Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка

Крэўскі замак — адзін з ключавых сярэднявечных помнікаў Беларусі — у святле апошніх даследаванняў раскрываецца з новых бакоў, разбураючы стэрэатыпы пра свой выгляд і даючы каштоўны матэрыял для разумення сувязі палітычных падзей з развіццём архітэктуры і мастацтва XIV стагоддзя.

Kreŭski zamak u čas rekanstrukcyi Крэўскі замак у час рэканструкцыі. Фота: Яндэкс Карты

Археолаг Алег Дзярновіч у падкасце Natatnik дзеліцца важнымі адкрыццямі і гіпотэзамі пра сапраўднае значэнне замка. Тэкст паводле відэа запісала «Наша Ніва».

Гатычны замак з візантыйскім жывапісам

Калі ў свой час у Крэўскім замку распачаліся раскопкі ў галоўнай вежы-данжоне, археолаг Алег Дзярновіч апынуўся на добра знаёмым месцы: у 1989 годзе, яшчэ студэнтам, ён працаваў тут у экспедыцыі Ігара Чарняўскага. Цяпер яму самому трэба было раскрываць новы пласт гісторыі замка.

Вежа-данжон была апошняй абарончай лініяй замка, у ёй гарнізон мог яшчэ можа трымацца, калі астатні замак паў. Але гэта не толькі фартыфікацыйны, але і прадстаўнічы аб’ект.

«Відавочна, што тут, у мураваным памяшканні з печкамі і скляпеннямі, жылі самі ўладальнікі — Альгерд ці Ягайла», — тлумачыць гісторык.

Сапраўднай сенсацыяй сталі знаходкі манументальнага сценапісу, створаныя ў тэхніцы al secco, калі фарба наносіцца на сухую тынкоўку.

Alieh Dziarnovič Алег Дзярновіч у падкасце Natatnik. Скрыншот відэа

«Гэта ўнікальны мастацкі помнік, — тлумачыць Дзярновіч. — У 2012 годзе мы дасталі 2000 фрагментаў, і яшчэ столькі ж у 1980-х. Агулам ужо 4000 кавалкаў. І, паводле маіх прагнозаў, можа быць яшчэ 4000 — у завале цокальнага ярусу».

Фрагменты розныя: ад кавалкаў фарбы да антрапаморфных выяў, на якіх выразна бачныя чыесьці вочы. Усё гэта абрынулася разам са скляпеннямі, калі ў сярэдзіне XV стагоддзя замак быў спалены войскам Свідрыгайлы падчас барацьбы за ўладу. Калі вежу-данжон аднаўлялі, гэтыя завалы не сталі разбіраць — цяпер гэта сапраўдная знаходка для археолагаў.

Асобнай з’явай сталі самі скляпенні. Археолагі адшукалі сляды таго, як у данжоне драўляныя перакрыцці былі перароблены на мураваныя скляпенні з цэнтральным слупам. І гэтая складаная інжынерная канструкцыя ў XIV стагоддзі была рэдкай нават у мураваных касцёлах.

Літоўская калега, даследчыца візантыйскай спадчыны Гедрэ Міцкунайце, падказала, што многія касцёлы гістарычнай Літвы да канца XV стагоддзя не мелі скляпенняў — толькі драўляныя перакрыцці.

Nierviurnaja cehla z danžona Kreŭskaha zamka
Нервюрная цэгла з данжона Крэўскага замка, якая сведчыць, што там былі скляпенні. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча

«А тут у Крэве — у XIV стагоддзі — з’яўляюцца вельмі раннія скляпенні. І на табе, гэта ўжо поўны ўнікум, яны распісаныя сценапісам!»

На тле заняпаду фрэскавага жывапісу ў Кіеве і Паўночна-Усходняй Русі пасля мангольскага нашэсця, крэўскія роспісы — сапраўдны феномен.

У XIV стагоддзі фрэскапісанне яшчэ існавала ў Пскове і Ноўгарадзе, але ў Крэве фрэскі з’явіліся ў свецкім, а не сакральным будынку. Дзярновіч лічыць, што ініцыятарам гэтай унікальнай мастацкай праграмы быў сам князь Альгерд.

Знайсці фрэскі — толькі пачатак. Найбольшая складанасць — аднавіць, не маючы ніякіх падказак пра першапачатковы выгляд. Дзярновіч адзначае: сучасныя тэхналогіі, як 3D-сканаванне і алгарытмы, могуць у будучыні дапамагчы аднавіць страчаны жывапіс. «Гэта фантастычны сюжэт для ўсёй беларускай культуры».

Frahmient scienapisu Kniažackaj viežy zamka
Фрагмент сценапісу Княжацкай вежы замка. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча / kreva.travel 

Мост паміж культурамі

Адна з галоўных гіпотэз паходжання крэўскіх фрэсак, якой трымаецца Алег Дзярновіч — прыезд арцелі мастакоў з Пскова ці Цвяры разам з княгіняй Ульянай, другой жонкай Альгерда. У Пскове захавалася візантыйская традыцыя роспісу, якая знікла ў іншых землях Русі пасля мангольскага нашэсця.

Адна з зачэпак — высокая якасць тынкоўкі, дзякуючы якой мастакі амаль не выкарыстоўвалі белую фарбу, бо сама тынкоўка давала ідэальна белы фон. Гэта асаблівасць супадае з тэхнікай, вядомай у Пскове.

«Гатычны замак з візантыйскім жывапісам. Такі сінтэз для мяне — гэта метафара ўсёй нашай культуры», — кажа Дзярновіч.

Гэтую культурную лінію Дзярновіч працягвае да сына Ульяны і Альгерда — Ягайлы, які пасля Крэўскай уніі стаў каралём польскім. Менавіта разам з ім і яго дваром, паводле археолага, традыцыя візантыйскага сценапісу пачала пранікаць у Польшчу.

Jahajla na rospisie kaplicy Sviatoj Troicy ŭ Liublinskim zamku
Ягайла на роспісе капліцы Святой Троіцы ў Люблінскім замку. Фота: Wikimedia Commons

«Вы зайдзіце ў капліцу Святой Троіцы ў Люблінскім замку, там нават намаляваны такі партрэт Ягайлы, на якім ён выглядае як Георгій Пераможца. Ну, толькі што няма цмока. У кафедры на Вавелі ў Кракаве таксама з’яўляюцца вось такога кшталту фрэскі. А ўсё гэта пачынаецца тут, у Крэве».

Сценапіс у Крэве аказваецца не проста лакальнай мастацкай з’явай, а важным звяном у маштабным пераносе культурных традыцый, што адбыўся дзякуючы матрыманіяльнай стратэгіі Гедымінавічаў. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што Крэва — месца ўнікальнае не толькі з палітычнага і гістарычнага пункту гледжання, але і з культурнага.

Час збіраць фрэскі

«Фрэскамі мы збіраемся заняцца, але толькі калі зможам выкапаць усю вежу», — падкрэслівае Дзярновіч. Ён адзначае, што перад даследчыкамі праект вялікай складанасці і фінансавай вагі, і заклікае да дзяржаўнай падтрымкі:

«Я буду пісаць, агітаваць, кантактаваць... Але гэта вартая гульня. Гэта суперунікальна — і не толькі для Беларусі, як высвятляецца».

Frahmient scienapisu Kniažackaj viežy zamka z vyjavaj tvaru
Фрагмент сценапісу Княжацкай вежы замка з выявай твару, знойдзены ў час раскопак 2012 года. Фота: Алег Дзярновіч / kreva.travel

Параўнанне з замежным досведам падкрэслівае складанасць задачы. Дзярновіч згадвае, як у Літве пры рэстаўрацыі Медніцкага замка паспрабавалі аднавіць фрэскі, але атрымалася, па яго словах, «абсалютна не тое»: фантазіі ў рэнесансным духу, якія не мелі нічога супольнага з археалагічна вядомым арыгіналам.

Таму ў Крэве хочуць дзейнічаць асцярожна: выставіць арыгінальныя фрагменты, прыдатныя для экспазіцыі, і паспрабаваць аднавіць асобныя сцэны. Каб зразумець, як можа выглядаць нават фрагмент такой сцэны, Дзярновіч спецыяльна ездзіў у Пскоў, у Святаянскі манастыр.

«Я раней успрымаў нейкія плямы як нешта загадкавае. А потым зразумеў: гэта частка вопраткі. І тады ўсё склалася. Эталонныя прыклады вельмі важныя».

Frahmient scienapisu Kniažackaj viežy
Фрагмент сценапісу Княжацкай вежы, знойдзены падчас археалагічных раскопак у 1988 годзе. Фота: Алег Дзярновіч / kreva.travel

Пакуль галоўная мэта даследчыкаў — захаваць фрэскі і як мага паўней вывучыць іх, у тым ліку з хімічнага пункту гледжання. Сярод прыярытэтных напрамкаў — аналіз пігментаў, у тым ліку праверка гіпотэзы пра наяўнасць на роспісах рэдкіх і каштоўных злучэнняў, такіх, як егіпецкая сіняя. Але заняцца гэтым грунтоўна стане магчымым толькі пасля таго, як будзе здабыты і апрацаваны поўны масіў матэрыялу.

Вязніца Кейстута і ўцёкі Вітаўта

Іншым важным адкрыццём раскопак стала знаходка арсенала: у замкавым завале былі выяўлены дзясяткі арбалетных балтоў. Балты ляжалі кампактна, побач з фрагментамі тканіны і дробнымі прадметамі, што можа сведчыць пра існаванне асобнага сховішча або скрыні са зброяй і падштурхоўвае і да іншых высноў.

«Усё паказвае на тое, што ў сутарэннях магла знаходзіцца вязніца. Не сцвярджаю, што Кейстут сядзеў менавіта тут, але ён мог сядзець — месца адпавядае. Побач — частка арсенала, а вышэй — два жылыя ярусы, распісаныя сценапісам», — кажа Дзярновіч.

Археалагічныя адкрыцці ў Крэве не адбываюцца ў ізаляцыі ад гістарычнай традыцыі. Даследчыкі пастаянна супастаўляюць летапісныя звесткі з матэрыяльнымі знаходкамі. Адно з яркіх пацвярджэнняў — аповед пра ўцёкі Вітаўта з вежы.

Летапісы сцвярджаюць, што Вітаўт збег праз баявую галерэю, і архітэктура данжона падказвае, што гэта магчыма: уваход у вежу знаходзіўся толькі на ўзроўні трэцяга ярусу, знізу выхаду не існавала.

Каб пакінуць памяшканне, трэба было падняцца па мураванай вінтавой лесвіцы і трапіць менавіта на баявую галерэю — адтуль і адбыўся ўцёк.

Легендарныя кельмы

Разам з дакументальным пластом археолагі ўлічваюць і мясцовыя легенды. Адна з іх, запісаная Фёдарам Пакроўскім яшчэ ў XIX стагоддзі, распавядае пра двух братоў-волатаў, што будавалі Крэўскі і Медніцкі замкі, перакідваючыся паміж імі кельмамі. І ў 2012 годзе, падчас расчысткі завалу ля замкавай сцяны, была знойдзена цяжкая жалезная кельма, закансерваваная і перададзеная ў Смаргонскі музей.

Kieĺma
Кельма, вынятая з забутоўкі замкавай сцяны, перагукаецца з мясцовымі легендамі пра будаўніцтва замка. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча

Яе знаходка выклікала некалькі гіпотэз. Па-першае, інструмент маглі проста згубіць — жалеза ў сярэднявеччы было каштоўнасцю, таму выпадкова страчаныя прадметы — рэдкасць. Па-другое, магчымы варыянт будаўнічай ахвяры, калі ў сцяну закладалі нешта значнае.

Кельма была знойдзена менавіта ў забутоўцы паміж сценамі, у пластах цэглы і рошчыны, што падвышае верагоднасць другога тлумачэння — для сярэднявечнага чалавека такі жэст мог быць цалкам натуральным, асабліва калі гаворка ішла пра адказнае будаўніцтва.

Малая брама 

Адно з найважнейшых тэхнічных адкрыццяў апошняга раскопачнага этапу датычыцца так званай малой брамы Крэўскага замка — праходу, размешчанага на супрацьлеглым ад галоўнай брамы баку. Доўгі час яе існаванне заставалася гіпатэтычным: назвы брам не захаваліся ў аўтэнтычных крыніцах, а ўсе праекцыі і рэканструкцыі грунтаваліся на старых фотаздымках і агульнай логіцы планіроўкі. Праекціроўшчыкі прыкладна лакалізавалі яе месца, але толькі раскопкі далі канчатковы адказ.

Adnoŭlienaja malaja brama z pazam ahniavoha punkta Pieršaj susvietnaj vajny
Адноўленая малая брама з пазам агнявога пункта Першай сусветнай вайны. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча

Падчас разборкі завалаў, што праводзіліся пад археалагічным наглядам, даследчыкі выйшлі на цікавы след — кулямётны стол часоў Першай сусветнай вайны. Гэта была бетонная пляцоўка з пазамі пад кулямёт Максіма — сведку абарончых дзеянняў кайзераўскіх войскаў, якія ўтрымлівалі замак з восені 1915 да лютага 1918 года. На супрацьлеглым баку фронту, за Юравай гарой, знаходзіліся расійскія пазіцыі.

Выкарыстанне кайзераўцамі замкавай брамы як агнявога пункта стала ключом да дакладнага вызначэння яе першапачатковага размяшчэння. Археолагі выявілі, што бетонная кулямётная пляцоўка была зроблена непасрэдна ўнутры ніжняй часткі гэтай брамы.

У выніку, супастаўляючы археалагічныя даныя і фотаздымкі з пачатку XX стагоддзя, даследчыкі змаглі скарэктаваць і навукова ўдакладніць яе лакацыю з дакладнасцю да некалькіх метраў.

Сляды забытай вайны

Адным з найбольш дыскусійных аспектаў рэстаўрацыі Крэўскага замка стала дылема: што мы аднаўляем — сярэднявечны аб’ект ці сведчанні XX стагоддзя? Археолагі лічаць, што каштоўнымі з’яўляюцца ўсе слаі, бо замак — гэта шматслаёвы помнік, дзе кожная эпоха пакінула свой след.

Varonka, jakaja zastalasia na terytoryi Kreŭskaha zamka paslia bajoŭ Pieršaj susvietnaj vajny
Варонка, якая засталася на тэрыторыі Крэўскага замка пасля баёў Першай сусветнай вайны. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча

На тэрыторыі двара захаваліся варонкі ад снарадаў, што застануцца як частка ландшафту. Знойдзеныя таксама асколкі, гільзы, жалезныя канструкцыі — сведкі абароны, якую трымала кайзераўская армія з 1915 да 1918 года. Сярод рэдкіх знаходак — вайсковая сметніца.

Такі падыход да Першай сусветнай адкрывае цэлы напрамак «археалогіі вайны», які дазваляе паказваць падзеі непасрэдна ў аўтэнтычным кантэксце. І гэта можа стаць асновай для будучай экспазіцыі ў Крэве — без штучнай рамантызацыі, але з гістарычнай праўдай.

Трэцяя вежа

Выяўленне трэцяй вежы змяніла ўяўленне пра Крэўскі замак. Трэцяя вежа злучалася з іншымі часткамі мураванай галерэяй, а сцяны былі забудаваны каменнымі будынкамі. Побач выяўлены падмуркі гаспадарчых пабудоў, а ўвесь комплекс меў гідратэхнічную сістэму.

Dasliedavannie Treciaj viežy
Даследаванне Трэцяй вежы. Фота: фэйсбук Алега Дзярновіча

Раней замак разглядаўся як «фольксбург» — вялікая агароджаная прастора, дзе ў выпадку небяспекі магло хавацца мясцовае насельніцтва разам з гаспадаркай. Але раскопкі паказалі: замак выконваў і рэпрэзентацыйную функцыю і быў асабістым даменам Альгерда і Ягайлы, у той час як дамены Вітаўта і Кейстута былі ў Троках і Гародні.

Згадкі пра вежу былі яшчэ ў 1938 годзе на плане архітэктара В. Абуховіча, які, верагодна, абапіраўся на кансервацыйныя працы 1929–30-х.

У 1942-м, падчас акупацыі, літоўскія архітэктары з генеральнай акругі Літва, у якую трапіла і Крэва, таксама зафіксавалі яе фрагмент — рэдкі выпадак дакументавання помнікаў у ваенны час. Цяпер гэтыя даныя пацверджаныя археалагічна.

Plan Kreŭskaha zamka
План Крэўскага замка, складзены літоўскімі архітэктарамі ў час нямецкай акупацыі. На ім можна пабачыць намёкі на Трэцюю вежу. Фота: Wikimedia Commons

З 2025 года ідуць раскопкі, у тым ліку зімой з ацяпленнем грунту. Сярод апошніх знаходак — лага XIV стагоддзя даўжынёй 4 метры, якая патрабуе кансервацыі.

Планы

Архітэктура Крэўскага замка аказалася значна складанейшай і багацейшай, чым меркавалі раней. Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю музеіфікацыі трэцяй вежы і адкрыцця яе як экспазіцыйнага аб’екта. Калі працы пойдуць паводле плана, у наступным сезоне вежа будзе цалкам раскрыта і падрабязна вывучана.

Ці азначае гэта фінал раскопак? Не. Музеіфікацыя трэцяй вежы — толькі этап, асноўныя працы яшчэ наперадзе — у данжоне. Менавіта там захоўваецца асноўная маса фрэсак, якія неабходна раскапаць і даследаваць. І не трэба забываць, што пад заваламі могуць чакаць новыя адкрыцці — усё паказвае на тое, што тут, у сутарэннях, найбольш верагодна, і ўтрымлівалі калісьці Кейстута.