Незвычайны вернісаж творчага тандэму з удзелам гомельскага мастака Генадзя Говара і гомельскай паэткі Вікторыі Смірновай адбыўся ў бібліятэцы імя А. І. Герцэна. Мерапрыемства прымеркавана да 70-годдзя мастака.
Выстава прадстаўляе ўвазе аматараў творчасці 7 графічных работ Генадзя Говара, якія суправаджаюцца паэзіяй Вікторыі Смірновай. Злучэнне выяўленчага і паэтычнага мастацтва нараджае гарманічны творчы праект, раскрываючы новыя грані таленту абодвух майстроў. Вершы гомельскай паэткі дапамагаюць убачыць прыгажосць і глыбіню карцін мастака, якія, у сваю чаргу, ілюструюць паэтычныя радкі. Генадзь Говар з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў, Саюза пісьменнікаў Беларусі і Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў. Удзельнік гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных, замежных, міжнародных і персанальных мастацкіх выстаў. Вікторыя Смірнова – паэтка, вэб-дызайнер, аўтар кніг паэзіі «Вецер часу», «Паэтычны вернісаж», а таксама ўдзельнік многіх калектыўных зборнікаў паэзіі.
Аснову экспазіцыі складаюць карціны Генадзя Говара з цыклу «Асэнсаванне часу». Арыгінальныя працы, якія паказваюць цэлы каскад вобразаў на мяжы сноў і явы, здзіўляюць і захопліваюць увагу. Дзіўныя фантастычныя жывёлы, насякомыя, паўзуны, якія лунаюць над лесам, і многія іншыя вобразы прымушаюць спыніцца і разглядаць цікавыя дэталі. Вывучэнне гэтых шматгранных карцін падобна на падарожжа ў таемныя сусветы, таленавіта створаныя мастаком. Паэтычныя радкі толькі ўзмацняюць ўражанне. Ёсць тут і класічныя працы, такія як аўтапартрэт мастака з пранізлівым позіркам, маляўнічыя і далікатныя партрэты дзяўчынкі з плюшавым медзведзянём у руках і дзяўчыны, якая варожыць на рамонку. Сонечныя і яркія карціны дораць добры настрой. «Час натхнення», «Час адкрыццяў», «Час палётаў» – назвы мастацкіх твораў запрашаюць аматараў мастацтва здзейсніць падарожжа ў чароўны свет творчасці і фантазіі. Выстава працягне сваю працу да 12 лютага.
Наталля Мбакпуа, фота: Ганна Пашчанка, Гомельские ведомости
Тэгі: Гомель