Адкрыццё выставы мастацкага шкла

28.03.2012 Афіша

3 красавіка 2012 г. а 17-й гадзіне ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) адбудзецца адкрыццё выстаўкі мастацкага шкла па выніках Першага міжнароднага сімпозіума гутнага шкла «НЁМАНСКАЯ ХВАЛЯ», які прайшоў восенню 2010 года на шклозаводзе «Нёман» (Бярозаўка, Беларусь).

З 26 кастрычніка 2010 года і на працягу двух тыдняў, на ТАА «Шклозавод «Нёман» праходзіў першы на Беларусі Міжнародны сімпозіум гутнага шкла. У сімпозіуме прымалі ўдзел 23 мастака па шклу з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Венгрыі і Беларусі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Музей сучаснага выяўленчага мастацтва сумесна с ГА «Беларускі саюз мастакоў» пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Сімпозіум стаў сапраўды глытком свежага паветру для тых, хто сабраўся; мастакі не проста імправізавалі і стваралі, яны выражалі свае пачуцці, эмоцыі і прадстаўлялі мастацтва шкла розных школ.

Сярод мастакоў, якія прыехалі на першы міжнародны сімпозіум, былі заслужаны мастак Расійскай Федэрацыі, дзейсны член Расійскай акадэміі мастацтваў, прафесар Барыс Фёдараў; заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Тарас Паражняк; загадчык кафедры дэкаратыўнага мастацтва Санкт-Пецярбургскай мастацка-прамысловай акадэміі імя А.Л. Штыгліца Ігар Томскі; мастак і выкладчык кафедры мастацтва шкла з Латвіі Ініта Эманэ; сябры Беларускага саюза мастакоў Марына Князева, Таццяна Малышава, Вольга Сазыкіна, Алена Атрашкевіч, Ірына Кузняцова. Удзел прымалі таксама Уладзімір Касаткін, мастак завода «Гусь Хрустальный»; Наталля Волікава и Наталля Эверт — сябры Саюза мастакоў Расійскай Федэрацыі, Валда Верыкайтэ і Юлія Пач`ютэ — мастачкі з Літвы і інш.

Падобнае мерапрыемства праводзілася на Беларусі ўпершыню з мэтай развіцця творчых і прафесійных кантактаў паміж мастакамі па шклу. Па словах галоўнага мастака шклозавода Вольгі Падліпалінай, гэта быў першы пленэр гутнага (зробленага гарачым спосабам) шкла, які ўладкавалі менавіта ў Бярозаўцы. Сімпозіум быў прызваны садзейнічаць папулярызацыі беларускай школы шкларобства, захаванню яе спадчыны і лепшых традыцый.

Плён творчасці майстроў быў прадстаўлены на выніковых выстаўках у Бярозаўцы і Лідзе і, нарэшце, з работамі пазнаёмяцца гледачы нашай сталіцы.

Выстаўка працягнецца па 21 красавіка 2012 г.