WATCH DOCS Belarus 2020 «Паважаныя грамадзяне» – 8-14 снежня

02.12.2020 Афіша

З 8 па 14 снежня на пляцоўках ОК16 і КОРПУС пройдзе 7-ы міжнародны фестываль кіно пра правы чалавека WATCH DOCS Belarus 2020. Тэма фестывалю гэтага года - "Паважаныя грамадзяне". У праграме сабраны фільмы пра паважаных грамадзян з розных краін, гісторыі каторых актуальныя ў Беларусі ў 2020 годзе, напрыклад, гісторыі лекараў хуткай дапамогі ў беларускай глыбінцы (“Лебедзі”, рэж. Галіна Адамовіч), настаўніцы падчас выбараў (“Аднойчы ў Венесуэле”, рэж. Анабэль Радрыгес Рыас), спартсменаў-паралімпійцаў і падтрымкі дзяржавы (“Мы маглі б быць героямі”, рэж. Хінд Бенсары), таксістаў (“Маршрут перабудаваны”, рэж. М.Швед, Беларусь).

1 Press_WATCH DOCS 2020.jpg

Амаль уся праграма - рэлізы 2020 года, але і фільмы мінулых гадоў патрапілі ў праграму не выпадкова. Паказ і абмеркаванне фільма "Я не твой негр" - намінанта на Оскар ў 2016 годзе, - арганізаваны сумесна з Беларускім ПЭН-цэнтрам у рамках сусветнай акцыі Worldwide Screening, якую ініцыяваў Міжнародны літаратурны фестываль Берліна. Фільм-адкрыццё "Мая вайна. Два жыцці Васіля Сліпака" будзе прадстаўлены рэжысёрам Леанідам Канферам, які пакінуў Беларусь у 2000 годзе. Гледачы змогуць прымерыць на сябе выбар героя фільма, опернага спевака з сусветным імем, які пасля 20 гадоў жыцця ў Парыжы адправіўся ваяваць на ўсход Украіны.

Традыцыйна ў рамках фестывалю пройдзе Кінаноч - адно з улюбёных мерапрыемстваў нашых гледачоў, дзе яны праводзяць ноч у фатэлях-мяшках з гарбатай, кавай і найлепшымі дакументальнымі фільмамі пра правы чалавека.

Другі год запар фестываль парадуе гледачоў конкурснай праграмай беларускага кіно - усе прадстаўленыя фільмы будуць паказаны ўпершыню. Пасля прагляду фільмаў конкурснай праграмы пройдуць сустрэчы са стваральнікамі фільмаў, дзе гледачы змогуць задаць свае пытанні беларускім рэжысёрам, а затым узяць удзел у глядацкім галасаванні. Вынікі конкурсу глядацкіх сімпатый будуць абвешчаны на Закрыцці фестывалю 13 снежня, пераможцы атрымаюць грашовую прэмію. Падтрымаць прэмію рэжысёраў фінансава і заадно атрымаць падарункі ад Уладзіміра Цэслера, Віктара Марціновіча і каманды фестывалю можна на Талацэ.

Арганізатары таксама паклапаціліся аб прафесійных сустрэчах для рэжысёраў і фатографаў: з рэжысёрам Леанідам Канферам пра працу індустрыі даккіно ў постсавецкай прасторы і праваабаронцам Уладзімірам Яворскім пра тое, як здымаць і не парушаць правы чалавека.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне будуць прынятыя адмысловыя меры засцярогі для гледачоў: замер тэмпературы цела, прадастаўленне ахоўных шчыткоў, устаноўка абеззаражвальнай рамкі.

Усю праграму, мерапрыемствы і меры засцярогі можна знайсці на сайце watchdocs.by.

Паводле прэс-рэлізу