Ягор Сурскі: Прыгадаць Дзяды

31.10.2013 Тэатр

Дзяды – славянскае свята памяці памерлых. Адзначаецца 2 лістапада. Могілкі павінныя быць прыбраныя да гэтага часу. Лічыцца, што душы памерлых наведваюць свой дом у гэты дзень. З распаўсюдам Хэлаўіна, які па значэнні блізкі Дзядам, самабытнае свята робіцца другасным. Пазычаная сучасная інтэрпрэтацыя ў выглядзе змрочнага маскараду стварае нават пэўны канфлікт з Дзядамі, парушаючы ўласцівы ім настрой урачыстасці.

Ягор Сурскі: Прыгадаць ДзядыСлова “дзяды” выкарыстоўвалася раней таксама як назва старцаў-жабракоў. “Дзяды” – драматычная паэма Міцкевіча, а з 2013 года – яшчэ і аднайменны спектакль у беларускім тэатральным рэпертуары, прэм’ера якога адбылася ў красавіку ў Мінску. Пастановачны год супаў таксама з 215-й гадавінай з дня нараджэння Міцкевіча. Чарговыя паказы ў Мінску прайшлі акурат напярэдадні свята (7 і 28 кастрычніка). Пастаноўку, здзейсненую прыватным беларускім тэатрам “Ч”, прызналі найбуйнейшай тэатральнай падзеяй 2013 года. Спектакль атрымаў міжнароднае прызнанне на тэатральным фестывалі ў Літве. Узнагароду за найлепшую мужчынскую ролю аддалі беларускаму актору Раману Падаляку. Гэта падзея для вузкага кола тэатральных адмыслоўцаў. Шмат хто з іх звязвае імаверны творчы ўздым беларускага тэатральнага мастацтва менавіта са з’яўленнем “Дзядоў” на культурным даляглядзе як моцнага імпульсу для творчага спаборніцтва. Але ці толькі гэтым вычэрпваецца значэнне пастаноўкі?

“Дзяды” – незавершаны містычны твор, які закранае сутнасныя пытанні існавання чалавека. Твор антырасійскі паводле зместу, бо апісвае падзеі, звязаныя з супрацівам імперскай палітыцы на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай. Менавіта таму пастаноўка яго на польскай сцэне ў найноўшы час у 1968 годзе выклікала шырокі грамадскі розгалас і непасрэдна спрычынілася да пратэстных масавых выступленняў. Спектакль быў забаронены, каб схаваць відавочныя паралелі з савецкай палітыкай у тыя часы.

З пастаноўкай “Дзядоў” звязваюць пачатак сацыяльна-палітычных зменаў у краіне, якія ўрэшце прывялі да дэмантажу камуністычнай сістэмы. У такіх акалічнасцях спектаклю адразу быў наканаваны лёс гістарычнай падзеі, вяхі. Аднак відавочныя змены ў свядомасці людзей насталі толькі з выбарам Папам Рымскім паляка, што адбылося ў 1978 годзе і ўзняло дух супраціву ў польскім грамадстве. Можна сцвярджаць, што ніякай прычыннай узаемасувязі паміж пастаноўкай “Дзядоў” у 1968 годзе і пілігрымкамі Папы Рымскага на радзіму няма, але сімвалічнай сувязі тут адмаўляць нельга.

“Дзяды” абуджаюць нацыянальную ідэнтычнасць на падсвядомым узроўні. Такую ролю выконваюць сцэны вясковых абрадаў выклікання духаў у творы. Паводле абраду, які сягае каранямі яшчэ часоў паганства, адбывалася сімвалічнае спатканне жывых з душамі памерлых. Таму неабходна было годна ўшанаваць продкаў. Міцкевіч у паэме суадносіць розныя ўзроўні свядомасці народа, што праяўляецца ў захаванні традыцыі і народнай памяці, а таксама ў пакутах за Радзіму. Гэты драматызм выяўляюць сцэны з вязнямі. Нацыянальная свядомасць зводзіцца да агульных чалавечых паняткаў і рыс, такіх як сумленне, памяць, вера, патрыятызм. Менавіта таму ў пытанні захавання нацыянальнай свядомасці Міцкевічам пад небяспечную рысу падводзіцца ўсё, што выяўляе адметнасць і самабытнасць людзей. Падзелы Рэчы Паспалітай, палітычны ціск прымушалі людзей, ідучы на маральныя саступкі, урэшце адмовіцца ад сваёй сістэмы каштоўнасцяў. У гэтым ганебнасць любой акупацыі і прыгнёту.

Гледачы пасля спектакля дзяліліся ўражаннямі. Асабіста для мяне самай высокай ацэнкай мастацкага ўзроўню пастаноўкі сталі словы жанчыны, якая сказала, што згадала сваю бабулю. Сапраўды, у спектаклі ажываюць пракаветныя сюжэты абрадаў варажбы, выклікання духаў, з’яўлення гусляроў, жабракоў, таго, без чаго няма пераемнасці народнай традыцыі, захавання гістарычнай памяці.

Адначасова твор уяўляе сабой мартыралог змагароў за самастойнасць і незалежнасць Радзімы, адлічваючы пачатак супраціву культурнай і палітычнай экспансіі, якая пачалася з моманту падзелаў Рэчы Паспалітай.

Гэтымі акалічнасцямі твор сцвярджае сваю надзённасць для нацыі, якая страціла Радзіму. Спектакль пра тое, што было зусім ці амаль зусім зруйнавана: гістарычную памяць, нацыянальную годнасць. Па-рознаму можна ўспрымаць пасланне спектакля: альбо як напамін пра ўсё, што было страчана, альбо як надзею на адраджэнне сістэмы каштоўнасцяў у грамадстве. Спадзяюся, што нейкі сімвалічны адлік часу абуджэння грамадства ўсё ж пачаўся як вынік пастаноўкі “Дзядоў” Міцкевіча.

Ягор Сурскі