Выстава «Меер Аксельрод. Успамін пра Менск», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння мастака і 955-годдзю Мінска распачалася 8 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, — паведаміляе БЕЛТА.
«Выстава «Меер Аксельрод. Успамін пра Менск» нібыта адкрывае нам дзверы ў горад, які ў час стварэння малюнкаў меў назву Менск на чатырох дзяржаўных мовах, сярод якіх быў ідыш. Усе работы захоўваюцца ў прыватнай калекцыі і экспануюцца ўпершыню. Сёння яны маюць не толькі мастацкую, але і гістарычную, дакументальную каштоўнасць, успрымаюцца як помнік страчанаму старасвецкаму выгляду беларускай сталіцы, які добра ведаў і любіў Янка Купала», — распавялі ў музеі.
Творчасць Меера Аксельрода належыць гісторыі яўрэйскага, беларускага і расійскага мастацтва. «Творчы шлях мастак пачаў у Мінску і назаўсёды захаваў духоўную сувязь з радзімай. Меер Аксельрод нарадзіўся ў Маладзечне, адкуль сям’я вымушана выехала ў эвакуацыю ў час Першай сусветнай вайны. Пасля вяртання ў 1918 годзе Аксельроды пасяліліся ў Мінску, на Юр’ева-Завальнай вуліцы, каля старажытнага замчышча, паколькі родны горад быў за лініяй фронту. Мастак зарабляў на жыццё кінаафішамі, выкладаў малюнак у школе», — адзначылі арганізатары.
У 1921 годзе 36 работ Меера Аксельрода ўпершыню экспанаваліся на І Мастацкай выставе ў Мінску — і былі заўважаны. «Малады творца быў накіраваны на факультэт графікі Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрняў (ВМАТЭМАЙС). З канца 1920-х гадоў Меер Аксельрод самым галоўным для сябе лічыў імгненную дакладную фіксацыю натуры і спяшаўся адлюстраваць самае яркае і знамянальнае ў выглядзе горада, людзей. Замалёўкі, часам расфарбаваныя акварэллю, мастак рабіў з прадчуваннем, што горад хутка зменіцца. У 1960-я гады гэтыя малюнкі сталі асновай серыі тэмперных работ «Успаміны пра стары Мінск», на якіх горад выглядае ярка і святочна», — дадалі ў літаратурным музеі Янкі Купалы.
Экспазіцыя «Меер Аксельрод. Успамін пра Менск» працягнецца па 3 снежня.