Выстава да 70-годдзя тыднёвіка «Ніва» адкрыецца ў Беластоку

Выстава, прымеркаваная да 70-годдзя выхаду першага нумара Беларускага тыднёвіка «Ніва», адкрыецца ў Беластоку 30 студзеня ў Падляшскім музеі. На экспазіцыі прадставяць выбраныя фатаграфіі з архіва рэдакцыі за 1956–2000 гады.

Tydniovik «Niva»
Фота прадастаўлена Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку

Гэта візуальная аповесць пра дзесяцігоддзі жыцця беларусаў у Польшчы – пра іх штодзённасць, працу, культуру, ідэнтычнасць і змены, якія фармавалі беларускую супольнасць Беласточчыны. Праз выразныя выявы твараў, суровыя краявіды і дынамічныя рэпартажныя кадры выстава стварае шматаблічны партрэт эпохі і людзей, якія яе складалі.

Выстава, якая праходзіць пад ганаровым патранатам Польскага агенцтва друку (PAP), — гэта вынік сумеснай працы Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, Падляшскага музея і Праграмнай рады «Нівы». Куратар Павел Грэсь запрашае гледачоў у «фатаграфічнае падарожжа праз дзесяцігоддзі»: ад суровых краявідаў Падляшша да дынамічных рэпартажаў з фабрык і партрэтаў людзей, якія фармавалі ідэнтычнасць рэгіёна.

Гэтыя здымкі, якія раней «жылі» толькі тыдзень — да выхаду наступнага нумара — сёння ператварыліся ў маштабную гісторыю. На выставе можна будзе пабачыць усё: ад атмасферы часоў ПНР з яе суботнікамі і будоўлямі да інтымных партрэтаў і рэдкіх кадраў, што фіксавалі рэлігійнае і традыцыйнае жыццё беларусаў у Польшчы.

«Гэта маленькія гісторыі, розныя твары і дзеянні, усе лакальныя, недзе з другой паловы XX стагоддзя. Тут ёсць і палітыка, і вялікая гісторыя. Можа, не вялікія, векапомныя падзеі з падручнікаў гісторыі, але шматгалосае рэха таго, што адбывалася ў Польшчы ў той час.

...Часам цяжка вызначыць час і месца здымка. А мы ж прывыклі чытаць і адразу ведаць. У гэтым зборы фатаграфій такія веды ў большасці выпадкаў падаюцца залішнімі. Гэта асабліва відаць у жанравых сцэнах і партрэтах», — распавядае пра архіў «Нівы» Іаана Кіноўская.

«Ніва» — штотыднёвая газета, якая выдаецца на беларускай мове ў Беластоку. Газета была заснавана ў 1956 годзе Беларускім грамадска-культурным таварыствам. У цяперашні час яе выдае Праграмная рада тыднёвіка «Ніва». Газета асвятляе штодзённае жыццё беларусаў у Польшчы, дзейнасць грамадскіх арганізацый, друкуе матэрыялы па краязнаўстве, змяшчае артыкулы, прысвечаныя актуальным падзеям на Беларусі. Выходзіць старонка для дзяцей «Зорка», перыядычна змяшчаюцца тэматычныя ўкладкі. Газета сталася важным чыннікам яднання беларускага насельніцтва ў Польшчы. Асобнае месца заўсёды займала літаратурная старонка, вакол якой гуртавалася знакамітае аб’яднанне «Белавежа» (Сакрат Яновіч, Аляксей Карпюк і іншыя аўтары). Газета застаецца галоўнай пляцоўкай для дыскусій пра ідэнтычнасць, мову і будучыню беларусаў у Польшчы. На працягу многіх гадоў галоўным рэдактарам выдання з’яўляецца Яўген Вапа.

Час і месца адкрыцця выставы: 30 студзеня, 18:00, Падляшскі музей у Беластоку (Ратуша, Рынак Касцюшкі, 10).

Выстава будзе працаваць да 26 красавіка 2026 года.