будзе разыгрываць у ночвах з драўлянымі фігуркамі сцэну сусветнага патопу. Але ва ўсіх гэтых эпічных сцэнах Караткевіча сэнс адзін: чалавек перамагае стыхію, таму што мацней за любую буру яго каханне да жанчыны, любоў да Радзімы, пачуццё гонару. Герой верша «Патоп» не хоча на выратавальны каўчэг — ён хоча падзяліць лёс са сваёй каханай і са сваёй зямлёй.

А калі ўжо вас заспела залева, пастарайцеся ўсё ж такі не хавацца пад канструкцыямі, якія могуць лёгка абрушыцца, кшталту рэкламных шчытоў, ну і не быць там, дзе вас можа затапіць.

«На Брэстчыне карыбскі ўраган»

Верш Пімена Панчанкі, напісаны ў 1974 годзе, відавочна спісаны з натуры. Лета, самы сенакос — а тут здарылася на Брэстчыне залева. Ды такая, як у экзатычных краінах. Але беларусы не здаюцца — і працягваюць працаваць, таму што чалавек мацней за стыхію:

«На Брэстчыне карыбскі ўраган,

Паводка бангладэшская ўвосень.

Дажджы зімой.

Снягоў няма.

Туман.

На бронетранспарцёрах сена звозім.

Калі б тут не сапраўдная бяда,

Дык можна б пастаяць і падзівіцца.

Але вада, страшэнная вада,

Нялёгка часам да людзей прабіцца.

Жывой вады руйнуючы ўдар,

Мы зубы сцялі, не клянём нікога.

Плывуць стагі па небе паміж хмар

І не знаходзяць сонца залатога».

У здавалася б зразумелых радках паэт у духу свайго часу дае адсылкі і да палітычнага становішча: у 1974 годзе дамаглася незалежнасці Карыбская Грэнада, у Бангладэш, якая толькі-толькі таксама атрымала незалежнасць, здарылася страшная паводка, ад праліўных дажджоў загінулі дзясяткі тысяч людзей.

«Дае прырода зноў урокі нам:

Не верце цішыні, салодкім снам,

Бяда і радасць ходзяць побач вечна,

Людзей ратуе толькі чалавечнасць».

«Жыве па-свойму глыбіня»

Паэт-франтавік Кастусь Кірэенка дае свой рэцэпт ратунку ад буры — праўда, яна ў яго вершы ўвасабляе нападкі нядобразычліўцаў, паклёпы і зайздрасць. Што рабіць? Заставацца верным сабе, не зважаць на віраванне зла:

«Раве над морам, б’е віхура,

За валам вал, нібы гайня.

Ды толькі б як ні выла бура —

Жыве па-свойму глыбіня.

Там мір святла, там спеюць сілы,

Там свой заўжды, глыбінны, свет...

Вось так і ты для справы мілай

Настрой душу сваю, паэт.

Хоць як шалеюць злыдні свету,

Хоць як вярзуць на нас і час —

Ісці на свой маяк да мэты —

Такі ў паэта свой наказ».

У гэтай парадзе ёсць і практычны сэнс — бегаць у навальніцу нельга. Калі заспела яна цябе ў чыстым полі, шукай кустоўе ці канаву, прыгніся... А вось з вады ў любым выпадку лепш неадкладна вылезці — маланка, якая трапіла ў ваду, уражвае ў дыяметры ста метраў.

«А вы, перапрашаю, не ведаеце, што такое арабінавыя ночы?»

А якая бура надараецца ў паноў Кубліцкага ды Заблоцкага з казачнай аповесці Пятра Васючэнкі! Ленаватыя паны маюць з прыпасаў адну толькі рэпу, што расце на іх агародзе.

Паехалі яны на кірмаш. І прапанавалі ім там набыць насенне дрэў хлебных, кілбасных, марцыпанавых... Паны закупіліся.

Але заўважылі яшчэ нейкую чорную семку, якую рыжа-лысы гандляр ім не прадаў. Але ж паны ганаровыя — набылі! А што з яе вырасце? Рыжа-лысы сумленна папярэдзіў: ветрык... Лепш не сейце. Але каб паны кагось слухаліся! Усё пасеялі і чакаюць. І тут надарылася арабінавая ноч...

«А вы, перапрашаю, не ведаеце, што такое арабінавыя ночы? Гэта напрыканцы лета бывае, у спасаўку. Усю ноч неба скаланаюць грымоты, сякуць фіялетавыя маланкі, шугае вецер, утвараючы віхуры, — і хаця б кропля дажджу. Кажуць, што ўся зямная нечысць — чарты, ваўкалакі, вядзьмаркі, шатаны, цмокі ладзяць арабінавай ноччу свой шабаш. О, паны зведалі-такі, што такое арабінавая ноч! Спачатку ім здалося, што яны разам са сваёй хацінаю апусціліся на дно аграмаднай чарніліцы з самым чорным у свеце атрамантам.

Потым, калі ўсё вакол загрукацела, зазіхцелася, зашыпела, пан Кубліцкі пачаў зубамі выстукваць маршоўку касінераў яго вялікасці караля Гарбуза, а пан Заблоцкі — улюбёны паланэз яго светласці князя Дрыгайлы. Але назаўтра...

Назаўтра паны нясмела вызіраюць з акна на агарод, а ў панскім агародзе тырчаць: кілбаснае дрэва, хлебнае дрэва, булачнае дрэва, пірожнае дрэва, цукерачнае дрэва, віннае дрэва, марцыпанавае дрэва, селядцовае дрэва...»

І было б панам шчасце, але прарасла і чорная семка «ветрыка»: вырас нейкі таўсты чорны гарбуз, а з яго «выпаўзае нейкая чорная хмарка. Яна круціцца на месцы, усё хутчэй ды хутчэй, і ператвараецца ў чорную віхуру...»

Зжэр той «ветрык» усе панскія дрэвы — і хлебнае, і кілбаснае, і марцыпанавае, і зляцеў на смешных куцапых чорных крылах на процілеглы край Сусвету.

Трохі падобны той «ветрык» да шаравой маланкі — яна таксама непрадказальная і можа зжэрці ўсё на сваім шляху... Заляцела ў пакой — лепш не рабіць рэзкіх рухаў, не спрабаваць выгнаць, як муху. Лепш асцярожна схавацца за дзверы, па магчымасці адчыніць фортку.

«З маланкаю ў сэрцы»

Паэт-філосаф Алесь Разанаў умеў у праявах прыроды ўбачыць высокую сімволіку. «Маланка жне, гром малоціць» — так называецца адна з яго кніг. А верш «Маланка» можна чытаць як прыпавесць:

«Тады, калі я ўвайшоў у бажніцу і, зачыніўшы дзверы, стаў гутарыць з небам, з неба раптоўна ўпала маланка і раскалола бажніцу надвое.

Людзі, якія прыйшлі на світанні, адбудавалі з адной яе палавіны бажніцу світання, a людзі, якія прыйшлі на змярканні, адбудавалі з другой палавіны бажніцу змяркання.

— Хадзі да нас, — заклікаюць мяне адны, — гэта ж твая бажніца: ты зноў тут зможаш казаць свае словы да неба...

— Хадзі да нас, — пераймаюць мяне другія, — гэта твая бажніца: ты зноўку тут зможаш слухаць, што кажа неба...

А я ўсё стаю на тым самым месцы,

здранцвелы,

уражаны,

праяснёны,

не маючы мовы, каб гаварыць, —

з маланкаю ў сэрцы».

Ну, калі ўжо ў кагосьці патрапіла маланка — раяць абліць галаву небаракі халоднай вадой, пры неабходнасці — зрабіць штучнае дыханне, выклікаць «хуткую». Гэта толькі паэт можа з маланкаю ў сэрцы жыць і нават складаць вершы.

Чытайце яшчэ: Тэст: Як называюцца па-беларуску розныя віды дажджу