У Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі дэманструецца выстава «Археалагічныя адкрыцці Крэва: Знаходкі з замку, гарадзішча і мястэчка».
Фота тэлеграм-канала Інстытута гісторыі НАН Беларусі
На выставе прадстаўлены знойдзеныя археолагамі артэфакты з розных аб’ектаў на тэрыторыі Крэвара, паведамляе тэлеграм-канал Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
На выставе дэманструецца архітэктурна-будаўнічая кераміка замка, у тым ліку складанапрафіляваная цэгла нэрвюраў скляпенняў Княжацкай вежы і новаадкрытай Трэцяй вежы. Тут таксама прадстаўлены інструменты будаўнікоў Крэўскага замку XIV ст. — кельмы крэўскіх майстроў.
Выяўленне трэцяй вежы змяніла ўяўленне пра Крэўскі замак. Трэцяя вежа злучалася з іншымі часткамі мураванай галерэяй, а сцяны былі забудаваны каменнымі будынкамі. Раней замак разглядаўся як «фольксбург» — вялікая агароджаная прастора, дзе ў выпадку небяспекі магло хавацца мясцовае насельніцтва разам з гаспадаркай. Але раскопкі паказалі: замак выконваў і рэпрэзентацыйную функцыю і быў асабістым даменам Альгерда і Ягайлы, у той час як дамены Вітаўта і Кейстута былі ў Троках і Гародні.

Фота тэлеграм-канала Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Багаты набор артэфактаў з Крэўскага гарадзішча рэпрэзентуе рамёствы і элітарную культуру жыхароў гэтага паселішча раннеўрбаністычнага тыпу ХІІІ — пачатку XIV стст. Прыцягвае ўвагу фрагмент прасліца, вырабленай з оўручскага шыферу — на ім можна разглядзець наяўнасць паўсцёртага надпісу. Упершыню ў музейнай прасторы выстаўлена накладка з Ліможскімі эмалямі пачатку ХІІІ ст. Такая знаходка — вельмі рэдкая ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Фота тэлеграм-канала Інстытута гісторыі НАН Беларусі
У 2024–2025 гг. у Крэва была знойдзена ганчарная майстэрня XVII cт. Вырабы і нарыхтоўцы майстры прадстаўлены на выставе. Увагу прыцягваюць традыцыйныя крэўскія свісцёлкі, вядомыя пад назваю «кукуці». Археолагі знайшлі вырабы сярэдзіны XVII cт., але падобныя былі свісцёлкі-кукуці вядомыя ў Крэва і ў ХХ ст. Свісцёлкі вырабляліся як у выглядзе птушачак, так і вершнікаў на конях.
Фота тэлеграм-каналп Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Упершыню на выставе прадстаўлены таксама арабскія дзірхамы Х ст., знойдзеныя ў ваколіцах Крэва. Гэтую калекцыю манет можна лічыць трэцім Ракавецкім скарбам.
Выстава ў Смаргонскім музеі будзе працаваць да канца жніўня 2026 г.