У Лідскім замку адкрылася археалагічная выстава

21.08.2023 Гісторыя

На верхнім ярусе вежы Гедыміна Лідскага замка 18 жніўня адкрылася выстава артэфактаў. На адкрыцці прысутнічалі вядомыя беларускія гісторыкі і археолагі. Аб гэтым паведаміў краязнаўца і журналіст Станіслаў Суднік.


Артэфакты, знойдзеныя пры раскопках замка
    Артэфакты, знойдзеныя пры раскопках замка. Фотаздымак са старонкі ў фэйсбуку 

«На выставе прадстаўлены артэфакты, знойдзеныя пры раскопках замка. Вяла імпрэзу навуковы супрацоўнік лідскага музею Святлана Драздова. У адкрыцці выставы самы чынны ўдзел узяў кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, які на працягу некалькіх гадоў вёў раскопкі Лідскага замка. Выступалі кіраўнік замкавай адміністрацыі Ганна Некрашэвіч і намеснік дырэктара лідскага музею па навуцы Наталля Хацяновіч. Аздабляла імпрэзу віртуознай ігрой на скрыпцы Наталля Батаргіна, кіраўнік гурта «Скудрынка» адзначыў Суднік.

Таксам на сустрэчы прысутнічалі аматары гісторыі, мясцовыя краязнаўцы. Выстава будзе працаваць некалькі месяцаў.

Нагадаем, што Лідскі замак быў пабудаваны князям Гедымінам у 1323 годзе. У 1955 ён быў уключаны ў спіс помнікаў архітэктуры. У сярэдзіне 80-х пачалася кансервацыя замку. Над ягонай рэстаўрацыяй працавалі Міхаіл Ткачоў, Алег Трусаў, Аляксандр Краўцэвіч.

Чытайце яшчэ: Чаму Гедымін з’яўляецца бацькам вялікіх князёў Літвы? Распавядаем у «Гісторыі за 5 хвілін»