Электронная версія кнігі Алеся Плоткі “Байсан” з’явілася ў інтэрнэце. Кніга выйшла ў лічбавым выдавецтве Kniharnia.by і дасяжная для спампоўвання на платформах Smashwords, GooglePlay, Amazon, iTunes. Выданне было дапоўненае нізкай вершаў Spes Phtisica, што была створаная паэтам пад час лекавання сухотаў цягам 2015-га года. Каб падкрэсліць калядны настрой выдання, e-book выйшаў у адмысловым светлым святочным аздабленні.
Спампаваць кнігу ў фармаце epub
Алесь Плотка – характэрны выхадзец з гомельскага андэграўнду. Дыпламант беларускага ПЭН-у, абладальнік прэміі “Залаты Апостраф”, друкаваўся ў самвыдаце і перыёдыцы. Удзельнік гуртоў JazzLatex, Samadhi Boom і TerraKod, супрацоўнічаў з беларускімі выканаўцамі Naka, Bigi, IvoryGod, Yellow Brick Road. Разам з Уладам Бубенам выдаў два альбомы лічбавай паэзіі – Iamb’n’bass i Skweee Belarus, шэраг відэа і кліп на трэк F5.
Кніжны праект Kniharnia.by распачаў сваю працу ў 2015м годзе. Яго ідэя вельмі простая – рабіць, збіраць і распаўсюджваць электронныя беларускія кнігі, стаць надзейнай пасрэдніцкай пляцоўкай паміж аўтарам і чытачом у інтэрнэце. Кнігі распаўсюджваюцца праз сусветныя платформы і свой уласны партал.
Кніга выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор” пад рэдакцыяй Наталлі Кучмель. Мастацкае ўвасабленне Vieršnica паводле ідэі аўтара выканала мастак Юлія Галавіна. Замовіць папяровую версію кнігі “Байсан” яшчэ можна на афіцыйным сайце, падтрымаць творцу – пераводам любой сумы на рахунак мабільнага +375 29 3948204 (velcom).