Як выглядала полацкая княгіня ХІ стагоддзя? Што магла насіць юная каралева Бона? А шляхцянка часоў Паўстання 1863-1864 гадоў? Залататканыя шаўковыя стужкі, гарсэты і крыналіны, неверагодна выкшталцоныя прадметы гардэроба беларускіх сялянак, на стварэнне якіх сыходзяць месяцы, і нават гады працы — усё гэта можна ўбачыць на выставе «STRÓJ. KACIARYNA VADANOSAVA» ў Цеханаўцы.
Музей сельскай гаспадаркі імя кс. К. Клюка ў Цеханаўцы разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку запрашаюць у Цехановец на адкрыццё першай у Польшчы выстаўкі калекцыі строяў аўтарства Кацярыны Ваданосавай, майстрыхі крою гістарычных і традыцыйных беларускіх строяў і тэкстыльнай тэхнікі, спявачкі і тэлевядучай.
Вернісаж, спалучаны з аўтарскай экскурсіяй і канцэртам у выкананні Кацярыны Ваданосавай, адбудзецца 5 верасня ў 12.00.
Два ў адным: даследчае і асабістае
«Яна змагла шыць сукенкі колеру агню і вышываць іх узорамі, падгледжанымі на манішках старых мужчынскіх кашуль. Мужчынская вышыўка на жаноцкай сукенцы стала яе сакрэтам сілы. (...) Дзяўчына змагла аб’яднаць старое і новае, і знайсці ў гэтым сябе і сваю смеласць. Яе сукенка стала яе зброяй», — гаворыцца на адной з апошніх дошак выставы.
Гэта першая такая прэзентацыя ў новых абставінах жыцця Кацярыны Ваданосавай, якая пасля падзей 2020 года вымушана была эміграваць з Беларусі. У Беластоку яна стварыла сваю Школу традыцыйнага строю.
Выстава спалучае даследчае і асабістае. Майстэрства, падмацаванае этнаграфічнымі даследаваннямі, бо, як падкрэслівае Кацярына, кроі і ўзоры яна бярэ з канкрэтных крыніц, што таксама адлюстравана ў апісаннях да кожнага касцюма. У той жа час гэта вельмі асабістая гісторыя пра захапленне, пра жанчыну, пра нягоды жыцця ў эміграцыі і адначасова пра любоў да радзімы, яе традыцый і культурнага багацця.
Кожны строй — мастацкі твор і вынік навуковага даследавання
Колькі мільёнаў крыжыкаў трэба вышыць, каб рэканструяваць традыцыйную беларускую кашулю з мястэчка Калінкавічы? Залататканыя шаўковыя стужкі, гарсэты і крыналіны, неверагодна выкшталцоныя прадметы гардэроба беларускіх сялянак, на стварэнне якіх сыходзяць месяцы, і нават гады працы — усё гэта можна пабачыць на выставе Кацярыны Ваданосавай.
Кожны строй — гэта не толькі мастацкі твор, але і вынік навуковага даследавання. Яны выкананыя з выкарыстаннем аўтэнтычных тэхнік працы з тэкстылем, такіх, як вышыўка, ткацтва, шытво, крой, вязанне і пляценне.
Кожны элемент адзення і аксесуар мае адпаведнік у гістарычных крыніцах, натхнёны талентам і густам нашых продкаў.
Да кожнага строю — свая гісторыя
Кацярына Ваданосава скрупулёзна падыходзіць не толькі да вырабу ўласна строю — да кожнага ёсць і свая гісторыя. То бок можна не проста ўбачыць строй гараджанкі канца ХІІІ - пачатку ХІV стагоддзя, але і даведацца пра мноства самых разнастайных аспектаў тагачаснага жыцця:
«Яе галаўны ўбор, белы, як снег, паказваў яе сціпласць, высакароднасць і чысціню, а вузкі вянец даваў магчымасць адчуць сябе калі не князёўнай, то хаця б дастойнай павагі заможнай асобай. А самае дарагое, самае прыгожае — гэта, канешне, мяшэчак-аманьер, прывязаны да пояса, вышыты шаўковымі ніткамі лікавай гладдзю. У такую торбачку можна пакласці дробныя манеты, а потым раздаваць іх жабракам перад храмам, каб яны праслаўлялі тваю шчодрасць і добрае сэрца».
Ці вось пералік розных важных элементаў у арсенале шляхцянкі сярэдняй рукі часоў Вітаўта: кашуля з бакавой шнуроўкай і вышыўкай; каптур з ажурнай карункавай прошвай ды вышыўкай; ніжняя сукенка-кіртл з гузікамі на рукавах; верхняя сукенка-катардзі з бакавой шнуроўкай ды чырвонай падшэўкай; шаперон з гузікамі; плашч з чырвоным падбоем і плеценым матузком-зашпілкай і г.д.
Знатная паненка канца XV стагоддзя
Знатная паненка канца XV стагоддзя — «дастойная не толькі перлаў і золата, але канцон і санетаў».
«Неўзабаве яна пойдзе пад вянец. Яе жаніх, багаты ўплывовы шляхціц, ужо падарыў сваёй нявесце адрэз найдаражэйшай фларэнтыйскай пунсовай тканіны, затканай выявамі залатых гранатаў. Канешне, гэтага кавалка мала для цэлай сукенкі-гамуры, але хаця б рукавы, якія будуць відочныя з-пад верхняй накідкі-чопы, — гэта ўжо небывалая раскоша! Ды і гамура, няхай і простага чорнага колеру, але з аксаміту, падбітая дарагой бавоўнай — прыкмета багацця і дабрабыту», — цікавы пачатак знаёмства са служкай каралевы Боны.
Уборы жанчын часоў Паўстання Кастуся Каліноўскага
Кацярына піша пра жалобны ўбор часоў пасля Паўстання:. «...Як апісаць горыч і боль за забраную, скрываўленую Радзіму? Як даказаць, што жаночае сэрца — не менш адважнае за сэрцы ваяроў, і ў ім дастаткова смеласці, каб паўстаць супраць прыгнёту і няволі? Адзенне жанчын часоў паўстання Кастуся Каліноўскага — гэта дэкларацыя барацьбы за свабоду, сведчанне вернасці Айчыне, знак салідарнасці з закатаванымі і забітымі. Кожны элемент гэтага касцюма мае сэнс. Чорны колер, аздабленне, якое нагадвала вайсковую форму, сціплыя ўпрыгожванні з невысакародных металаў ці нават дрэва, бо золата і каштоўныя камяні ахвяраваліся на мэты паўстання, бранзалеты-ланцугі як сімвалічныя кайданы, у якія закавалі ўвесь народ... Нават крыналін, ультрамодны па ўсёй тагачаснай Еўропе, мог служыць патрэбам паўстанцаў: жанчыны-сувязныя маглі хаваць і перавозіць пад ім зброю і карэспандэнцыю.
Уся краіна тады апранулася ў чорнае: ад маленькіх дзяўчынак да старых матрон. Але гэтая жалоба стала натхняльным прыкладам змагання за свабоду, які мы ўзгадваем і сёння, у сваёй барацьбе з дыктатурай, захопніцтвам, несправядлівасцю, гвалтам».
Сялянскія ўборы
А вось некалькі ўбораў сялянскіх, з розных мясцовасцяў.
Глядзім на калінкавіцкі: «Сёння яна выйшла замуж. Сёння яна апранула строй, які рыхтавала некалькі гадоў. Спачатку паўгода шыла і вышывала самую прыгожую, самую багатую сваю кашулю. Потым тры месяцы сышлі на фартух. Андарак з пакупной тканіны таксама каштаваў шмат высілкаў. Пояс — гэта дробязь, на яго сышло ўсяго некалькі дзён. Але самае галоўнае, самае адметнае — гэта, канешне, гарсэт. Гарсэт шыецца адзін раз у жыцці. Яго трэба ўпрыгожыць стужкамі, пазументам, шаўковым шнурам, тасьмой. Яго рыхтуюць у дзявоцтве, даношваюць замужам. Асабліва дарагая безрукаўка перадаецца ў спадчыну.
Пра яе гарсэт і кашулю яшчэ доўга будуць гаварыць вясковыя жанчыны: такую раскошу мала хто бачыў. Пасля вянчання свякруха навіла на яе валасы намітку. Галава стала цяжкай, так што нават трошкі нязручна напачатку: тут хочаш-не хочаш, а будзеш трымаць спіну прама! Сёння быў яе дзень. Яна будзе ўзгадваць яго ўсё жыццё, і распавядзе нават унукам, які шыкоўны вясельны ўбор зрабіла калісьці сваімі рукамі».
А вось гісторыя з мужчынскім уборам з Любаншчыны: «Калісьці бацька распавядаў яму, што іх род паходзіць са шляхты. Ягоны дзед нават удзельнічаў у паўстанні, якое пракацілася па гэтых землях: тады касінеры біліся з царскімі войскамі. Але цяпер косы сцінаюць галовы хіба што канюшынкам. Пра шляхецтва таксама лепей нават не ўзгадваць: не павераць, ды і небяспечна зараз пра такое казаць. А адкуль паходзіць фасон шапкі-рагатыўкі, як у дзядулі на старым фотаздымку, ужо ніхто і не памятае. Проста „шапка-жаўнерка“, бо нейкія жаўнеры такія шапкі насілі калісьці. Няхай ён зараз — селянін. Няхай замест сурдута носіць шэрую світку. Але гонар продкаў нікуды не падзенецца.
Ён раскажа калі-небудзь сваім дзецям, хто былі іх прашчуры і за што яны змагаліся. А зараз — не час думаць пра мінулае. Час планаваць будучыню. Бо сёння ён вянчаецца з самай цудоўнай, самай лепшай дзяўчынай у свеце. Ён пастараецца зрабіць іх жыццё шчаслівым».
Кацярына Ваданосава зазначае, што апісваючы кожны строй, спрабавала ўявіць сабе жанчыну, дзяўчыну, хлопца ці мужчыну, які б мог насіць яго: «Часам гісторыі выходзілі наіўныя, часам — нават трошкі горкія, а часам увогуле не трэба было нічога прыдумляць, — дастаткова было ўзяць гісторыю з жыцця мяне, маіх родных і продкаў».
Выстава «STRÓJ. KACIARYNA VADANOSAVA» будзе працаваць да 20 кастрычніка. Таксама там можна набыць шыкоўны каталог выстаўкі.